Кіраўнік Штаба Місіі назіральнікаў ад СНД наведаў Мінскую абласную выбарчую камісію

 

25 верасня 2019 года кіраўнік Штаба Місіі назіральнікаў ад СНД Віктар Гумінскі наведаў Мінскую абласную выбарчую камісію па выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь сёмага склікання. Ён азнаёміўся з працай камісіі па арганізацыі і правядзенні парламенцкіх выбараў.

Віктар Гумінскі распавёў, што ў адпаведнасці з запрашэннем Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Беларусь Місія па назіранні за выбарамі і правядзенні рэферэндумаў СНД атрымала запрашэнне для назірання за ходам падрыхтоўкі і правядзення выбараў у Палату прадстаўнікоў.

"Місія прыступіла да працы 4 верасня, калі кіраўніцтва Місіі сустрэлася са старшынёй Цэнтральнай выбарчай камісіі, дзе мы атрымалі акрэдытацыю і агаварылі пытанні нашай працы па правядзенні назірання за падрыхтоўкай і правядзеннем выбараў, - адзначыў Віктар Гумінскі. - Мы плануем, што ў складзе нашай місіі будзе больш за 400 чалавек. Плануем, што будзе каля 50 доўгатэрміновых назіральнікаў, ужо сёння акрэдытавана 45".

Таксама кіраўнік Штаба Місіі назіральнікаў ад СНД паведаміў, што ў складзе місіі будуць прадстаўнікі дзяржаў СНД, Міжпарламенцкай асамблеі краін Садружнасці, Парламенцкага сходу Саюза Беларусі і Расіі, Выканаўчага камітэта СНД.

"На першым этапе нам ужо ўдалося назіраць працэс фармавання Мінскай гарадской і абласной выбарчых камісій, 337 акруговых выбарчых камісій у Мінску і вобласці", - адзначыў Віктар Гумінскі.

У найбліжэйшы час прадстаўнікі Місіі плануюць выехаць ва ўсе вобласці для назірання за працэсам фарміравання ўчастковых выбарчых камісій, а таксама рэгістрацыі кандыдатаў у дэпутаты.

Чытаць 37 разоў

1