Мітынг-рэквіем «У славу агульнай перамогі» прайшоў у в.Брусы Мядзельскага раёна

Акцыя памяці была прысвечана ахвярам фашызму – мірным жыхарам вёскі Брусы Мядзельскага раёна Мінскай вобласці.

27 верасня 1943 года нямецка-фашысцкія захопнікі сагналі людзей у хлеў і падпалілі, у тых, хто спрабаваў бегчы стралялі і зноў кідалі ў агонь. Усяго загінуў 41 чалавек.

Старшыня Мядзельскага райвыканкама Анатоль Вайнілка, а таксама прадстаўнікі працоўных калектываў г. Мядзела, грамадскіх арганізацый, устаноў адукацыі ўсклалі вянкі да месца памяці і смутку.

"Сёння мы закладваем у капсулу зямлю з 20-ці воінскіх пахаванняў і магіл ахвяр фашызму, размешчаных на тэрыторыі Мядзельскага раёна, і тым самым далучаемся да акцыі памяці ў гонар агульнай перамогі, якая пройдзе ва ўсіх 118 раёнах Беларусі з мэтай захавання гістарычнай памяці ваенных дзеянняў Вялікай Айчыннай вайны, імёнаў яе ўдзельнікаў, якія змагаліся на беларускай зямлі і загінулі за яе свабоду".

Мядзельскі раён першым на Міншчыне прыняў удзел у акцыі. Глыбокі сэнс закладзены ў гэтым мерапрыемстве - захаваць памяць аб загінуўшых, стварыць адзінае месца пакланення іх сіле духу, мужнасці і гераізму.

Зараз стаіць задача сабраць зямлю ў капсулы з усіх воінскіх пахаванняў і мемарыялаў Беларусі. Пасля гэтага капсулы перададуць у Храм-помнік усіх святых у Мінску. Цырымонія закладкі капсул пройдзе 9 мая 2020 года.

Чытаць 25 разоў

1