Праз паўгода ў Кітаі з'явіцца пасёлак з дакладнай копіяй Нясвіжскага замка

Пасёлак з беларускім каларытам у Чунцын плануюць пабудаваць на працягу 6 месяцаў. Пра гэта распавёў Сакратар партыйнага камітэта КПК г-н Тан Чуань падчас сустрэчы з дэлегацыяй Мінскай вобласці, якая цяпер знаходзіцца з дзелавым візітам у Кітаі.

На рэалізацыю праекта плануецца патраціць каля 40 млн даляраў. Комплекс размесціцца на плошчы 240 га на тэрыторыі дзяржаўнага сельскагаспадарчага тэхнапарку.

- Гэта будзе пакуль адзіны турыстычны комплекс з беларускім каларытам, - кажа Тань Чуань. - Мы спадзяемся, што гэты сапраўды ўнікальны аб'ект стане пляцоўкай для размяшчэння, у тым ліку, беларускіх сельскагаспадарчых прадуктаў.

Прататыпамі забудовы і ландшафтных мадэляў пасёлка выступаюць архітэктурныя аб'екты Мінскай вобласці. Напрыклад, тут з'явіцца дакладная копія Нясвіжскага замка. Нядаўна кітайскія спецыялісты здзейснілі паездку ў Нясвіж, дзе дасканала вывучылі архітэктурныя асаблівасці замка.

Беларускі бок, у сваю чаргу, дапаможа замежным калегам з культурным напаўненнем аб'екта. Плануецца, што на тэрыторыі комплексу будзе размешчана вялікая сцэна, на якой будуць праходзіць канцэрты, у тым ліку і беларускіх калектываў. Таксама кітайскі бок запрасіў падключыцца да ўдзелу ў праекце мастацкага кіраўніка Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Рэспублікі Беларусь Валянціна Елізар'ева, які таксама працуе разам з дэлегацыяй Мінскай вобласці ў Чунцын.

- Нясвіж быў адным з родапачынальнікаў балетнай школы ў класічным разуменні гэтага слова. Тое, што прапануе кітайскі бок, гэта выдатна. І мы будзем рады сумеснаму творчаму супрацоўніцтву, - адзначыў Валянцін Елізар'еў.

Вядома, што копія Нясвіжскага замка зойме больш за 2,5 тысячы квадратных метраў.

- Урад горада Чунцын надае асаблівую ўвагу гэтаму праекту. Мы верым, што ён будзе карыстацца цікавасцю як ва ўнутраных, так і ў замежных турыстаў, і стане ўзорам супрацоўніцтва паміж Кітаем і Беларуссю, - сказаў куратар праекта Хэ Бо.

Даведачна

Пагадненне аб інвестыцыйным супрацоўніцтве ў рамках узвядзення пасёлка з беларускім каларытам у Чунцын прынята 1 жніўня гэтага года. Тады прадстаўнікі раёна Юйбэй г.Чунцын, дзе і размесціцца ўнікальны архітэктурны комплекс, наведвалі аб'екты Мінскай вобласці. Дамовай прадугледжана будаўніцтва двух унікальных пасёлкаў: кітайскага - у Мінскай вобласці, беларускага - у Чунцын.

Пасёлак на тэрыторыі Мінскай вобласці размесціцца на ўчастку плошчай каля 100 га. У забудове будуць выкарыстаны прататыпы дамоў культуры Чунцын і тыповых будынкаў усходняй частцы правінцыі Сычуань.

Турызм, гандаль і культурныя абмены - асноўныя функцыі новабудоўляў.

Чытаць 25 разоў

1