«Дажынкі»: погляд скрозь час. Электронная выстава «Свята ўраджаю»

Культура беларусаў цесна звязана з зямлёй. Многія святы, звычаі і традыцыі бяруць свой пачатак з падзей земляробчага календара. Дажынкі, мабыць, самы вядомы з такіх святаў, прысвечаны сабранаму ўраджаю, урадлівасці і сямейнаму дабрабыту. Да гэтага часу завяршаюцца палявыя работы: жніво, вываз хлеба, уборка лёну.

Свята ўраджаю - свята Дажынкі ў Беларусі заўсёды святкавалі вельмі ўрачыста з прыгожымі змястоўнымі абрадамі. Апошні сноп, складзены з зрэзаных усімі жняцамі каласоў, перавіты кветкамі ўрачыста прывозіўся ў паселішча або пакідаўся ў полі да наступнага жніва. Дажынкі суправаджаліся радаснымі песнямі і скокамі.

Пасля рэвалюцыі 1917 года і да Вялікай Айчыннай вайны звычаі зажынак і дажынак моцна не змяніліся. У 1960-1970 гадах актыўна ўкараняюцца сацыялістычныя абрады. Праводзіліся свята першага снапа і свята ўраджаю.

10 жніўня 1930 года ў Мінску адкрылася першая Усебеларуская сельскагаспадарчая і прамысловая выстава. Яна займала велізарную тэрыторыю - 75 гектараў і размяшчалася ў паўночна-ўсходняй частцы Мўнска, дзе праходзіў Барысаўскі тракт. Да гэтага часу ў савецкай Беларусі ўжо быў вопыт правядзення раённых сельхозвыставак, напрыклад, у Бабруйску і Барысаве.

Пачынаючы з 1996 года, дажынкі на Беларусі праводзіліся як Рэспубліканскі фестываль-кірмаш працаўнікоў вёскі і кожны год у розных гарадах - раённых цэнтрах краіны. А з 2014 года фестываль арганізуецца ў адным з раённых цэнтраў Беларусі кожнай вобласцю самастойна. Свята ўключае шэсце ўсіх удзельнікаў, спартыўныя мерапрыемствы, майстар-класы майстроў народнай творчасці, канцэртную праграму лепшых фальклорных калектываў.

«Дажынкі» — гэта не толькі галоўнае свята удзельнікаў уборачнай кампаніі, работнікаў аграпрамысловага комплексу. Гэта падзея аб'ядноўвае прадстаўнікоў усіх галін народнай гаспадаркі, даючы магчымасць кожнаму далучыцца да традыцыйных каштоўнасцяў беларускага народа, такіх як павага да чалавека працы і любоў да роднай зямлі.

12 кастрычніка 2019 г. у Барысаве адбудзецца абласное свята працаўнікоў вёскі «Дажынкі-2019». Да гэтай падзеі супрацоўнікі аддзела выкарыстання і публікацыі дакументаў Дзяржаўнага архіва Мінскай вобласці падрыхтавалі электронную выставу «Свята ўраджаю».

Чытаць 15 разоў

1