Як Барысаў падрыхтаваўся да абласных «Дажынак-2019»

Шматгадовая гісторыя горада на Бярэзіне папоўнілася яшчэ адной важнай падзеяй. Барысаў упершыню прыме ў сябе лепшых працаўнікоў вёскі з усёй Міншчыны. Будаўнікі пастараліся на славу, каб сталіца абласных «Дажынак-2019» папрыгажэла да свята.

За межамі нашай краіны Барысаў асацыюецца з футбольнай камандай БАТЭ і «Барысаў-Арэнай».

А яшчэ тут выпусцілі першы беларускі легкавы аўтамабіль, працуе адзін з найстарэйшых у краіне малочных заводаў, прадукцыю якога пад гандлёвай маркай «Здравушка» ведаюць у многіх кутках свету. Сюды варта прыехаць, каб палюбавацца прыгажосцю і непаўторнасцю мясцовай прыроды, убачыць Бярэзіну, знакамітую Шухоўскую вежу, дакрануцца да легенд старажытнага горада.

Адрамантаваны дзясяткі будынкаў, дарогі, тратуары. Добраўпарадкаваны вуліцы, цэнтральная плошча, Палац культуры. Прыемна прайсціся па горадзе і парадавацца пераменам.

Барысаў змяніўся не толькі таму, што рыхтаваўся да свята працаўнікоў вёскі, але і дзякуючы комплексным планам паскоранага развіцця Барысаўскага рэгіёну.

Вялікая праца пачалася ў гэтым годзе і працягнецца ў далейшым. Чакаецца рэалізацыя такіх важных для Барысава праектаў, як рэканструкцыя вуліцы Гагарына, будаўніцтва маставога пераходу праз Бярэзіну, будаўніцтва пуцеправода праз чыгунку, узвядзенне трэніровачнай лядовай арэны і іншых не менш значных аб'ектаў.

Ідзе праца па мадэрнізацыі сістэмы аховы здароўя. Адно з значных напрамкаў — арганізацыя паўднёва-тэрытарыяльнага цэнтра спецыялізаванай медыцынскай дапамогі.

У хуткім часе жыхары Барысаўскага і бліжэйшых раёнаў змогуць атрымаць у горадзе медыцынскую дапамогу не горш, чым у абласной клінічнай бальніцы. Закупляюцца медыцынскае абсталяванне, спецыяльны транспарт, ідзе рамонт памяшканняў. Новы кабінет магнітна-рэзананснай тамаграфіі працуе ў двухзменным рэжыме.

У цэнтральнай раённай бальніцы ўзвялі шматфункцыяльны корпус з сучасным абсталяваннем. Ёсць ангіёграф і кампутарны тамограф. Яшчэ адзін важны і неабходны праект для горада - дзіцячы шматпрофільны корпус, які пабудуюць на тэрыторыі бальніцы. Праект гатовы, камунікацыі падведзены.

Сур'ёзная рэканструкцыя спатрэбілася Палацу культуры імя Горкага, які з'яўляецца пляцоўкай для большасці культурных падзей райцэнтра. Ён стаў сучасным і зручным, створаны ўмовы і для людзей з абмежаванымі магчымасцямі. Пастаянную прапіску тут атрымаў буфет з маладзёжнай зонай.

Яшчэ адзін важны аб'ект - цэнтральная раённая бібліятэка ім. І. Х. Каладзеева. Маштабны рамонт стаў добрым падарункам да 100-гадовага юбілею. Яго бібліятэка адсвяткавала ў 2019 годзе. Цяпер тут светла і цёпла. Абноўлены таксама хол для выставачных праектаў. Зона «Арт-квартал» чакае новую экспазіцыю ў межах Тыдня Германіі. Бібліятэка - сацыякультурны цэнтр горада. У апошнія гады там створаны зала літаратуры на замежных мовах, сектар рэдкай кнігі і калекцыя аўтографаў. Сфарміраваны аддзел галерэйна-выставачнай дзейнасці, у складзе якога карцінная галерэя заслужанага дзеяча мастацтваў Беларусі Валерыя Шкаруба. Ёсць мастацкая галерэя «З'ява», музейна-выставачны комплекс «Партнёры. Сябры. Пабрацімы.» У бібліятэцы працуе мемарыяльна-выставачная зала І. Х. Каладзеева і гісторыі вайны 1812 года.

Добраўпарадкаванне і рамонтныя работы закранулі кожную школу, спартыўны аб'ект. Абноўлены фасады будынкаў, на прылеглых тэрыторыях з'явіліся арт-аб'екты і малыя архітэктурныя формы. Са святам супала яшчэ адна доўгачаканая падзея - адкрыццё сярэдняй школы №25 у новым мікрараёне горада, які хутка расце.

- Мы ўпершыню прымаем абласны фестываль-кірмаш працаўнікоў вёскі, - кажа старшыня Барысаўскага райвыканкама Генадзь Дэнгалёў. - З аднаго боку, гэта вельмі адказна, з другога - дае магчымасць комплексна падысці да вырашэння многіх праблемных пытанняў: добраўпарадкаваць горад, павысіць турыстычны патэнцыял раёна, умацаваць пазіцыі сельскагаспадарчай галіны. І мы максімальна эфектыўна выкарыстоўвалі гэтую магчымасць. Былі выдзелены сродкі з абласнога бюджэту. Сур'ёзную дапамогу аказалі мясцовыя прадпрыемствы і арганізацыі розных формаў уласнасці. Не засталіся ўбаку і жыхары, сканцэнтраваўшы намаганні на добраўпарадкаванні асабістых падворкаў. Такім чынам яны таксама ўнеслі ўклад у фарміраванне іміджу горада. Мы працавалі па ўсіх напрамках: займаліся інжынернымі сеткамі, добраўпарадкаваннем двароў і дарог, капітальным рамонтам жылога фонду, устаноў аховы здароўя, адукацыі, культуры, будаўніцтвам жылля. Працавалі на вынік, як і нашы аграрыі, якіх мы сёння ўшаноўваем.

Ад усёй душы жадаем тым, хто прысвяціў жыццё высакароднай і нялёгкай сялянскай працы, моцнага здароўя, дабрабыту і шчасця! Дзякуем ім за адданасць сваёй справе, за неацэнны ўклад ва ўмацаванне эканомікі раёна, вобласці і нашай дзяржавы.

Дадаткова

Барысаў -буйны прамысловы цэнтр Мінскай вобласці. Па колькасці насельніцтва раён займае 2-е месца на Міншчыне. Тут пражывае 180 тысяч чалавек. Рэгіён валодае значным індустрыяльным патэнцыялам, аснову якога складае прамысловасць. Паспяхова развіваецца прадпрымальніцтва, прыватны бізнес.

Чытаць 19 разоў

1