«Дажынкі» далі старт акцыі «Пасадзі дрэва: зрабі Міншчыну прыгажэй!»

Акцыя "Пасадзі дрэва: зрабі Міншчыну прыгажэй!" стартавала ў Мінскай вобласці 12 кастрычніка, у дзень абласнога свята "Дажынкі-2019". Гэтае мерапрыемства стала масавым, яно прайшло ў многіх установах адукацыі.

Аксана Савіцкая, прарэктар па метадычнай рабоце Мінскага абласнога інстытута развіцця адукацыі, якая курыруе выхаваўчую працу, распавяла:

- Ідэя правесці такую акцыю ўзнікла не выпадкова. На 12 кастрычніка ў нашай вобласці запланавалі вялікае свята хлебаробаў - "Дажынкі-2019". Увесь горад Барысаў рыхтаваўся да фестывалю, і Маладзёжнф парламент выступіў з ініцыятывай пасадзіць дрэвы ў Барысаве. Гэтую ініцыятыву падтрымалі ў галоўным упраўленні па адукацыі Мінаблвыканкама і прапанавалі яе распаўсюдзіць на ўсе рэгіёны Міншчыны. Ідэю з задавальненнем падхапілі ў іншых рэгіёнах.

Лясная гаспадарка Мінскай вобласці прадаставіла саджанцы. Больш за 25 тысяч маладых дрэўцаў і кустоў упрыгожылі Мінскую вобласць у рамках акцыі.

Да гэтай справы падключыліся педагогі, вучні і іх бацькі, бабулі, дзядулі.

Гэтая акцыя прадоўжыцца, да яе могуць далучыцца ўсе жадаючыя.

У Чэрвеньскім раёне, да прыкладу, у рамках акцыі вырашылі закласці дэндрапарк, гэтае мерапрыемства прымеркавалі да Дня маці. Першыя саджанцы пасадзяць маладыя мамы з дзецьмі. Такое цудоўнае сямейнае свята запомніцца надоўга і дзецям, і іх бацькам.

У Языльской сярэдняй школе, вядомай па ўнікальнаму спартыўнаму фестывалю «Языльская дзясятка», вырашылі высадзіць спартыўную алею.

- Выдатна, што ў акцыі прынялі ўдзел вучні разам з бацькамі, - выказала меркаванне Аксана Савіцкая, - такія сумесныя справы аб'ядноўваюць, дапамагаюць лепш разумець адзін аднаго.

Для ўсіх удзельнікаў акцыі пасадка дрэў і кустоў стала добрым укладам у жыццё малой радзімы, яе развіццё і росквіт.

- Я рада, што сёння з сяброўкамі пасадзіла дрэва, мы ведаем, што яно вырасце, будзе карысным для нашай экалогіі, упрыгожыць нашу зямлю, – распавяла 15-гадовая Аліна, удзельніца акцыі.

Так, унесці свой уклад у агульную добрую справу, можа кожны!

Чытаць 43 разоў

1