Амаль тры дзясяткі жыхароў Міншчыны звярнуліся на прамую лінію ў аблвыканкам

26 кастрычніка, у суботу, прайшла прамая тэлефонная лінія; без малога тры дзясяткі зваротаў прыняў намеснік старшыні Мінаблвыканкама Іван Маркевіч.

На гэты раз - тры звароты ад неабыякавых людзей, якіх хвалююць пытанні «грамадскія» (так назвала іх адна з заяўніц).

Жыхарку вёскі Ураджайная Мінскага раёна турбуе высечка дрэў і засмечанасць лесу на ўскраіне населенага пункта.

Жыхарка Дзяржынска занепакоеная станам «новага» возера.

- Зрабілі прыгожае возера, хмызнякі пасадзілі, - распавядала жанчына, - прыемна глянуць, дзякуй! Але знаходзяцца тыя, хто смеціць, псуе прыгажосць.

З клопатам аб пасажырах чыгуначнай станцыі «Беларусь» звярнуўся жыхар Заслаўя. Ён распавёў, што на гэтай станцыі штодзённы пасажырапаток - каля 2 тысяч чалавек, а пешаходны пераход размешчаны ў нязручным месцы, ды і навесы на пероне неабходна ўсталяваць для камфорту пасажыраў.

Гэтыя пытанні перададзены ў адпаведныя арганізацыі, да кампетэнцыі якіх адносіцца іх рашэнне.

Дапамогуць разабрацца з праблемамі і іншым заяўнікам. Да прыкладу, мінчанцы, якая мае дом у в. Міхалова, растлумачаць, як налічваецца аплата за электраэнергію, калі ў гэтым доме ніхто не жыве і не зарэгістраваны.

Спецыялісты разбяруцца, чаму ў 12-павярхоўцы па вул. Міру ў вёсцы Прылукі Мінскага раёна пасля падключэння ацяплення недастаткова гарачай стала вада: у шэсць гадзін раніцы яе даводзіцца зліваць.

Вывучаць пытанне профільныя спецыялісты і дадуць тлумачэнні маме, якая лічыць няправільным тое, што яе дзіцяці-інваліду знялі групу інваліднасці.

У вёсцы Зацітава Слабада Пухавіцкага раёна не хапае аўтобуснага прыпынку, пра гэта распавёў адзін з жыхароў.

Больш складана будзе разабрацца ў суседскай спрэчцы, якая ўзнікла у вёсцы Прылуцкая Слабада Мінскага раёна. Па словах заяўніцы, вада сцякае да яе ў агарод з-за канавы, якую выкапаў сусед.

На ўсе пытанні, якія прагучалі падчас суботняй тэлефоннай лініі, заяўнікі атрымаюць адказы. Людзям дапамогуць справіцца з іх праблемамі.

Чытаць 29 разоў

1