Мінская ЦРБ: маніторынг якасці абслугоўвання працягваецца

Увесь кастрычнік адміністрацыя Бараўлянскага сельвыканкама сумесна з кіраўніцтвам Мінскай цэнтральнай раённай бальніцы выяўляюць праблемныя пытанні, звязаныя з медабслугоўваннем у прысталічным рэгіёне. Галоўная мэта - не толькі пазначыць "болевыя кропкі", але і знайсці аптымальныя метады іх "лячэння".

Адно з набалелых пытанняў - недахоп талонаў да спецыялістаў на першасны прыём. Гэта, па словах шматлікіх заяўнікаў, тычыцца працы і дзіцячай, і дарослай рэгістратуры. Каб займець талон, на думку пацыентаў, неабходна займаць чаргу ледзь не ў пяць гадзін раніцы, задоўга да адкрыцця паліклінікі.

- Каб усталяваць, ці так гэта на самай справе, на працягу трох дзён вывучаем сітуацыю, адпраўляючы супрацоўніка выканкама на маніторынг, - распавядае старшыня Бараўлянскага сельвыканкама Жанна Варабей. - Для паўнаты карціны наведваем як дзіцячую, так і дарослае рэгістратуру.

Такім чынам, у пятніцу, 18 кастрычніка, у 7:30 каля акенца, дзе выдаюць талоны да лекараў агульнай практыкі чакаюць 28 дарослых пацыентаў. Калі ўлічыць, што ў першую змену з 8:00 заступаюць на дзяжурства тры лекары, а іх, пачынаючы з 11:00, зменяць яшчэ тры спецыялісты, то нават па сярэдніх нормах ўсе патэнцыйныя пацыенты, якія чакаюць у чарзе, патрапяць да доктара ў першай палове дня.

Яшчэ 30 чалавек - гэта чарга з ліку жадаючых пракансультавацца з педыятрам. Рэгістратура гатова выдаць не менш за 60 талонаў для першасных, паўторных або экстраных хворых.

Каля працэдурнага кабінета, які заўсёды загружаны з прычыны высокай наведвальнасці паліклінікі, наогул штыль - усяго шэсць чалавек.

Пятніца, вядома, не паказальны дзень. Самая высокая яўка прыпадае на панядзелак.

Што ж паказвае маніторынг "цяжкага дня"? У панядзелак, 21 кастрычніка, у тыя ж 7:30 у паліклініцы не так шматлюдна: 17 хворых дзяжураць каля дарослай рэгістратуры, 10 - каля акенца дзіцячай.

У аўторак, 22 кастрычніка, колькасць жадаючых трапіць да доктара павялічваецца. За час з 8:00 да 11:00 толькі ў дзіцячай рэгістратуры выдадзена больш за 70 талонаў. Тым, каму неабходны экстраны прыём, гарантуюць дапамогу, забяспечыўшы талонам без нумара.

- Калі ў дзіцяці тэмпература, востры жывот або рвота, нават талон без нумара і канкрэтнага часу наведвання дае права пазачарговага прыёму, - каментуе намесніца галоўнага лекара Вольга Баскакава. - Многія мамы пачынаюць нервавацца, не ведаючы, што могуць скарыстацца гэтым правам. Такая ж ільгота распаўсюджваецца і на дзяцей да года.

Чытаць 25 разоў

1