Прыём бізнес-дэлегацыі Чэшскай Рэспублікі адбыўся ў Мінаблвыканкаме

29 кастрычніка ў Мінскім аблвыканкаме адбылася сустрэча намесніка старшыні Мінскага аблвыканкама Мікалая Рагашчука з удзельнікамі бізнес-дэлегацыі з Чэхіі.

Узначаліў бізнес-дэлегацыю Марцін Тлапа, намеснік міністра замежных спраў Чэшскай Рэспублікі па вядзенні аддзела нееўрапейскіх краін, эканамічнага супрацоўніцтва і развіцця.

У інтэрв'ю журналістам Марцін Тлапа адзначыў важнасць візіту:

- Наша супрацоўніцтва з Беларуссю працякае інтэнсіўна, і ёсць перспектывы развіцця. Чакаем ад перамоў шмат новых праектаў і хочам іх рэалізаваць.

Узорам узаемавыгадных адносін назваў супрацоўніцтва Мінскай вобласці і Чэшскага краю Высочына ў сферы мадэрнізацыі эканомікі Мінскай вобласці, падрыхтоўкі і трэнінгу спецыялістаў з краю Высочына.

Намеснік старшыні Мінскага аблвыканкама Мікалай Рагашчук таксама звярнуў увагу на ўзаемавыгадныя адносіны з краем-пабрацімам Высочына. У жніўні прайшлі сумесныя мерапрыемствы для дзіцячых юнацкіх хакейных каманд, пастаянна абменьваюцца вопытам службы выратавання, МНС. Сёлета ў Чэхіі прайшоў бізнес-форум, у якім удзельнічалі прадстаўнікі Мінскай вобласці. Эканамічны і інвестыцыйны патэнцыял Міншчыны таксама быў прадстаўлены ў Брно падчас Дня Беларусі. Дзякуючы супрацоўніцтву Гандлёва-прамысловых палат Чэхіі і Беларусі, 29 кастрычніка прыехала дэлегацыя бізнесменаў з Чэхіі, якую ўзначаліў намеснік міністра замежных спраў Чэшскай Рэспублікі Марцін Тлапа.

- Мы спадзяемся на новыя дамоўленасці, кантракты, - адзначыў намеснік старшыні Мінаблвыканкама Мікалай Рагашчук. - За 8 месяцаў года экспарт тавараў у Чэхію склаў амаль 18 млн даляраў, тэмп росту - 180 працэнтаў. Рост экспарту значна апярэдзіў рост імпарту. Мінская вобласць пастаўляе ў Чэхію калійныя ўгнаенні «Беларуськалія», прадукцыю з алюмінія СЭЗ «Мінск» «Алюмінтэхна», а з Чэхіі пастаўляюцца кардон, папера, сістэмы кандыцыянавання.

На далейшым і прадуктыўным развіцці ўзаемавыгадных адносін акцэнтаваў увагу і Францішак Масапуст, старшыня Праўлення, Генеральны менеджар Гандлёва-прамысловай палаты па краінах СНД:

- Мы прыехалі ў Беларусь, каб знайсці патэнцыйных партнёраў, развіваць адносіны, якія доўжацца звыш 20 гадоў. Мы штогод прыязджаем у Мінск, наведваем рэгіёны, сустракаемся з прадпрымальнікамі ў пошуку магчымасцяў.

Удзельнікі цяперашняй паездкі ў Мінск – прадстаўнікі чэшскіх фірмаў, якія працуюць у галіне энергетыкі, будаўніцтва, стварэння інфраструктуры. Францішак Масапуст мэтай візіту назваў пошук партнёраў, з якімі можна зарабіць абодвум бакам.

Чытаць 46 разоў

1