Мемарыяльны комплекс «Курган Славы»

1 ліпеня 2004 года мемарыяльны комплекс «Курган Славы» зноў адкрыты пасля рэстаўрацыі. Для Беларусі, якая ў 2004 годзе адзначыла 60-гадовы юбілей вызвалення ад нямецка-фашысцкіх акупантаў, аднаўленне мемарыяла - падзея знакавая. Ва ўрачыстай цырымоніі адкрыцця прыняў удзел Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка.

У сваім выступленні кіраўнік дзяржавы падкрэсліў гістарычную значнасць стратэгічнай наступальнай аперацыі «Баграціён». Створаны курган (поўная назва - «Курган Славы Савецкай Арміі - вызваліцельніцы Беларусі») увекавечыў подзвіг вызваліцеляў Беларусі. У лёсе мемарыяла адлюстравалася гісторыя беларускага народа на рубяжы стагоддзяў. Адразу пасля распаду СССР савецкую спадчыну сталі не прызнаваць. У такім становішчы многія помнікі, уключаючы Курган Славы, прыйшлі ў запусценне. Сёння іншыя часы, і мемарыяльны комплекс аднавілі усім светам. Цяпер кожны беларус можа прывесці да помніка свайго сына, унука і расказаць пра подзвіг савецкага народа.

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падзякаваў усім, хто аднаўляў Курган Славы. У гэтай высакароднай справе, падкрэсліў беларускі лідэр, прымалі ўдзел дзяржава, прафсаюзы, моладзь, замежныя краіны. Аляксандр Лукашэнка выказаў шчырую падзяку архітэктарам, мастакам, будаўнікам, калектывам прадпрыемстваў, грамадскім аб'яднанням і асобным грамадзянам, якія ўнеслі ўклад у аднаўленне комплексу.

Будаўніцтва кургана пачалося 20 лістапада 1967 года. Разам з прафесійнымі будаўнікамі ў стварэнні помніка прымалі ўдзел тысячы жыхароў Мінска і Мінскай вобласці, вайскоўцы.

Урачыстае адкрыццё Кургана Славы адбылося ў 25-ю гадавіну вызвалення Беларусі - 5 ліпеня 1969 года. Помнік размешчаны ў Смалявіцкім раёне, на 25-м кіламетры аўтамагістралі Мінск-Масква. Вышыня - 35 метраў. На вяршыні ў цэнтры назіральнай пляцоўкі 4 абеліска ў форме штыкоў, якія сімвалізуюць 4 фронты, якія вызвалілі Беларусь ўлетку 1944 года, каменнае кальцо з выявамі партызан і розных родаў войскаў. Да назіральнай пляцоўкі вядуць 2 лесвіцы па 241 прыступкі кожная. На схіле знаходзіцца мемарыяльная пліта з надпісам: «У Кургане Славы жменя да жмені лягла зямля з гарадоў-Герояў і іншых месц жорсткіх баёў, з гарадоў і сёл, якія навек праславілі сябе ратнымі і працоўнымі подзвігамі дзеля свабоды і незалежнасці Савецкай Радзімы».