Ігар Яўсееў дыстанцыйна правёў прыём грамадзян

Як увесці дом у эксплуатацыю, чаму несправядліва размеркавалі кватэры і ці можна выйсці на пенсію датэрмінова? З гэтымі і іншымі пытаннямі звярнуліся жыхары Мінскай вобласці да Ігара Яўсеева. Памочнік Прэзідэнта - інспектар па Мінскай вобласці дыстанцыйна правёў асабісты прыём грамадзян. 

14-05-2020-7.jpg

Карына Уладзіміраўна з аграгарадка Лясны Мінскага раёна працуе ў шпіталі інвалідаў ВАВ ім. Машэрава і стаіць у чарзе на паляпшэнне жыллёвых умоў. У сярэдзіне красавіка супрацоўнікам медустановы вылучылі 6 кватэр. Але іх размеркавалі, на думку жанчыны, без чаргі і па незразумелым прынцыпе. Напрыклад, тым, хто не меў патрэбу ў кватэры наогул ці стаў на чаргу зусім нядаўна. Ігар Яўсееў паабяцаў асабіста разабрацца ў сітуацыі, запытаць у шпіталi афіцыйныя спісы чэргаў і ўсе неабходныя дакументы.

Жыхарка Мiнскага раёна Таццяна Аляксандраўна ўжо 4 гады разам са сваім грамадзянскім мужам спрабуе паэтапна ўвесці ў эксплуатацыю прыватны дом у вёсцы Старына. Участак для будаўніцтва яны купілі ў 2006 годзе. Дом пабудавалі, усе камунікацыі правялі, лічыльнікі ўстанавілі. А ў Каладзішчанскім сельсавеце сказалі, што дом яшчэ трэба дабудоўваць, і толькі потым уводзіць у эксплуатацыю. Ігар Яўсееў запэўніў, што звернецца ў Мінскі райвыканкам, даручыць спецыялістам разабрацца ў сітуацыі і прыняць правільнае рашэнне.

У 2018 годзе ў шматкватэрным доме салігорца Аляксандра Сяргеевіча правялі капітальны рамонт, а ў падвале ўсталявалі помпавае абсталяванне, ад працы якога ідзе шум і вібрацыя. Мужчына паскардзіўся ў санэпідстанцыю, якая забараніла працу помпаў. Але іх так ніхто і не адключыў. Жыхар Салігорска таксама звяртаўся ў мясцовы выканкам і пракуратуру. Пакуль нічога не мяняецца. Ігар Яўсееў адзначыў, што возьме пытанне пад асабісты кантроль.

Мікалай Віктаравіч з Бярэзінскага раёна 40 гадоў працаваў у школе выкладчыкам ваеннай падрыхтоўкі і фізкультуры. Зараз хоча пайсці на датэрміновую пенсію. Але яму адказалі, што стажу не хапае. Са сваім пытаннем вясковец звярнуўся да Ігара Яўсеева. Інспектар Мiнскай вобласці запэўніў Мікалая Віктаравіча, што вывучыць праблему і дасць адказ патэнцыйнаму пенсіянеру.

Жонка Аляксандра з Барысава дзяліла са сваёй сястрой дом. У 2018 годзе прыйшло вызначэнне суда аб падзеле будынка. Але Аляксандр з жонкай да гэтага часу не могуць увесці ў эксплуатацыю сваю частку дома. Памочнік Прэзідэнта паабяцаў барысаўчаніну ўдакладніць усе нюансы яго сітуацыі і асабіста ў ёй разабрацца.

Падводзячы вынікі дыстанцыйнага асабістага прыёму, Ігар Яўсееў адзначыў, што праблемы людзей стандартныя - дарогі, транспарт і камунальныя пытанні. І паабяцаў: дзе трэба - сам прыедзе на месца і разбярэцца.