Абласная акцыя «Мая Радзіма! Мая Беларусь!» завяршылася 8 жніўня ў Ракаве

Шматлікімі сцягамі, дзіцячымі забавамі, усмешкамі на тварах дарослых і, вядома ж, выдатнымі песнямі вядомых артыстаў краіны запомніўся сённяшні фэст у аграгарадку Ракаў. На Валожынскай зямлі, якая дала пачатак абласной маладзёжнай акцыі, і завяршылася кола канцэртных тураў, прысвечаных Году малой радзімы, піша газета «Працоўная слава».

Перад пачаткам канцэрту дзецям і дарослым было як добра пабавіць час: на плошчы Свабоды аграгарадка і бліжэйшых вуліцах разгарнуліся атракцыёны, гульнявыя пляцоўкі, выязныя гандлёвыя кропкі.

А фестываль пачаўся яркім флэшмобам, у якім паўдзельнічала самая актыўная моладзь Валожыншчыны.

…Ракаўскім ваколіцам дасталося многае: і выдатная прырода, і старажытныя гарадзішчы, і багатая спадчына продкаў. Аднак найперш гэта зямля славіцца працавітымі людзьмі, якія шчыра любяць сваю малую радзіму, нястомна ўмацоўваюць фундамент жыцця і, вядома ж, з радасцю сустракаюць гасцей. Гэта ў поўнай меры адчулі салісты арт-гурта “Беларусы”, якія першымі адрасавалі вядомыя песні нашым слаўным землякам.

Артыст беларускай эстрады Аляксей Хлястоў таксама сабраў хвалю апладысментаў. Прысутныя, добра знаёмыя з тэкстамі яго твораў, актыўна дапамагалі спеваку.

Святочную праграму працягнулі ўдзельнікі арт-гурта “Багач”. Гэты калектыў не толькі са сцэны парадаваў выканальніцкім майстэрствам: саліст спусціўся да гледачоў, каб разам з імі спець бессмяротную “Маруся раз, два, тры…”

Кацярына Лазука падарыла ракаўчанам і гасцям мерапрыемства сучасныя хіты, папулярныя ў маладзёжным асяроддзі.

А вось гурт “СССР” нагадаў пра бессмяротны подзвіг продкаў, дзякуючы каму мы сёння жывём у незалежнай Беларусі. Іх песні, напоўненыя любоўю да Радзімы і блізкіх людзей, знайшлі гарачы водгук у сэрцах гледачоў.

Канцэртную праграму закрываў маладзёжны гурт “PROвокация».

Адгучала музыка, акцыя завяршылася. Але ва ўсіх яе ўдзельнікаў засталіся выдатныя ўражанні і ўдзячнасць артыстам, якія падарылі творчасць роднаму краю і яго жыхарам.