Гуманітарная дзейнасць на Лагойшчыне накіравана на паляпшэнне жыцця насельніцтва

На сённяшні дзень у раёне падрыхтаваны да рэалізацыі 19 сацыяльных гуманітарных праектаў. Усе яны маюць розную тэматычную накіраванасць, але ўсе важныя, цікавыя і неабходныя, піша газета "Родны край".

hands.jpg

Так, да прыкладу, Лагойская ЦРБ падрыхтавала да рэалізацыі і шукае донараў для праекта "Новы ўзровень", якi накіраваны на павышэнне даступнасці аказання высокатэхналагічнай медыцынскай дапамогі ў галіне малаінвазіўнай хірургіі. Апаратура, якую плануюць набыць у рамках рэалізацыі праекта, дапаможа медыкам забяспечыць хуткае аднаўленне пацыентаў у пасляаперацыйным перыядзе, зніжэнне траўматызму і захаванне рэпрадуктыўнага патэнцыялу пры хірургічным умяшанні. Аб'ём фінансавання праекта – 700 тысяч даляраў ЗША.

З мэтай забеспячэння бяспекі пры пераходзе аўтадарог слабавідушчых грамадзян Упраўленне архітэктуры рэалізуе праект "Гукавыя пешаходныя пераходы".

У суму 8 тысяч даляраў ацэнена рэалізацыя праекта "Аскепкі габрэйскай памяці", якi накіраваны на ўвекавечанне і папулярызацыю месца масавага расстрэлу габрэяў на Лагойшчыне, наладжванне і ўмацаванне супрацоўніцтва з пасольствам Ізраіля ў Беларусі.

З усімі праектамі можна азнаёміцца на сайце Лагойскага райвыканкама, а таксама ва ўпраўленні па працы, занятасці і сацыяльнай абароне.