На ўчастак – за пазітывам

За першыя два дні датэрміновага галасавання на Гарэніцкі выбарчы ўчастак №20 выканаць свой канстытуцыйны абавязак і аддаць голас за кандыдата ў Прэзідэнты Рэспублікі Беларусь прыйшло каля 20 чалавек ці амаль 10 працэнтаў ад агульнай колькасці выбаршчыкаў, якіх тут налічваецца 215, піша газета "Бярэзінская панарама".

IMG_0105.jpg

— Большасць нашых выбаршчыкаў, — адзначае старшыня камісіі Ала Петруковіч, — традыцыйна прыходзіць на ўчастак непасрэдна ў асноўны дзень галасавання. Чаму? Людзі ведаюць, што ў нас у нядзелю заўсёды багатая культурная праграма з канцэртам, выставай-продажам, майстар-класам, забавамі, у ліку якіх сёлета будзе прэзентацыя абраду “Ваджэнне куста”.

Але ўжо і сёння частка мерапрыемстваў і экспанатаў даступна гасцям участка. Так, пры жаданні тут можна паспрабаваць стварыць сваё “дрэва роду”, пазнаёміцца з узорамі дэкаратыўна-прыкладной творчасці, акунуцца ў гістарычную даўніну і не толькі паглядзець на фотаздымкі аднавяскоўцаў – удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны, а і пазнаёміцца з іх жыццёвым шляхам, занатаванымі школьнікамі ўспамінамі ветэранаў, якія беражліва захоўваюцца ў школе. Цікавых экспанатаў і інфармацыі, пазітыву і насычанага вольнага часу хопіць усім, абяцаюць члены ўчастковай камісіі.