На выбарчы ўчастак - з пачуццём патрыятызму

Ветэран Вялікай Айчыннай вайны Ганна Клімаш заўсёды адной з першых галасуе на Камінтэрнаўскім участку для галасавання № 2. Лічыць гэта не нечым асаблівым, а сваім грамадзянскім абавязкам, які неабходна выканаць няспешна і разважліва, з пачуццём патрыятызму, піша газета "Прамень".

2.jpg

Свой голас шаноўная Ганна Андрэеўна нязменна аддае за мір на зямлі, за росквіт роднай Беларусі. Каму, як не ёй, ведаць сапраўдную цану кожнаму мірнаму дню?.. У гады вайны жанчыне прыйшлося змагацца з ворагам у партызанскім атрадзе, цярпець страх і голад, перажыць страту баявых таварышаў… Яна марыла стаць актрысай, але лёс распарадзіўся па-іншаму: пасля вайны Ганна Андрэеўна стала медыцынскай сястрой.

На выбарчым участку ветэрана Вялікай Айчыннай вайны павіншавала старшыня камісіі Людміла Стонька, уручыла ёй памятныя падарункі і сертыфікат на праходжанне фізіяпрацэдур у Стаўбцоўскай ЦРБ.

За многія дзесяцігоддзі мірнага жыцця наша краіна адрадзілася і стала сучаснай еўрапейскай краінай. “Давайце будзем берагчы тое, што маем!“, — заклікае ветэран вайны.