Праект па працы з цяжкімі падлеткамі стартуе на Бярэзіншчыне

Праект па працы з цяжкімі падлеткамі "ШТУРМ" стартуе на Бярэзіншчыне, паведамляе МЛЫН.ВУ.

youth.jpg

Па словах загадчыцы аддзела маркетынгу Бярэзінскай раённай бібліятэкі Тамары Круталевiч, дадзены праект разлічаны на вучнёўскую моладзь і дзяцей, якія стаяць на розных прафілактычных формах уліку.

"ШТУРМ" - гэта "Школа творчага ўдасканалення і рэалізацыі моладзі". Тут рабятам дапамогуць знайсці сваю дарогу ў жыцці, рэалізавацца ў творчасці і спорце. Тамара Круталевіч упэўнена, калі рабят захапіць, зацікавіць чымсьці, ёсць шанец, што яны зменяцца і будуць зняты з уліку.

Плануецца, што ў рамках праекта падапечныя, а іх усяго 22, наведаюць прыход храма Свяціцеля Мікалая Цудатворца, дзе пагутараць з прадстаўнікамі духавенства. Запланаваны сустрэчы з выдатнымі спартсменамі, артыстамі, народнымі майстрамі, маладымі спецыялістамі. І, магчыма, наведванне Бабруйскай выхаваўчай калоніі № 2 для непаўналетніх

Праект разлічаны да 2021 года. Дапамогу ў яго рэалізацыі аказваюць інспекцыя па справах непаўналетніх Бярэзінскага РАУС, Цэнтр рамёстваў, Бярэзінская дзіцячая школа мастацтваў і інш.