Вірусалагічную лабараторыю для выяўлення COVID-19 адкрылі ў Салігорску

З мэтай апрацоўкі ўзятых у людзей спроб і выяўлення інфіцыраваных каранавірусам COVID-19 у Салігорскім занальным цэнтры гігіены і эпідэміялогіі адкрылі вірусалагічную лабараторыю, паведамляе МЛЫН.ВУ.

14-05-2020-6.jpg

Адзначым, пробы таксама будуць паступаць з суседніх раёнаў.

Як адзначыла галоўны санітарны ўрач Салігорскага раёна Ірына Леўшына, лабараторыя ў цэнтры існуе не адзін год і там займаліся бактэрыялагічнымі і іншымі даследаваннямі. А для працы з вірусамі яе прыйшлося сур'ёзна дааснасціць.

У набыцці спецыяльнага абсталявання дапамог старшыня Прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Аляксандр Кільчэўскі. Акрамя таго, дапамогу аказалі Інстытут фізіялогіі НАН Беларусі, Інстытут мікрабіялогіі і Навукова-практычны цэнтр НАН Беларусі па земляробстве. Наладзіць усё дапамагла загадчыца аддзела біяхіміі і біятэхналогіі апошняга прадпрыемства Алена Доўгава.

Таксама Ірына Леўшына адзначыла, што сваіх лекараў Вольгу Трухан і Анастасію Акуліч загадзя паслалі прайсці навучанне ў вірусалагічнай лабараторыі Мінскага абласнога цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя.

Дарэчы, ужо атрыманы дазвол за подпісам галоўнага дзяржаўнага санітарнага ўрача Беларусі Наталлі Жукавай на працу з патагенамі трэцяй групы небяспекі. Лабараторыя ўжо прыступіла да кругласутачнага рэжыму працы - дзве змены па 12 гадзін.