Выбарчы ўчастак наведалі інваліды-калясачнікі

Інваліды-калясачнікі браты Сяргей і Арцём Яхімовічы 4 жніўня прынялі ўдзел у датэрміновым галасаванні на выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Для таго, каб прыехаць на ўчастак для галасавання №10, які знаходзіцца ў ДУА «Сярэдняя школа № 20 г. Барысава», скарысталіся паслугай па суправаджэнню інвалідаў, якую прадастаўляюць аддзялення дзённага знаходжання і суправаджальнага пражывання ДУ «ТЦСАН Барысаўскага раёна», піша газета «Адзінства».

invalidy.jpg

— Сёння спецыялісты нашага цэнтра дапамагаюць інвалідам па зроку, па слыху, інвалідам-калясачнікам наведаць выбарчыя ўчасткі, каб яны змаглі прыняць удзел у датэрміновым галасаванні, — распавяла дырэктар Вольга Капыток. — Безумоўна, яны могуць прагаласаваць і ў нядзелю — на хаце. Але многія з іх выказалі жаданне зрабіць гэта датэрмінова. Бо дзякуючы цэнтру людзі з дадатковымі патрэбамі могуць патрапіць на ўчасткі (забяспечваем транспартам, суправаджаючым) і атрымаць пісьменную дапамогу прафесіяналаў, напрыклад, перакладчыка мовы жэстаў.

— Для мяне гэта важна яшчэ па дзвюх прычынах, — дапоўніў Сяргей Яхімовіч, калі ён і Арцём пакінулі ўчастак. — 9 жніўня тут будзе шматлюдна, што для нас з братам не зусім зручна. Акрамя таго, хацелася адчуць святочную атмасферу, што, уласна, і атрымалася. На ўчастку да нас заўсёды ставяцца вельмі добразычліва (удзельнічаем у выбарах не першы раз). Гэта прыемныя зносіны, якія мы цэнім.

Па словах Вольгі Капыток, заўсёды ўдзячныя за падобную паслугу і бацькі выхаванцаў цэнтра: ім самім арганізаваць такі выезд не заўсёды проста.