Гісторыка-культурны комплекс «Лінія Сталіна»

Линия Сталина.jpg

Гістарычная “Лінія Сталіна” была пабудавана ў 1930-я гады, складала 21 умацраён, больш за 4 тысячы дотаў, як правіла, жалезабетонных, якія дзяліліся на кулямётныя (бронявежныя, бронякаўпакі, камандна-назіральныя пункты) і артылерыйскія (паўкапанір на дзве 76-мм гарматы і капаніры на 4 гарматы). Кругавое назіранне ажыццяўлялася з дапамогай перыскопа, тэлефонная сувязь падтрымлівалася па падземных кабелях і радыёстанцыяй. Амбразуры станковых кулямётаў былі абсталяваны прыстасаваннямі для герметызацыі. Дадатковую абарону ад атрутных рэчываў і парахавых газаў павінна была забяспечваць фільтравентыляцыйная сістэма. У дотах меліся камплекты запасных частак, інструменты, запасы вады, прадуктаў харчавання.

Пасля далучэння ў 1939-1940 гадах да СССР шэрагу тэрыторый, у тым ліку і Заходняй Беларусі, калі мяжа адсунулася на захад на 350-400 км, неабходнасць у “Лініі Сталіна” адпала. Ўзбраенне, аптычныя прыборы, электратэхнічнае абсталяванне з дотаў знялі, частка боепрыпасаў вывезлі. На новай мяжы СССР пачалося будаўніцтва новага комплексу ўмацаванняў, які атрымаў назву “Лініі Молатава”. Але пабудаваць яе не паспелі. Лічылася, што раззброенная “Лінія Сталіна”, за выключэннем некалькіх дотаў, не згуляла адмысловай ролі ў тыя страшныя першыя дні Вялікай Айчыннай вайны.

линия сталина 2.jpg

На тэрыторыі Беларусі было чатыры ўмацаваныя раёны: Полацкі, Мазырскі, Слуцкі і самы магутны, працягласцю 140 км – Мінскі. Толькі тут немцы страцілі каля 10 тысяч салдат і больш за сотню танкаў. Каля 80 дотаў, пабудаваных побач з Заслаўем, трымалі пад абстрэлам дарогу на беларускую сталіцу. Немцы захапілі Заслаўе, адкуль ужо было рукой падаць да Мінска. Менавіта абапіраючыся на падтрымку дотаў, чырвонаармейцы выбілі іх з Заслаўя і ўтрымлівалі гэты стратэгічны гарадок больш двух дзён. Яшчэ даўжэй трымалі нямецкую групу армій Гота, надыходзячую на Мінск з-пад Вільнюса, у складзе якой было каля тысячы танкаў, доты, пабудаваныя паблізу Радашковічаў.

Асобныя доты працягвалі весці бой ад двух да чатырох дзён, а ў шэрагу раёнаў, скоўваючы сілы ворага, пратрымаліся больш за тыдзень. Мазырскі умацраён і некаторыя яго доты трымаліся аж да жніўня 1941 года. Немцы расстрэльвалі іх з артылерыйскіх гармат, спрабавалі дастаць агнямёты, труцілі газамі... Але нават пасля гэтага доты “Лініі Сталіна” працягвалі змагацца. У іх спыняліся беларускія партызаны, часам яны там трымалі бой. У 1942 году немцы сталі падрываць гэтыя будынкі. Ацалелі толькі тыя, што знаходзіліся паблізу нямецкіх гарнізонаў.

линия сталина 3.jpg

Сёння, пасля больш чым 60 гадоў забыцця, “Лінія Сталіна” зноў набыла сваё імя, узрасла цікавасць да яе абаронцаў. Гісторыка-культурны комплекс «Лінія Сталіна» створаны менш як за паўгода ў рамках выканання Указаў Прэзідэнта аб захаванні гістарычнай спадчыны беларускага народа, звязанага з абаронай Радзімы ў гады Вялікай Айчыннай вайны.

линия сталина 4.jpg

30 чэрвеня 2005 года адбылося ўрачыстае адкрыццё гісторыка-культурнага комплексу “Лінія Сталіна” з удзелам Прэзідэнта краіны Аляксандра Лукашэнкі. Мерапрыемства прайшло ў рамках святкавання 60-годдзя Вялікай Перамогі, Дня незалежнасці Беларусі і чарговай даты вызвалення рэспублікі ад гітлераўскіх захопнікаў. Комплекс размешчаны на 28-м кіламетры аўтамабільнай дарогі Мінск – Маладзечна. Мемарыял прысвечаны гераічнай абароне беларускай зямлі ад нямецка-фашысцкіх акупантаў. У 30-я гады мінулага стагоддзя недалёка ад горада Заслаўя размяшчаўся штаб мінскага ўмацаванага раёна, які ўваходзіў у “Лінію Сталіна”. На плошчы каля 40 гектараў атрымалася аднавіць месцы агнявых бітваў: ўзноўлена франтавая пераправа, абсталяваны артылерыйскія батарэі, за шклом у дотах ўстаноўлены манекены узброеных байцоў у форме чырвонаармейцаў 1930-40-х гадоў. На адкрыцці быў адноўлены памятны бой савецкіх салдат з фашыстамі ў чэрвені 1941 года. Удзельнікамі тэатралізаванага прадстаўлення сталі больш за 3 тыс. чалавек - гэта ветэраны Вялікай Айчыннай вайны, прадстаўнікі моладзевых арганізацый.