Выездное заседание Миноблисполкома состоялось в Вилейском районе

Павышэнне прывабнасці Беларусі і стварэнне належных умоў для жыцця грамадзян застаюцца прыярытэтнымі пытаннямі на працягу шэрагу год. Ужо рэалізавана некалькі значных дзяржаўных праграм — па ўвядзенню сацыяльных стандартаў, па добраўпарадкаванню дарог, будаўніцтву жылля на вёсцы, развіццю аграгарадкоў, сёлета выконваецца праграма па рэканструкцыі і будаўніцтву жывёлагадоўчых ферм. Як зазначыў старшыня Мінскага абласнога камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Леанід Шахлевіч, вядуцца работы і па іншых напрамках — выяўляюцца патэнцыяльна ўрадлівыя землі сельскагаспадарчага прызначэння, зносяцца старыя, непрыдатныя для выкарыстання дамы і вытворчыя аб’екты. Для правядзення добраўпарадкавання пры сельвыканкамах ствараюцца камунальныя прадпрыемствы і мабільныя механізаваныя брыгады. 

Аднак вострых праблем шмат. Застаецца вялікай колькасць зваротаў грамадзян наконт стану вясковых могілак, палігонаў для бытавых адходаў, дарог, аховы навакольнага асяроддзя, будаўніцтва новых прадпрыемстваў. Даводзіцца канстатаваць, што падчас работ па добраўпарадкаванню ўвага перш-наперш удзяляецца гарадам, і калі-нікалі — ва ўрон вёскам. У некаторых месцах масавага адпачынку адчуваецца недахоп кантэйнераў для смецця, узнікаюць пытанні з вывазам і перапрацоўкай таго ж смецця, падтрыманнем у чысціні тэрыторый каля аўтадарог і чыгункі, існуюць рэзервы для развіцця прыдарожнага сэрвісу. Вобласць мае шэраг гаспадарчых аб’ектаў, дзе працяглы час адсутнічае элементарны парадак, пры гэтым, як адзначыў памочнік Прэзідэнта — галоўны інспектар па Мінскай вобласці Мікалай Іванчанка, неабходна стварыць своеасаблівы банк даных такіх аб’ектаў. 

Па-ранейшаму не вырашана задача абмежавання папуляцыі баршчэўніку. У некаторых раёнах створаны спецыялізаваныя брыгады па знішчэнню гэтай небяспечнай для здароўя людзей расліны, аднак агульная плошча распаўсюджвання баршчэўніку працягвае пашырацца. Асобная гаворка аб кар’ерах. Паводле слоў начальніка землеўпарадкавальнай службы Мінскага аблвыканкама Генадзя Пліскоўскага, работа па рэкультывацыі кар’ераў, якія ўжо 
выведзены з выкарыстання, вядзецца. Аднак недастаткова. Да таго ж да праблемы трэба падыходзіць і з іншага боку.

— Цяпер ідзе разгляд праекта Кодэкса “Аб нетрах”, ёсць прапанова ўстанавіць норму, якая дазваляе здабычу гравію і пяску з глыбіні не да 2-х, а да 5 метраў, — паведаміў старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Уладзімір Андрэйчанка. — Такім чынам, кар’еры будуць распрацоўвацца больш працяглы час, а гэта прывядзе да змяншэння іх колькасці. Дарэчы, па стану на пачатак ліпеня, на тэрыторыі Міншчыны распрацоўвалася 95 прамысловых і 319 унутрыгаспадарчых кар’ераў. 

У развіццё інфраструктуры населеных пунктаў укладваюцца значныя сродкі. Аднак па выніках рэспубліканскага агляду санітарнага стану і добра­ўпарадкавання за апошнія два гады ў ліку пераможцаў з гарадоў Міншчыны былі толькі два — Мар’іна Горка і Маладзечна. Гэта самы нізкі паказчык сярод усіх абласцей краіны. Таму ўзнікаюць пытанні да праекціроўшчыкаў і дызайнераў. Як падкрэсліў Барыс Батура, кожны горад і вёска цэнтральнага рэгіёна павінны мець уласнае адметнае аблічча. Прычым толькі стварэннем “альпійскіх горак” дасягнуць такой мэты сёння ўжо немагчыма. 

— Неабходна займацца прыцягненнем да абслугоўвання жыллёвага фонду і да добраўпарадкавання альтэрнатыўных арганізацый, — акцэнтаваў увагу губернатар. — Аднак яшчэ больш важна, каб у рабоце па добраўпарадкаванню актыўна ўдзельнічалі органы мясцовага самакіравання, працоўныя калектывы, навучальныя ўстановы, прадпрымальнікі, насельніцтва. Кожны павінен належным чынам даглядаць свой дом, вуліцу, дачны ўчастак. І гэтая задача агульная для ўсіх — ад дашкольнікаў да пенсіянераў. 

Адначасова будуць выкарыстаны дадатковыя стымулы для правядзення добраўпарадкавання ў раёнах. У прыватнасці, адным з такіх стымулаў стане аднаўленне абласнога свята “Дажынкі”. Апроч таго, Барыс Батура выступіў з ініцыятывай абвясціць наступны 2013 год у Мінскай вобласці Годам навядзення парадку і добраўпарадкавання. І гэта не выпадкова: у 2014 годзе ў Беларусі пройдзе чэмпіянат свету па хакею, прычым абсалютная большасць гасцей хакейнага форуму будзе знаходзіцца менавіта ў сталіцы і на Міншчыне. 

Галерея изображений