“Матулін скарб” Валожына

Лідзія Канстанцінаўна нарадзілася ў вёсачцы Андрашоўшчына Лідскага раёна Гродзенскай вобласці. Амаль у кожнай хаце ў Андрашоўшчыне ў сямідзясятыя гады стаялі кросны, што, наогул, у гэты час з’яўлялася з’явай рэдкай. Жанчыны стваралі на іх незвычайнай прыгажосці посцілкі, якія ў іх мясцовасці называлі дыванамі. Працавалі ў тэхніцы аднабаковага ткацтва, асновы для вырабаў куплялі. Марыя Мякіш слыла знатнай майстрыхай. Непісьменная жанчына ўмела падабраць такія ўзоры, што загледзішся. Яе вырабы вельмі акуратныя, вытанчаныя, радкі чаргуюцца вясёлкавымі колерамі. На пасаг дочкам ткала па два аднолькавыя экзэмпляры. Лідзія Канстанцінаўна памятае: маці старалася ўсё, што магла, рабіць сваімі рукамі. Вышывала ручнікі, сурвэткі, вязала карункі, ткала ходнікі (дарожкі), з горшых нітак – посцілкі, каб насіць салому ды сена. Ад матулі дочкі навучыліся добра вышываць, а вось тэхніку ткацтва не перанялі.

Брат і сястра Лідзіі Белячэўскай асталяваліся ў Лідзе. А сама яна пасля заканчэння педінстытута па размеркаванні трапіла на Валожыншчыну. Першым месцам працы стала школа ў вёсцы Гіравічы, пасля быў Новы Двор. Адна за адной вышэйназваныя ўстановы адукацыі закрыліся. У выніку, перабралася ў Пугачы, дзе і засталася.

Скарб, што пакінула матуля, жанчына беражліва захоўвае. Усе рэчы ляжаць, раскладзеныя па некалішніх палатняных мяхах. Абавязкова выкарыстоўвае сродкі ад молі, кожнае лета прасушвае. Гэта спадчына непарыўнай нітачкай звязвае яе з мінулым, з людзьмі, што пайшлі з жыцця. З задавальненнем Лідзія Канстанцінаўна прадастаўляе вырабы на розныя выставы і фэсты, дзе іх з захапленем разглядаюць шматлікія наведвальнікі.

Галерея изображений