ХVІІ абласное свята-конкурс майстроў драўлянай манументальнай скульптуры “Сонечная цеплыня дрэва”

Апрацоўка драўніны – адно з самых старажытных рамёстваў, беларускія разьбяры здаўна славіліся сваім талентам далёка за межамі краіны.

Абласное свята-конкурс драўлянай манументальнай скульптуры “Сонечная цеплыня дрэва” праводзіцца штогод з 2002 года і вандруе па рэгіёнах Міншчыны.  За 16 гадоў правядзення свята-конкурс адбылося ў Смалявіцкім, Крупскім, Валожынскім, Старадарожскім, Вілейскім, Барысаўскім, Маладзечанскім, Стаўбцоўскім, Слуцкім, Мінскім, Мядзельскім і Клецкім раёнах. У 2018 годзе ХVІІ свята-конкурс майстроў драўлянай манументальнай скульптуры “Сонечнае цеплыня дрэва” прымае горад Любань.

Усяго ў свяце ўдзельнічаюць 12 майстроў з г. Мінска, Мінскай і Гомельскай абласцей. Кожны майстар на працягу дзесяці дзён вырабляе сваю драўляную скульптуру, выкарыстоўваючы розныя віды і тэхналагічныя прыёмы мастацкай апрацоўкі драўніны. Тэматыка сёлетняга свята па жаданні арганізатараў даволі шырокая – ад вобразаў мясцовых казак да партрэтаў славутых землякоў Любанскага краю.

Пасля правядзення свята-конкурсу драўляныя скульптуры ўпрыгожаць г. Любань.

Арганізатарамі свята-конкурсу з’яўляюцца галоўнае ўпраўленне ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Мінскага аблвыканкама, дзяржаўная ўстанова “Мінскі абласны цэнтр народнай творчасці” і аддзел  ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Любанскага райвыканкама.

Галерея изображений