I Белорусско-литовский форум регионального сотрудничества

Беларускую дэлегацыю ўзначальваў міністр эканомікі Рэспублікі Беларусь Мікалай Снапкоў. Літоўскую — мэр Друскінінкая Рычардас Малінаўскас і кіраўнік групы кампаніі Biovela Віргініюс Кантаўскас.

На пленарным пасяджэнні ў маладзечанскім Палацы культуры абмяркоўваліся пытанні супрацоўніцтва двух рэгіёнаў у прамысловасці, сельскай гаспадарцы і ЖКГ, у сферы турызму, гасцінічнага бізнесу і іншых галінах эканомікі.

«Сёння на Беларуска-Літоўскім форуме рэгіянальнага супрацоўніцтва прысутнічаюць прадстаўнікі амаль усіх раёнаў Літвы. І я спадзяюся, што ён стане новым этапам эканамічнага дыялога паміж краінамі», — зазначыў у час свайго выступлення на форуме Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Беларусь у Літоўскай Рэспубліцы і Фінляндскай Рэспубліцы Уладзімір Дражын.

За 2011 год узаемны тавараабарот паміж краінамі склаў 1 мільярд 160 мільёнаў долараў. (Для параўнання: у 2005 годзе — каля 570 мільёнаў). З Літвы ў Беларусь паступіла 114,5 мільёна долараў інвестыцый, і прыкладна столькі ж інвесціраваў беларускі бок у эканоміку Літвы. «Можна сказаць, што інтэграцыя эканомік ідзе, — зазначыў Уладзімір Дражын. — І ў гэтым вялікую ролю адыгрываюць міжрэгіянальныя адносіны».

Напрамкаў развіцця супрацоўніцтва шмат. Гэта праекты ў сферы машынабудавання, аграпрамысловага комплексу, нерухомасці, прыдарожнага сэрвісу, гасцінічнага бізнесу, турызму. Адкрыта для інвестараў і Міншчына. На тэрыторыі вобласці зарэгістравана 85 арганізацый з удзелам літоўскіх інвестыцый. Па колькасці створаных прадпрыемстваў з удзелам замежнага капіталу Літва займае другое месца пасля Расійскай Федэрацыі.

Спецыялізаванае прадпрыемства «Крупіца» рэалізоўвае праект «Арганізацыя вытворчасці па перапрацоўцы насення рапсу» ў Нясвіжскім раёне, з удзелам Вакару Мядзенас Груп увасабляюцца ў жыццё інвестыцыйныя праекты мадэрнізацыі і развіцця прадпрыемстваў па нарыхтоўцы лесу і вытворчасці трэсак на тэрыторыі Смалявіцкага раёна. Транспартна-лагістычны цэнтр «БелВінгесЛагістык» будуецца ў Валожынскім раёне, а кампанія «ЭвДзіВіАй» заключыла інвестыцыйны дагавор з Мінскім аблвыканкамам на будаўніцтва лагістычнага цэнтра на тэрыторыі Мінскага раёна ля пасёлка Прывольны.

Укладваць грошы ў адкрыццё інавацыйнай вытворчасці ў Беларусі запрасіў літоўскіх інвестараў міністр эканомікі Мікалай Снапкоў. Паводле яго слоў, доля інавацыйнай прадукцыі ў агульным аб’ёме прамысловай вытворчасці ў Беларусі да канца года павінна павялічыцца да 21%. Высокатэхналагічныя тавары ў экспарце будуць займаць да 14%. З гэтай мэтай у Беларусі праводзіцца тэхналагічная мадэрнізацыя галін традыцыйнага сектара эканомікі. Ствараюцца высокатэхналагічныя сферы: нанаэлектроніка, высокадакладная оптыка, тонкая хімія і біятэхналогіі.

Пасля развалу Савецкага Саюза наша краіна змагла захаваць базу для інавацыйнага развіцця. Выступленні беларускіх вучоных па актуальных навуковых напрамках маюць міжнародны імідж, а ў навуковай сферы занята звыш 30 тысяч чалавек. «Навука будзе развівацца і надалей, — зазначыў Мікалай Снапкоў. — Для гэтага прымаюцца ўсе неабходныя меры».

Дзякуючы стварэнню Парку высокіх тэхналогій будзе развівацца і ІТ-індустрыя. Ужо сёння ў рэспубліцы налічваецца 109 ІТ-кампаній, у якіх працуюць больш за 12 тысяч інжынераў-праграмістаў. І ў той жа час узмацняюцца падыходы да дзяржаўнай падтрымкі ПВТ. «Мяркуем, што павялічым яго аб’ёмы ў сярэднетэрміновай перспектыве не менш чым у тры разы», — сказаў міністр эканомікі.

Сур'ёзным драйверам сучасных тэхналогій закліканы садзейнічаць Кітайска-Беларускі індустрыяльны парк, што размесціцца на тэрыторыі Мінскай вобласці. Яго развіццём зоймецца беларуска-кітайская кіраўнічая кампанія. Тут створаць максімальна камфортныя ўмовы для бізнесу і прыцягнення інавацыйных тэхналогій. Адміністрацыя парку будзе працаваць па прынцыпу «аднаго акна». «Мы мяркуем, што інвестар, увайшоўшы ў будынак адміністрацыі, на працягу 4—5 дзён выйдзе адтуль з поўным пакетам дакументаў, неабходных для таго, каб увасобіць праект у жыццё», — сказаў міністр эканомікі Рэспублікі Беларусь Мікалай Снапкоў.

Пасля пленарнага пасяджэння ўдзельнікам І Беларуска-Літоўскага форуму прапанавалі прыняць удзел у рабоце секцый, дзе абмяркоўваліся інфраструктурныя праекты ў рэальным сектары эканомікі, пытанні супрацоўніцтва ў гуманітарнай сферы, у галіне турызму і гасцінічнай гаспадаркі.

«Я прыехаў на сённяшні форум з групай бізнесменаў, — зазначыў у гутарцы з журналістамі прэзідэнт канфедэрацыі прамыслоўцаў Літвы Гедымінас Рай­ніс. — Мы гатовы да інвестыцыйных праектаў у харчовай прамысловасці, дрэваапрацоўцы, маюць для нас цікавасць транспартныя лагістычныя праекты, малое і сярэдняе прадпрымальніцтва. Асабіста я хачу больш ведаць пра турызм і гасцінічную гаспадарку Беларусі, таму вельмі рады, што ў час форуму змагу прыняць удзел у рабоце секцыі, якая бліжэй пазнаёміць з перспектывамі развіцця турыстычнай галіны вашай краіны».
500 прадпрыемстваў з літоўскім капіталам працуюць сёння ў Беларусі. Суседняя краіна — стратэгічны партнёр, які будуе ў нас свой бізнес на доўгатэрміновай аснове і бачыць перспектыўныя напрамкі супрацоўніцтва.

«Маладзечна прымае форум дастойна, — падзяліўся сваімі ўражаннямі член Сейма Літвы Ёнас Ягмінас. — Адчуваецца, што ён дасць канструктыўны імпульс для яшчэ больш цеснага супрацоўніцтва. Хаця добрасуседскія адносіны паміж нашымі краінамі былі і раней. Я спецыяліст у сферы сельскай гаспадаркі, акадэмік. У далёкіх 1990-х гадах дысертацыю абараняў у горадзе Жодзіна, у Інстытуце земляробства. Едучы ў Маладзечна, з задавальненнем глядзеў на палеткі, на тое, як інтэнсіўна вядзецца будаўніцтва сельскагаспадарчых комплексаў, ферм. У вас ёсць будучыня. Бо разам з аграрным сектарам развіваецца і эканоміка краіны».

У рамках форуму былі падпісаны тры пагадненні паміж рэгіёнамі Рэспублікі Беларусь і Літоўскай Рэспублікі аб гандлёва-эканамічным, навукова-тэхнічным і культурным супрацоўніцтве. А таксама прынята рашэнне ІІ Беларуска-Літоўскі форум рэгіянальнага супрацоўніцтва правесці на наступны год у Літве. Прымаць яго будуць прамысловы цэнтр Алітус і курортны горад Друскінінкай.

Галерея изображений