Областной благотворительный праздник «Навагоднія прыгоды чараўніка» прошёл в Солигорске

Удзельнікамі абласнога дабрачыннага свята ў Салігорску сталі юныя жыхары Міншчыны, якія дабіліся значных поспехаў у працы, вучобе, мастацкай творчасці, спорце. Напрыклад, пераможцы рэспубліканскіх алімпіяд па матэматыцы — Ілья Сцяпанаў з Барысава, Аляксей Трацэўскі з Дзяржынска, Яўген Сувітаў з Крупак, па інфарматыцы — Дзмітрый Арцюх з Салігорска, Мікіта Сазановіч са Стоўбцаў, Андрэй Юшкевіч з Маладзечна; па рускай мове і літаратуры — Лізавета Лысенка з Салігорска, Ірына Жарко з Нясвіжа.

Арганізатары свята пастараліся насыціць яго дзівоснымі падзеямі. Адной з іх стала шэсце Дзядоў Маразоў і Снягурак ля гарадскога Палаца культуры. А яшчэ была наладжана выстава забаўных лядовых скульптур, якія на цэнтральнай плошчы сталіцы беларускіх шахцёраў стварылі юныя ўдзельнікі гарадскога конкурсу.

У Палацы ж дзятву чакалі майстэрня па вырабу ўпрыгажэнняў і цацак “Навагодні сувенір”, майстар-клас “Далонька сяброўства”, бяспройгрышная латарэя “Зімовыя забавы”, паказ вясёлых мультфільмаў “Навагодні калейдаскоп” і многае іншае. Прадстаўленне “Навагоднія прыгоды чараўніка” разгарнулася на сцэне. Напачатку да хлопчыкаў і дзяўчынак з прывітальным словам звярнуўся старшыня Мінскага аблвыканкама Барыс Батура. Ён павіншаваў дзяцей з навагоднімі і каляднымі святамі, пажадаў юным жыхарам вобласці здароўя і далейшых поспехаў. Фінальным і, бадай, самым прыемным момантам мерапрыемства стала ўручэнне навагодніх падарункаў. Дзятва атрымлівала іх ад Барыса Батуры, намесніка старшыні аблвыканкама Аляксандра Юшкевіча і старшыні Салігорскага райвыканкама Аляксандра Рымашэўскага.

Застаецца дадаць, што ў Новы год чараўніком можа стаць кожны, хто імкнецца дарыць дзецям цеплыню сваёй душы.

Галерея изображений