Звыш 7.700 тон зерня (гэта 2 чыгуначныя саставы) намалаціў сёлета камбайнер агракамбіната “Ждановічы” Міхаіл Саладуха. Перадавік пабіў усе рэкорды не толькі на Міншчыне, але і ў рэспубліцы. Яшчэ 58 экіпажаў, што працавалі на ўборцы збожжавых, маюць на сваім рахунку звыш 2 тысяч тон.
Пра ўсё гэта, а таксама пра поспехі і пралікі ў жывёлагадоўлі, раслінаводстве, гаварыў, звяртаючыся да ўдзельнікаў абласнога свята, прысвечанага Дню работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці, што прайшло ў Маладзечне, першы намеснік старшыні Мінскага аблвыканкама Аляксандр Замжыцкі.
Вялікі дзякуй за працу, аснову якой складае не імітаванне дзейнасці, а самааддача выказаў работнікам аграпрамысловага комплексу старшыня Мінскага абласнога выканаўчага камітэта Барыс Батура. Ён падзякаваў хлебаробам вобласці, якія вярнулі Міншчыне статус першай хлебніцы дзяржавы, у той жа час зазначыўшы, што перад работнікамі аграпрамысловага комплексу стаяць нялёгкія задачы. І самаахвярнасці, энтузіязму тут будзе мала. Патрэбны інвестыцыі, уменне шукаць надзейных партнёраў і весці з імі дыялог.
Затым адбылася цырымонія ўшанавання пераможцаў. На сцэну Палаца культуры адзін за другім падымаліся механізатары, жывёлаводы, старшыні гаспадарак, прадстаўнікі перапрацоўчых галін прамысловасці, якія дабіліся выдатных вынікаў у працы.
Чакалі пераможцаў і падарункі ад Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання, Мінскага гарвыканкама, гасцей, шэфаў.
Дырэктар адкрытага акцыянернага таварыства “Краснадворцы” Валерый Мельнік атрымаў з рук міністра сельскай гаспадаркі Леаніда Зайца ключы ад трактара “Беларус-3032”, касілка ад ААТ “Бабруйскаграмаш” адправілася ў сельскагаспадарчае прадпрыемства “Маяк” Дзяржынскага раёна, шматфункцыянальны прычэп ад прадпрыемства “Унібокс” — у ААТ “Крупскі райаграсэрвіс”. Намеснік старшыні Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта Уладзімір Калтовіч па-
дарыў трактар Мядзельскаму раёну.
Многія навінкі тэхнікі можна было ўбачыць на выставе, арганізаванай перад будынкам Палаца культуры. Тут жа, у спецыяльных загонах, — жывёла: коні, козы, свінні, каровы. Была сярод іх і лепшая карова Мінскай вобласці па прадуктыўнаму і генетычнаму патэнцыялу з агракамбіната “Сноў”.
Прадстаўнікі аграсядзіб, апранутыя ў беларускія строі, запрашалі ў госці. На пляцы перад Палацам культуры выступалі самадзейныя артысты. А ў сценах установы праводзілася дэгустацыя прадукцыі вытворцаў Мінскай вобласці. Госці частаваліся каўбасамі, пірагамі, блінамі, каштавалі марынады, саленні, малочную прадукцыю.