Пухавіцкія Дажынкі

Святочную праграму пачала тэатралізаваная замалёўка «Шлях да хлеба”, у час якой гледачы віталі ўсіх пераможцаў жніва. Каравай новага ўраджаю старшыні раённага выканаўчага камітэта ўручыў перможца раённага спаборніцтва старшы камбайнер СУП «Дукора-Агра» Мікалай Крукоўскі.

Пераможцаў спаборніцтва і ўдзельнікаў святочнага мерапрыемства вітаў старшыня раённага выканаўчага камітэта Сяргей Ленкавец. Сяргей Дзмітрыевіч адзначыў, што хлебаробы раёна сёлета папрацавалі добра, нягледзечы на капрызы надвор’я. Па выніках абласнога спаборніцтва раён выйшаў на другое месца. Выкананы дзяржзаказ. Больш за 8 тысяч тон зерня намалацілі ААТ “Голацк”, “Агра-Абярэг”, СУП “Дукора-Агра”. Дукорцы атрымалі і самы высокі ўраджай — 37,7 цэнтнера з гектара. У раёне на жніве працавала 95 экіпажаў камбайнаў. 31 экіпаж намалаціў больш за 1 тысячу тон зерна, 3 экіпажы пераадолелі двухтысячны рубеж. Сяргей Дзмітрыевіч адзначыў лепшых камбайнераў і вадзіцеляў. Выказаў падзяку прадпрыемствам і арганізацыям раёна, якія аказвалі дапамогу працаўнікам вёскі ў час жніва і пры падрыхтоўцы аграгарадка Голацк да жніва.

Агульным падарункам для пераможцаў жніва і ўсіх удзельнікаў свята стаў канцэрт ансамбля народнай музыкі “Бяседа”.

Святочны рух у аграгарадку пачаўся з самага ранку. У Голацк прыехалі жыхары бліжэйшых вёсак, райцэнтра і нямала мінчан. Выступленне ваеннага аркестра, выстава рэтра-аўтамабіляў і катанне на конях — у праграме было шмат цікавых момантаў.На свята многія прыходзілі сем’ямі. Арганізатары паклапаціліся пра дзяцей. Для іх — батуты і гумавыя горкі. Дарослыя спаборнічалі ў трапнасці ў ціры.Сямейныя конкурсы правялі прадстаўнікі Пухавіцкага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях. Пасля ўсе жадаючыя маглі надзець баявую экіпіроўку, зайсці ў дымакамеру, пасядзець за рулём пажарнай машыны, падаць ваду з рукава. Адным словам, адчуць себя сапраўднымі выратавальнікамі.Народнае гулянне доўжылася да позняга вечара. Са сцэны святочны настрой гледачам дарылі творчыя калектывы раёна. Увечары адбыўся святочны канцэрт ВІА “24”, які штомесяц ладзіць канцэрты ў Зазерскім СДК.Завяршыўся фестываль-кірмаш салютам і дыскатэкай. “Дажынкі” атрымалі шмат добрых водгукаў ад удзельнікаў свята. Перагорнута яшчэ адна яркая старонка ў гісторыі раёна і аграгарадка Голацк.

Галерея изображений