«Слуцкія паясы» у Слуцку

Адкрываючы свята, старшыня Слуцкага райвыканкама Андрэй Уладзіслававіч Янчэўскі адзначыў, што народная творчасць – душа народа, выток духоўнасці, нацыянальнай культуры. У ёй – шчырасць, багацце пачуццяў, трапяткая любоў да роднага краю, прыроды, талент, натхненне, надзеі і моцная жыццёвая сіла, якая злучае, яднае людзей і цэлыя пакаленні. Народныя майстры Міншчыны, іншых рэгіёнаў Беларусі беражліва захоўваюць, годна працягваюць, узбагачаюць закладзеныя продкамі традыцыі мастацкіх рамёстваў.

Начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Мінскага абласнога выканаўчага камітэта Сяргей Ладышаў падкрэсліў, што свята “Слуцкія паясы” – маладое, адзначаецца трэці раз, але ўжо мае шмат прыхільнікаў. Яго ўдзельнікі – выдатныя майстры народнай творчасці, якіх можна назваць “майстры залатыя рукі”. Свята невыпадкова праводзіцца на Случчыне, у краі, дзе быў створаны славуты слуцкі пояс, брэнд нацыянальнай культуры.

На цэнтральнай плошчы горада размясціліся народныя ўмельцы, якія дэманстравалі вырабы і навыкі салома- і лозапляцення, разьбы па дрэве, ткацтве, вышыўцы і іншых рамёствах. Цэнтральнае месца было адведзена беларускім паясам. Былі разгорнуты шматлікія выставы, ладзіліся  разнастайныя майстар-класы, свята-конкурс “Беларуская лялька”, канцэртныя праграмы.  У свяце прынялі  удзел майстры народных мастацкіх рамёстваў, навукоўцы, супрацоўнікі ўстаноў культуры, адукацыі, жыхары і госці Слуцка.

Галерея изображений