В Слуцком районе состоялось выездное заседание Миноблисполкома

Каб выканаць у поўным аб’ёме параметры дзяржпраграмы, за два гады яе рэалізацыі было неабходна дасягнуць тэмпу росту вытворчасці сельгаспрадукцыі 124,3%. Фактычна павелічэнне склала 117,2%. Пры гэтым цал-
кам выкананы планы па вытворчасці цукровых буракоў, агародніны, вырошчванню птушкі і рыбы, практычна цалкам — планы па свініне. Разам з тым назіраецца пэўнае адставанне ад задання дзяржпраграмы па бульбе, атрымліваецца даволі неадназначны малюнак па збожжу. З аднаго боку, вобласць зрабіла значны крок наперад — паводле папярэдніх ацэнак, сёлета сельгасарганізацыі Міншчыны атрымаюць 2,3 млн. тон збожжа ў вазе пасля дапрацоўкі, за апошнія два гады тэмп росту вытворчасці складае 140,7%. Аднак прагназавалася, што гэты паказчык будзе большым. Прычым, зазначыў старшыня камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванню аблвыканкама Віталь Грышанаў, рэзервы для росту тут ёсць. Гэта аптымізацыя пасяўных плошчаў, якасць насення, правільнае выкарыстанне мінеральных угнаенняў, строгае выкананне тэхналогій вырошчвання.

Тэма для асобнай гаворкі — малако. Вызначана, што ў наступным годзе аб’ём яго вытворчасці павінен павялічыцца на 10%, а ў 2015 годзе — дасягнуць адзнакі ў 2,5 млн. тон. Аднак пакуль тэмпы росту невысокія. Сітуацыя значна зменіцца пасля вырашэння задачы па рэканструкцыі і будаўніцтву новых малочнатаварных ферм. Як падкрэсліў Барыс Батура, работа тут ідзе актыўна і ёсць усе падставы меркаваць, што сёлетнія задачы будуць выкананы. Аднак для значнага павелічэння вытворчасці гэтага яшчэ недастаткова, не менш важнымі з’яўляюцца зноў жа тэхналагічная дысцыпліна і кваліфікаваныя кадры. А ў сваю чаргу наяўнасць такіх кадраў — перш-наперш пытанне зарплаты.

За сёлетнія студзень—верасень сярэдні ўзровень зарплаты работнікаў сельгасарганізацый вобласці склаў Br2.723 тыс., што перавысіла ўзровень аналагіч­нага перыяду мінулага года ў 2,3 раза. Рост заробкаў, у тым ліку ў доларавым эквіваленце, будзе працягвацца і надалей — да канца наступнага года іх сярэдні па галіне ўзровень павінен выйсці на адзнаку Br3.646 тыс. Пры гэтым, на думку старшыні аблвыканкама, наспела неабходнасць перагледзець падыходы да сістэмы аплаты працы.

Адначасова Барыс Батура падкрэсліў, што павелічэнне заробкаў немагчыма без тэхнічнага пераўзбраення, дэталёвага аналізу працазатрат і аптымізацыі колькасці занятых у сельгасвытворчасці. Дарэчы, можна канстатаваць як факт: нягледзячы на мадэрнізацыю вытворчасці і набыццё новай тэхнікі, колькасць занятых у галіне работнікаў за апошнія чатыры гады амаль не змянілася. Апроч таго, павышэнню ўзроўню аплаты працы паспрыяе стварэнне буйных гаспадарак з замкнутым цыклам вытворчасці — такія гаспадаркі павінны быць у кожным раёне.

Другі не менш значны момант у плане прыцягнення кваліфікаваных кадраў — забеспячэнне належных умоў для жыцця ў вёсцы. Усе асноўныя паказчыкі ў сацыяльнай сферы выконваюцца — размова ідзе аб планах па газіфікацыі жылля, энергазабеспячэнню, развіцці транспартнай інфраструктуры, рэканструкцыі і будаўніцтве ўстаноў адукацыі і аховы здароўя, аб’ектаў фізкультуры і спорту, гандлю і бытавога абслугоўвання, устаноўцы вузлоў шырокапалоснага доступу ў інтэрнэт. Толькі за апошні час уведзены ў эксплуатацыю плавальны басейн у Астрашыцкім Гарадку і дзіцячы садок на 230 месцаў у Бараўлянах Мінскага раёна, актыўна развіваюцца новыя формы дашкольнай адукацыі — сямейныя і адаптацыйныя групы, групы вячэрняга знаходжання. Разам з тым у дадзеным выпадку таксама ёсць пытанні. “Мы стварылі аграгарадкі, але дзе-нідзе спынілі іх далейшае развіццё. А так быць не павінна — гэтай справай трэба займацца пастаянна”, — падкрэсліў Барыс Батура.

Галерея изображений