XII Национальный фестиваль белорусской песни и поэзии завершился в Молодечно

Адной з галоўных фестывальных падзей стаў рэспубліканскі конкурс маладых выканаўцаў беларускай эстраднай песні. Конкурс, а складаўся ён з дзвюх частак, прайшоў у пятніцу, 8 чэрвеня, у Палацы культуры.

Фестываль. Дзень першы

У першай палове дня ўдзельнікі — а іх было каля 20 чалавек — выконвалі песні пад «мінусоўку» (фанаграму без голасу выканаўцы). У другой — у суправаджэнні аркестра. Іх выступленні ацэньвала журы пад старшынствам Міхаіла Фінберга.
Пакарыў слухачоў Андрэй Анісімаў, які прадстаўляў Віцебскую вобласць, расчуліла Кацярына Ганчарова з Малой Бераставіцы, што на Гродзеншчыне. Дзяўчына выканала песню «Балада аб маці». Жанчыны, што прысутнічалі ў зале, слухаючы яе, ледзь стрымлівалі слёзы. А ўладальніцай першай прэміі конкурсу маладых выканаўцаў стала Дар’я Шульгіна з Гродна. Серыю канцэртаў, якія прайшлі ў амфітэатры вечарам гэтага ж дня, адкрыла рок-опера «Курган», створаная Уладзімірам Мулявіным на аснове кантаты Ігара Лучанка.

«Зараз прагучыць твор, першым выканаўцам якога быў Уладзімір Мулявін, — звярнуўся да слухачоў кампазітар. — Мы разам з ім працавалі над гэтай рок-операй. І я рады, што сёння яна прагучыць у новым выкананні. Павінен сказаць, што гэты твор не рыначны, а драматычны і гераічны. І галоўнае ў ім — слова Янкі Купалы!».

Гучала музыка, лунала песня. А на экране побач са сцэнай, радок за радком, з’явіліся першыя словы паэмы, напісаныя рукой паэта, затым графічныя малюнкі па матывах твора Янкі Купалы «Курган».

У сцэнічнай пастаноўцы прынялі ўдзел Вікторыя Алешка, Яўген Слуцкі, арт-група «Беларусы», інструментальная група пад кіраўніцтвам Вячаслава Міхновіча, а таксама Дзяржаўны ансамбль танца Беларусі пад кіраўніцтвам Валянціна Дудкевіча. Аўтар і кіраўнік праекта — Андрэй Скарынкін.

Фестываль. Дзень другі

“Мы зробім усё, каб фестываль запомніўся гледачам, стаў сапраўднай музычнай падзеяй у культурным жыцці Беларусі”, — казаў у перадсвяточныя дні Міхаіл Фінберг. Словы яго спраўдзіліся. Арганізатары ХІІ Нацыянальнага фестывалю беларускай песні і паэзіі ў Маладзечне, а ў іх ролі выступілі Міністэрства культуры Беларусі, Нацыянальны акадэмічны канцэртны аркестр, Нацыянальная дзяржаўная тэлерадыёкампанія, Мінскі аблвыканкам і Маладзечанскі райвыканкам, зрабілі свята яркім, змястоўным і запамінальным.

Раніцай у суботу цэнтр горада і пешаходная вуліца імя Прытыцкага ператварыліся ў кірмашовыя рады. Чаго толькі не прывезлі ў Маладзечна народныя майстры — ткачы, ганчары, рэзчыкі па дрэву, мастакі! Дзеці з задавальненнем куплялі розныя свісцёлкі, шары, цацкі, прысмакі. Дарослыя выбіралі прыгожыя кошыкі, пано, драўляныя лыжкі, капялюшыкі ад сонца, сурвэткі і шалікі.

Шмат народу было ля палатак, дзе гандлявалі айчынныя вытворцы. Гараджане, госці, удзельнікі фестывалю аддавалі перавагу вырабам з лёну і беларускаму трыкатажу, прыцэньваліся да ручнікоў, шалікаў. А тым часам публіку забаўляла “Фестывальная талака”, канцэртная праграма з удзелам лепшых творчых калектываў Міншчыны — ад 11 гадзін раніцы да 8 вечара! Ля сцэны, устаноўленай на цэнтральнай плошчы горада, увесь дзень было шматлюдна.

“Паэтычныя сустрэчы” прайшлі на “Музычным падворку” Маладзечанскага дзяржаўнага каледжа імя Агінскага. У іх прынялі ўдзел паэты Віктар Шніп, Уладзімір Мазго, Таццяна Сівец, Мікола Шабовіч. Прыехала на сустрэчу і паэтка Таіса Трафімава. Кажа, засумавала па Маладзечне, які шмат год быў яе родным горадам і натхняў на вершы.

Пасля “Паэтычных сустрэч” вядучая мерапрыемства Таццяна Атрошанка запрасіла ўдзельнікаў у Цэнтральную раённую бібліятэку, дзе прайшла прэзентацыя новых выданняў да юбілею Янкі Купалы і Якуба Коласа з удзелам членаў Саюза пісьменнікаў Беларусі.

Дзесьці ў другой палове дня неба стала зацягвацца хмарамі, і надвячоркам на Маладзечна пасыпаў дождж. Але спужаць гараджан не змог. Прыхапіўшы парасоны і плашчы, маладзечанцы трымалі кірунак на амфітэатр, дзе павінна было адбыцца адкрыццё ХІІ Нацыянальнага фестывалю беларускай песні і паэзіі.

Адкрыў яго прэм’ер-міністр Беларусі Міхаіл Мясніковіч. Ён жа агучыў прывітальнае слова Прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі да ўдзельнікаў фестывалю, а затым павіншаваў усіх прысутных са святам ад імя беларускага ўрада.
“Хачу падкрэсліць, што краіна, нацыя мае сілу, гонар і павагу дзякуючы не толькі развіццю гаспадаркі, але і высокай духоўнасці, нацыянальнай культуры, роднай мове, нашай спадчыне. У гэтым аснова нашага адзінства, нашай сілы. Гаворачы словамі вялікага Якуба Коласа, у гэтым “наймацнейшая аснова” і “жыцця першая ўмова”, — сказаў Міхаіл Мясніковіч.

“Гэтага свята з нецярплівасцю чакаюць не толькі ў Маладзечне. Фестываль паспеў набыць шырокую папулярнасць і стаць адной з самых прыкметных падзей у культурным жыцці Беларусі. Сёлета ён прысвечаны юбілеям двух нашых песняроў — Янкі Купалы і Якуба Коласа. Абодвум споўнілася па 130 гадоў, а паэтычнае слова гэтых людзей гучыць пранікнёна і жыва, быццам бы яны сярод нас”, — зазначыў падчас урачыстага адкрыцця мерапрыемства старшыня аблвыканкама Барыс Батура. Заклікаўшы не толькі захаваць тое культурнае багацце, што дасталася нам ад вялікіх продкаў, але і зрабіць усё магчымае для таго, каб самабытная культура атрымала далейшае развіццё.

Затым слова ўзяў міністр культуры Павел Латушка. Звяртаючыся да гасцей і ўдзельнікаў фестывалю, ён зазначыў: “Мы павінны сказаць у гэты вечар вялікі дзякуй усім творцам, людзям, якія займаюцца захаваннем і развіццём нашай нацыянальнай спадчыны, нашага беларускага слова, беларускай мовы, беларускай культуры, беларускай паэзіі. Таму што менавіта слова, мова і паэзія з’яўляюцца крыніцай беларускай культуры, крыніцай душы беларускага народа”.

А затым пачаўся гала-канцэрт заслужанага калектыву «Нацыянальны акадэмічны канцэртны аркестр Беларусі» пад кіраўніцтвам Міхаіла Фінберга. Называўся ён “Дзве зоркі” і быў прысвечаны 130-годдзю Янкі Купалы і Якуба Коласа.

Фестываль. Дзень трэці

Не менш насычанай была праграма свята і ў нядзелю. Багата публікі сабрала канцэртная зала Маладзечанскага музычнага каледжа імя Агінскага, дзе сваю праграму «Хіт-класіка беларускай музыкі» прапанаваў слухачам Нацыянальны акадэмічны канцэртны аркестр Беларусі. Выступалі ансамблі флейтыстаў, трубачоў, кларнетыстаў, а таксама салістаў на драўляных інструментах, вакальны ансамбль.

Маленькіх гледачоў запрасіў у гэты дзень на спектакль Мінскі абласны тэатр лялек “Батлейка”, а моладзь з задавальненнем бавіла час у кампаніі Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра Беларусі на канцэрце песні і джазавай музыкі.

Закрыццё фестывалю адбылося ў нядзелю. Гала-канцэрт «Залатая калекцыя беларускай песні» з удзелам артыстаў айчыннай эстрады прыйшлі паслухаць каля трох тысяч маладзечанцаў. У зале амфітэатра, разлічанай на дзве тысячы месцаў, не было ніводнага свабоднага крэсла. Таму выступленні Георгія Калдуна, Ядвігі Паплаўскай і Аляксандра Ціхановіча, Вікторыі Алешка, Ірыны Дарафеевай і іншых выканаўцаў многія слухалі седзячы на лавачках у парку альбо паблізу сцэны. А народ усё падыходзіў. І гэта было найлепшым пацвярджэннем таго, што фестываль стаў не проста папулярным. Ён — частка жыцця людзей, неабыякавых да роднай мовы, песні і слова, якія і сапраўды сталі крыніцаю іх душы.

Галерея изображений