З Днём Незалежнасці віншуе Аляксандр Турчын

Старшыня Мінскага абласнога выканаўчага камітэта Аляксандр Турчын віншуе з Днём Незалежнасці Рэспублікі Беларусь і 76-й гадавінай вызвалення нашай Радзімы ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

Паважаныя жыхары Міншчыны!

Сардэчна віншую вас з Днём Незалежнасці Рэспублікі Беларусь і 76-й гадавінай вызвалення нашай Радзімы ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

У жыцці кожнага народа ёсць даты, якія становяцца кропкай адліку новага этапу гісторыі. Для Беларусі гэта дзень вызвалення ад нямецкага агрэсара, дзень, які ўжо даўно з’яўляецца сімвалам адзінства нашага грамадства, міру і стабільнасці, мужнасці і гераізму. Сімвалам Незалежнасці!

У гады Вялікай Айчыннай вайны нашы бацькі, дзяды і прадзеды выратавалі родную зямлю ад заняволення, адстаяўшы права на шчаслівае і свабоднае жыццё.

Сённяшняе пакаленне беларусаў паказвае, што з’яўляецца дастойным прадаўжальнікам слаўных традыцый мінулага. За амаль 30 год суверэнітэту і незалежнасці наша краіна дабілася добрых вынікаў у прамысловасці і сельскай гаспадарцы, сацыяльнай і навуковай сферах, знешняй палітыцы. Беларусь стала астраўком бяспекі і міралюбнасці, дзе ў грамадзян ёсць упэўненасць у заўтрашнім дні, дзе створаны ўмовы для працы і адпачынку, атрымання добрай адукацыі і якаснай медыцынскай дапамогі, нараджэння дзяцей і дастойнай старасці.

Прыемна адзначыць, што важкі ўклад у развіццё і працвітанне нашай краіны ўносіць і Мінская вобласць. Яна славіцца сваімі магутнымі прадпрыемствамі, сучаснымі комплексамі, развітымі інфармацыйнымі тэхналогіямі, шматграннай сацыяльнай інфраструктурай і, вядома ж, найпрыгажэйшымі куткамі прыроды. Але самае галоўнае багацце -- нашы людзі, якія сваімі талентамі, энергічнасцю і працавітасцю выводзяць цэнтральны рэгіён на перадавыя пазіцыі ў рэспубліцы.

Дарагія сябры! Выказваю кожнаму з вас шчырую ўдзячнасць за любоў да Радзімы, павагу да мінулага, імкненне працаваць дзеля светлага дня сённяшняга. Пакуль мы ўсведамляем сілу адзінства народа, яго патрыятызму, веры ў будучае і разумеем, што суверэнітэт – гэта наша галоўнае дасягненне, над Беларуссю будзе мірнае неба, а ў нашых дамах – шчасце і дабрабыт.

Моцнага вам здароўя, невычэрпнай энергіі і поспехаў ва ўсіх пачынаннях!


Галерея изображений