«Каб нагадаць моладзі аб цане мірнага жыцця». У Валожыне ваенныя правялі заняткі і ўсклалі кветкі
«Каб нагадаць моладзі аб цане мірнага жыцця». У Валожыне ваенныя правялі заняткі і ўсклалі кветкі

На базе адасобленай групы ваеннага камісарыята Маладзечанскага і Валожынскага раёнаў прайшлі абласныя паказальныя заняткі ў рамках правядзення мабілізацыйных мерапрыемстваў, піша «Працоўная слава».

Сустрэча адбылася ў канферэнц-зале Валожынскага турыстычнага інфармацыйнага і рэкрэацыйнага цэнтра. Удзел у мерапрыемстве прынялі ваенны камісар Мінскай вобласці і ваенныя камісары камісарыятаў раёнаў.

Як расказаў начальнік мабілізацыйнага кірунку ваеннага камісарыята Мінскай вобласці палкоўнік Алег Чарненка, у адпаведнасці з планам у Валожыне праводзіліся паказальныя заняткі з асабістым саставам ваенных камісарыятаў – афіцэрамі мабілізацыйных падраздзяленняў, начальнікамі адасобленых груп.

«Мэта такіх заняткаў – нагадаць ваеннаслужачым парадак работы пункта апавяшчэння і збору адасобленай групы, дзе ажыццяўляецца кіраванне мабілізацыяй на падведамнай тэрыторыі, а таксама ўдасканаліць тэарэтычныя і практычныя навыкі ўдзельнікаў, – адзначыў Алег Чарненка. – Сустрэчы праводзяцца раз у месяц у адпаведнасці з планам. Тэматыка іх  звязана з вядзеннем воінскага ўліку, кіраваннем мабілізацыяй на адміністрацыйных тэрыторыях, парадкам арганізацыі работы аб’ектаў базы правядзення мабілізацыі».

У завяршэнні мерапрыемства ўдзельнікі яго ўсклалі кветкі да брацкай магілы на плошчы Свабоды горада.

«Каб яшчэ раз нагадаць моладзі, якой цаной здабылі дзяды і прадзеды для нас сённяшніх мірнае жыццё», – адзначылі ваенныя.

Галерея изображений