Экспазіцыя музеяў, якая будзе працаваць на форуме, прадставіць лепшыя праекты па розных кірунках музейнай дзейнасці: навукова-даследчай, выставачнай, культурна-адукацыйнай.
Музейныя праекты падзелены на два вялікіх раздзелы, кожны з якіх мае свой дэвіз: “Дзве вайны – адна памяць” і “Музейныя вандроўкі ў прасторы і часе”.
У першы раздзел, прысвечаны ваеннай тэматыцы, звязанай з юбілейнымі датамі – 100-годдзем пачатку Першай сусветнай вайны і 70-годдзем вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, уваходзяць:
навукова-даследчыя праекты “У гады Першай сусветнай вайны. 1914-1918 гг.” Вілейскага краязнаўчага музея і “Ад навуковага даследвання да музейнага праекта “У трагедыі і памяці ўсе роўныя” Мінскага абласнога краязнаўчага музея;
выставачны праект “Хлеб нашых бацькоў” Жодзінскага краязнаўчага музея, які расказвае аб хлебе партызанскім, блакадным хлебе Ленінграда, хлебе салдацкага франтавога пайка, хлебе ваеннапалонных;
праект “Когда музы не молчали...” Чэрвеньскага раённага краязнаўчага музея, які прысвечаны малюнкам мастака Л.Бойкі, зробленым ў партызанскім атрадзе “Разгром”;
праект “Ніколі ў жыцці не забыць” Дзяржаўнага мемарыяльнага комплекса “Хатынь”, які стаў святыняй нацыянальнай памяці беларускага народа.
У другім раздзеле экспазіцыі прадстаўлены наступныя культурна-адукацыйныя, выставачныя і экспазіцыйныя праекты:
“Праменад у кірмашовы дзень” Барысаўскага аб’яднанага музея;
“Вяртанне слуцкага пояса” Слуцкага краязнаўчага музея;
“Музей-кватэра М.К.Сеўрука” Нясвіжскага гісторыка-краязнаўчага музея;
“Музей для друзей” Любанскага музея народнай славы;
“Заслаўе. ХХ ст. Падзеі і людзі” Дзяржаўнага гісторыка-культурнага музея-запаведніка “Заслаўе”;
“Музей і нематэрыяльная спадчына” Капыльскага раённага краязнаўчага музея.
У дэманстрацыйнай праграме форума прымае ўдзел Барысаўскі аб’яднаны музей з прэзентацыяй музейна-адукацыйнай праграмы “Праменад у кірмашовы дзень”, якая распрацавана і рэалізуецца сумесна з удзельнікамі event-супольнасці “Барысаўская мыза”.
Дзевяць дзяржаўных музеяў Мінскай вобласці ўдзельнічаюць у конкурсе “Музеі Беларусі – трэцяму тысячагоддзю”, які праводзіцца ў рамках форуму па намінацыях: “Лепшае музейнае выданне”, “Лепшы музей па арганізацыі культурна-адукацыйнай дзейнасці”, “Лепшая арганізацыя выстаўкі з уласных фондаў”, “Лепшае навуковае праектаванне экспазіцыі”.