Выбар маладых бацькоў – шматдзетная сям’я

Дзеці гавораць Кацярыне Галімскай: «Мама, табе пашанцавала!»

IMG_5067-622x420.jpg

Сямейная ідылія

Маладым бацькам Кацярыне і Артуру Галімскім са Стоўбцаў яшчэ няма і трыццаці, а ў іх ужо сям’я, якую называюць шматдзетнай. Пяцёра дзетак – гэта іх свядомы выбар. Яны абое ў сваіх бацькоў адзінае дзіця.

Спачатку з’явіліся ў сям’і адна за другой тры дзяўчынкі-прыгажуні – Соф’я, Валерыя і Анастасія (ім 9, 7 і 5 гадоў адпаведна). Але тата хацеў сына, памочніка. Вось ён, Назар, і нарадзіўся тры з паловай гады таму назад. А з яго з’яўленнем шчаслівыя бацькі падумалі: «А чаму б яшчэ аднаго сына не нарадзіць?..»

Але пятай у сям’і з’явілася дзяўчынка. Такі анёлачак з кучаравымі валасамі, якому далі імя Марыяна. Такім чынам, Назар сярод дзяўчынак – «пацан». Ён нібыта цуд для ўсіх дамашніх, любімчык. Калі бацькі прыносяць ласункі ці новую цацку, старэйшыя дзяўчынкі не забываюць пра браціка: «Гэта – Назару!».

Кацярына Галімская расказвае пра сваіх дзяцей, іх звычкі і адносіны з усмешкай і мацярынскай цеплынёй. Дзеці дапаўняюць матулю, паказваюць вынікі сваёй працы – размалёўкі. Высвятляецца, што яны ў кожнага юнага мастака – асобныя, а вось цацкі, гульні і канструктары – агульныя.

Старэйшыя сястрычкі робяць урокі, дапамагаюць адна другой. А, бывае, гуляюць у школу, і тады трэцякласніца Соф’я выконвае ролю настаўніцы. Дзяўчынка любіць англійскую мову і кажа, што хоча быць урачом, каб лячыць сваіх блізкіх і ўсіх людзей.

Раней у іх у доме жыў папугай, а цяпер з’явілася кацянятка. Пушысты бела-шэры камячок амаль не сыходзіць з дзіцячых рук. Кожны імкнецца яго паціскаць, сказаць яму нешта ласкавае. А малая Марыяна, улучыўшы момант, нясе з кухні каціную місачку з ядой. «Гэты коцік да нас на двух’ярусны ложак залазіць», – у захапленні ад сямейнага гадаванца Валерыя.

Сям’я Галімскіх жыве на вуліцы Міру ў трохпакаёвай кватэры, пабудаванай з дзяржаўнай падтрымкай у 2017 годзе. У ёй вельмі ўтульна, мінімум неабходнай мэблі, каб дзецям было дзе разгарнуцца.

З вокнаў кватэры добра відаць пляцоўка з кранамі, на якой узводзіцца новая, чацвёртая па ліку, школа ў райцэнтры («Узводзіцца школа для Насці, Назара і Марыяны», – удакладняе матуля), а збоку ад іх дома знаходзіцца фізкультурна-аздараўленчы комплекс, куды да пандэміі ўсе з ахвотай хадзілі ў басейн.

Маладая сям’я да доўгачаканага наваселля жыла разам з бацькамі. Цяпер ездзяць да іх у госці і мараць пабудаваць уласны дом, дзе ў кожнага будзе свая, асабістая, прастора.

«Маму паказвалі па тэлебачанні»  

Правёўшы гадзіну ў коле шматдзетнай сям’і, разумееш, што Кацярыне Галімскай заставацца прыгожай і сучаснай, не зважаючы на яе маладую кіпучую энергію, не так і проста. «На ўсё не хапае 24 гадзін», – характарызуе асноўную праблему шматдзетная матуля.

Шум ад дзіцячых гульняў сціхае ў кватэры толькі бліжэй да дзесяці вечара. Кацярына кладзецца спаць яшчэ пазней, бо неабходна падрыхтавацца да заўтрашняга дня. Уставаць прыходзіцца рана.

Дочкі Соф’я і Валерыя збіраюцца ў школу (балазе ім да СШ № 3 пяць мінут хадзьбы, і яны спраўляюцца пераадолець гэты шлях яшчэ хутчэй). Муж таксама ад’язджае на працу ў агракамбінат «Дзяржынскі». Трое малодшых дзяцей застаюцца на дзень дома разам з Кацярынай.

Вечарам, калі тата вяртаецца з работы, усе дзеці, засумаваўшы па ім, садзяцца вакол яго. Артур матэрыяльна забяспечвае вялікую сям’ю, ва ўсім падтрымлівае Кацярыну.

– Не шкадуем, што ў нас пяцёра дзетак, – прызнаюцца яны. – Так, гэта цяжка, але няпроста і тым бацькам, у каго адно дзіця. Затое потым не будзе сумна. Вакол нас – столькі блізкіх людзей!

Сёлета Кацярыне Галімскай уручылі ордэн Маці. На канцэрце, на які запрасілі ўзнагароджаных матуляў, быў і кіраўнік краіны. «Маму паказвалі па тэлебачанні», – пахваліліся дзеці. І – заўважылі: «Мама, табе пашанцавала!»

Яшчэ летам, калі у Стоўбцах закладвалі капсулу ў гонар пачатку будаўніцтва новай школы і праходзіла цырымонія з удзелам старшыні аблвыканкама Аляксандра Турчына, Кацярыне Галімскай было дадзена слова. І яна выказала не толькі асабістае, але і грамадскае, што хвалюе іншых бацькоў, жыхароў нашага горада.

Машына для мамы

Дзень маці адзначаецца 14 кастрычніка. Гэта адно з улюбёных свят у шматдзетнай сям’і Галімскіх. У гэты дзень дзеці віншуюць Кацярыну, дораць ёй яркія паштоўкі, зробленыя сваімі рукамі. У ход ідзе і змесціва капілак, якія ёсць у дзяцей і якія папаўняюцца дзякуючы бабулям  і дзядулям. «А на што збіраеце грошы?» – цікаўлюся ў дзяўчынак. – «На расфарбоўкі і… на машыну для мамы».

Дзіцячыя жаданні наіўныя і фантастычныя, але яны сведчаць пра самыя светлыя пачуцці да дарагога чалавека, таму няхай яны спраўджваюцца.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ, фота аўтара


Галерея изображений