“Мая сям’я — мая краіна”

У Нясвіжскім раённым цэнтры культуры прайшоў адборачны (занальны) тур конкурсу на лепшую сям’ю “Сям’я года Міншчыны”. Разам з прадстаўнікамі Нясвіжчыны ў ім удзельнічалі сямейныя каманды з Дзяржынскага, Клецкага, Капыльскага, Любанскага, Пухавіцкага, Слуцкага, Салігорскага, Стаўбцоўскага, Старадарожскага, Уздзенскага, Чэрвеньскага раёнаў. У праграме мерапрыемства былі майстар-класы сямейных каманд, якія праходзілі ў фае РЦК і іх выступленне на сцэне Цэнтра. Яно ўключала конкурс “Мой радавод” і прэзентацыю сацыяльна значымага праекта “Мая сям’я — мая краіна”.

Крытэрыямі ацэнкі сем’яў на сталі глыбіня і паўната раскрыцця тэмы, арыгінальнасць прадстаўленай ідэі, дызыйн , творчасць, аптымізм і з’яднанасць, актыўны ўдзел дзяцей, эстэтычнасць.

Журы конкурса ўзначаліў старшыня камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Мінскага аблвыканкама Алег Семянчук.

Ацэньваць удзельнікаў было вельмі нялёгка, таму што тыя  зрабілі ўсё магчымае, каб цікава прадставіць сваю сям’ю, свой род і расказаць пра карысць, якую яны прыносяць іншым людзям — ад дапамогі інвалідам і сіротам да прапаганды здаровага ладу жыцця.

У выніку пераможцам занальнага тура конкурсу “Сям’я года Міншчыны” стала сям’я Івашка з Нясвіжа. У Дзмітрыя Сяргеевіча, як кажуць у народзе, “залатыя” рукі, якія ўмеюць практычны ўсё, а Анастасія Аляксандраўна, майстар па прычосках, зараз знаходзіцца ў водпуску па доглядзе дзіцяці. Нягледзячы на тое, што галава сям’і змог  паўдзельнічаць у прадстаўленні сваёй сям’і толькі віртуальна, перадаўшы відэа-прывітанне сваім родным і ўсім удзельнікам мерапрыемства з Расійскай Федэрацыі, дзе ён зараз знаходзіцца на працы, яго жонка Анастасія Аляксандраўна і дачушкі Мілана, Ульяна, Дзіана, Паліна і Арынушка так па-мастацку прадствілі сваю сям’ю і свой радавод, што іх выступленне глыбока закранула самыя тонкія струны душы кожнага прысутнага ў зале і стала сапраўдным гімнам роднаму кутку і ўвогуле нашай радзіме — Беларусі, “зямлі пад белымі крыламі”. Сям’я Івашка выхоўвае ў сваіх дачок і прапагандуе на ўласным прыкладзе павагу да гісторыі свайго роду, да народных традыцый.

Другое месца было прысуджана артыстычна-спартыўнай сям’і Наталлі і Андрэя Піхцеравых са Слуцка. Наталля Фёдараўна вядзе ў Слуцкай дзіцячай школе мастацтваў клас фартэпіяна, а Андрэй Васільевіч працуе ў Слуцкай ЦРБ інструктарам па спорце. Ён адзіны чалавек у Слуцку, які абсталяваў мікрааўтобус для перавозкі людзей з абмежаванымі магчымасцямі, некалькі гадоў запар удзельнічае ў конкурсе “Слуцкі асілак”. Дочкі Марыя і Ганна і сын Макар у сям’і Піхцеравых растуць у атмасферы любові, мастацтва, адданасці любімай справе і міласэрнага стаўлення да людзей.

Трэцяе месца заняла сям’я Круковіч з Салігорска. Людміла Мікалаеўна працуе кіраўніком фізічнага выхавання ва ўстанове дашкольнай адукацыі, Сяргей Леанідавіч — элетрагазазваршчыкам у адной з арганізацый горада. Яны выхоўваюць траіх дзяцей — Лізавету, Аляксея і Арсенія. Муж і жонка Круковіч лічаць, што “дзеці — гэта вялікая адказнасць, але гэта самае галоўнае, што ў нас ёсць”. Яны дзеляцца са сваімі дзецьмі жыццёвай мудрасцю: “Раўняйцеся на бацькоў і любіце адно аднаго”. І ў прэзентацыі свайго радаводу яны зрабілі акцэнт на дзяцей, з чым тыя выдатна справіліся, прадстаўляючы “Летапіс” і “Герб” сваёй сям’і. А ўзнятыя ўверх у фінале выступлення лісты паперы ў форме дубовых галінак, з якіх склалася прозвішча “КРУКОВІЧ”, сімвалічна прыўзнялі над сцэнай усю іх дружную сям’ю.   

Усе ўдзельнікі конкурсу атрымалі каштоўныя падарункі, а пераможцы з прызёрамі — і грашовыя прэміі.

Мерапрыемства прайшло на высокім узроўні ў многім дзякуючы спонсарам — СВК “Агракамбінат Сноў”, ААТ “Агракамбінат Нясвіжскі”, ДСГУ “Нясвіжская сортавыпрабавальная станцыя”, філіялу “Нясвіжскі хлебазавод” ААТ “Барысаўхлебпрам”, ААТ “Гарадзейскі цукровы камбінат”, ТАА “Нясвіжскі завод дзіцячага харчавання”.

Прочитано 150 раз

Галерея изображений

Просмотреть встроенную фотогалерею в Интернете по адресу:
http://minsk-region.gov.by/ru/glavnyj-novosti/item/40108-%E2%80%9Cmaya-syam%E2%80%99ya-%E2%80%94-maya-kraina%E2%80%9D#sigProGalleria2730c115a3