Региональные новости: Воложинский район

Пятница, 03 февраля 2017 10:10  |  Источник  Працоўная слава

Рэгiянальныя навiны ад члена Саюза журналістаў Беларусі Наталлі Штэйнер

Працягваецца аптымізацыя ўстаноў культуры нашага раёна. Згодна з рашэннем райвыканкама, з 1 красавіка будзе зачынена Забрэзская сельская бібліятэка-клуб.

Увогуле, у сельскай мясцовасці застануцца толькі 15 устаноў бібліятэчнай сістэмы і 14 клубнай, 4 установы адукацыі – Вішнеўская і Ракаўская дзіцячыя школы мастацтваў, Дорскі філіял Івянецкай і Гародзькаўскі філіял Валожынскай школ мастацтваў.

Мінская абласная арганізацыя Беларускага Таварыства Чырвонага Крыжа ў канцы студзеня перадала ў раён невялікую партыю гуманітарнага грузу – касметычны крэм “Далонькі і пятачкі”.

200 упаковак індыйскага крэму для рук і 310 – для ног атрымаюць тыя жыхары раёна, што маюць патрэбу ў такіх сродках, у першую чаргу – малазабяспечаныя сем’і, дзе выхоўваюцца дзеці, і адзінокія людзі.

У студзені фонды раённага краязнаўчага музея папоўніліся новымі экспанатамі – гэта карціны мастака члена Беларускага Саюза мастакоў Алеся Квяткоўскага “Сустрэча праз стагоддзі” і “Стары Улас”. Адзін са сваіх твораў мастак перадаў у дарунак музею.

За 2016 год у раённым музеі з’явілася 112 новых экспанатаў. У асноўным гэта знаходкі і перадачы ад людзей. Сярод іх друкаваныя выданні пачатку ХХ стагоддзя, 4 ядры ад гарматы часоў вайны з Напалеонам, якія былі знойдзены на беразе Заходняй Бярэзіны. За бюджэтныя сродкі ў 30 мільёнаў недэнамінаваных рублёў быў набыты толькі слуцкі пояс.

Вялікае мерапрыемства сабрала ў канцы студзеня ў івянецкім доме культуры розныя пакаленні івянчан, прыйшлі дзеці разам з бацькамі.

У першай частцы праграмы адбылося адкрыццё выставы  дзіцячага малюнка. А затым канцэрт дзіцячага фальклорнага калектыву “Васілёк” выхаванцаў нядзельнай школы, што дзейнічае пры мясцовай царкве Святой Ефрасінні Полацкай. Разам з імі ў канцэртнай праграме прымалі ўдзел юныя салісты Івянецкага дома-інтэрната.

У дзіцячым санаторыі “Налібоцкая пушча” праходзяць аздараўленне дзеці з усіх рэгіёнаў Беларусі, якія закранула сваім “чорным крылом” чарнобыльская навала.

І добра, што кіраўніцтва здраўніцы прыняло рашэнне знаёміць іх з нашым раёнам. Толькі ў студзені 5 груп  дзяцей пабывалі на выставе “Экзатычныя насякомыя” ў раённым краязнаўчым музеі, дзе таксама азнаёміліся з іншымі музейнымі экспазіцыямі. Навуковы супрацоўнік музея У. М. Пучкоў правёў рабят з экскурсіяй па гістарычных мясцінах райцэнтра.

24 студзеня на спартыўнай базе адной з часцей унутраных войскаў у Мінску прайшоў чэмпіянат упраўлення ўнутраных спраў Мінскага аблвыканкама па рукапашным баі.

Гонар нашага раёна абаранялі міліцыянер-вадзіцель аператыўна-дзяжурнай службы старшына міліцыі Андрэй Башаркевіч і малодшы ўчастковы інспектар аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі сяржант міліцыі Леанід Ліпатаў. А. Башаркевіч правёў пяць баёў і заняў чацвёртае месца сярод 17 удзельнікаў у вагавой катэгорыі да 75 кілаграмаў.

Здаецца, яшчэ ўчора сустракалі Новы год, а ўжо пачаўся люты. Зіма сёлета падобная да зімы:  шмат снегу, маразы. Моцныя маразы пратрымаліся ўсяго некалькі дзён. Якім быў першы месяц бягучага года, мы пацікавіліся ў спецыялістаў метэаралагічнай станцыі “Валожын”.

Высветлілася, што самым марозным выдаўся святочны дзень 7 студзеня: раніцай тэрмометры зафіксавалі -25,1 градуса. А ўвогуле, сярэднясутачная тэмпература паветра ў той дзень была -22,4, што ніжэй нормы на 16 градусаў. Такі мінімум не назіраўся пяць апошніх гадоў. У лютым 2012 года раніцай было зафіксавана  -26,2. Дарэчы, уся першая дэкада студзеня была на 4 градусы ніжэй нормы. А вось самы вялікі снегапад назіраўся 14 студзеня. У той дзень выпала 11 мм ападкаў, што склала 79 працэнтаў ад дэкаднай нормы. Вышыня снежнага покрыву павялічылася на 10 сантыметраў і дасягнула 29-30 сантыметраў. Зямля ж з-за снежнай падушкі прамерзла ўсяго да 5-ці сантыметраў, што не вельмі спрыяльна для азімых культур.

Прочитано 297 раз