Региональные новости: Воложинский район

Пятница, 10 февраля 2017 16:35  |  Источник  Працоўная слава

Рэгiянальныя навiны ад члена Саюза журналістаў Беларусі Наталлі Штэйнер

Абвешчаны вынікі абласнога конкурсу “За дасягненне высокіх паказчыкаў у развіцці адукацыі” на лепшую арганізацыю работы ўстаноў адукацыі ў 2016 годзе.

У намінацыі “Лепшая ўстанова дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі” лаўрэатам прызнаны цэнтр творчасці дзяцей і моладзі Валожынскага раёна, які заняў трэцяе месца ў сваёй групе.

У канцы студзеня ў Мінску адбылося першынство Мінскай вобласці па лёгкай атлетыцы сярод юнакоў і дзяўчат 2000-2001 гадоў нараджэння.

З прадстаўнікоў нашай ДЮСШ лепш за іншых выступілі Крысціна Ламака і Лізавета Каранік, якія па два разы падымаліся на п’едэстал гонару. Крысціна заняла другое месца на дыстанцыі 1500 метраў з перашкодамі і была трэцяй на дыстанцыі 3000 метраў. Яе сяброўка па камандзе Лізавета Каранік паказала трэці вынік на дыстанцыі 1500 метраў з перашкодамі і другі – на дыстанцыі 3000 метраў.

На рахунак раённай арганізацыі Таварыства Чырвонага Крыжа ў бягучым годзе паступілі першыя членскія ўзносы.

Прыклад у высакароднай справе паказаў калектыў цэнтральнай раённай бальніцы: 2 тысячы 700 рублёў, гэта вельмі важкая сума. Пярвічную арганізацыю Таварыства Чырвонага Крыжа ўзначальвае галоўны бухгалтар райбальніцы Ніна Дзмітрыеўна Чэрнік.

15 лютага кааператыў “Валожынскія гасцінцы” на базе аграсядзібы “Коні-поні” ля Ракава праводзіць семінар па дамашнім сыраварэнні з удзелам вядомай актывісткі арганічнай сельскай гаспадаркі, гаспадыні аграсядзібы “Памяна” Смаргонскага раёна, “зоркі” праекта АНТ “Мой бізнес” Юліі Вінакуравай у ролі трэнера.

Мерапрыемства адбудзецца ў рамках праекта “Пашырэнне эканамічных магчымасцей у сельскай Беларусі”, які рэалізуецца пры падтрымцы Еўрапейскага Саюза і Фонда “Еўразія”. У праграме семінара: прыгатаванне тварожных сыроў, сычужных сыроў, а таксама “яблычнага сыру”. Удзельнікаў пазнаёмяць з існуючым на рынку абсталяваннем для прыгатавання сыроў, ім раскажуць, як законна гандляваць прадукцыяй з асабістай падсобнай гаспадаркі. Мяркуецца, што ў семінары прымуць удзел больш за 15 жыхароў нашага раёна, якія ўжо займаюцца сыраварэннем, і тыя, хто жадае гэтаму навучыцца. Яшчэ не позна звязацца са старшынёй кааператыва Алесем Белым і падаць заяўку на ўдзел ( Этот адрес электронной почты защищен от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра. ).

У мінулую суботу на кар’еры “Ізабеліна” ў Маладзечанскім раёне прайшлі міжраённыя спаборніцтвы па лоўлі рыбы на мармышку з лёду, у якіх прынялі ўдзел каля 60 аматараў рыбнай лоўлі з Маладзечанскага, Валожынскага і Вілейскага раёнаў.

Ад нашай раённай структуры Беларускага таварыства паляўнічых і рыбаловаў удзельнічалі 5 рыбакоў. Фартуна ў той дзень была не на іх баку. Рэкорднага ўлову атрымаць не давялося, у прызёры не трапілі, але і апошнімі не былі.

Разнастайную культурную праграму прапануе жыхарам горада і раёна раённы Цэнтр культуры.

У канцы студзеня юныя валожынцы пабывалі на цыркавым прадстаўленні з удзелам артыстаў мінскай трупы “Фенікс”. 2 лютага новай праграмай у новым саставе парадаваў тэатр гумару “Хрыстафор”. Была арганізавана дастаўка гледачоў з сельскіх населеных пунктаў: Дубіны, Бабровічаў, Багданава, Сакаўшчыны, Гародзькаў, Дораў, дзе распаўсюджваннем білетаў займаліся клубныя ўстановы. У райцэнтры прафсаюзныя арганізацыі райаграпрамтэхнікі, жылкамунгаса, філіяла “Маладзечанскага малаказавода”, воінскай часці аплацілі сваім членам частку кошту білетаў.

21 лютага на свой канцэрт запрашае вядомая ў рэспубліцы група “Дразды” і наш зямляк, яе лідар, Віталій Карпанаў.

Першы дзень лютага для калектыву выратавальнікаў-агняборцаў пачаўся з пажару. У 23.54 паступіла паведамленне пра пажар у вёсцы Замасцяны Івянецкага сельсавета.

Гарэў дачны дом з дашчанай прыбудовай, у якой, як выявілася, захоўваўся аўтамабіль “Хёндай-Сантафэ”. У выніку агонь пашкодзіў дах, столевыя перакрыцці, аўтамабіль. Дом выгараў знутры. Па шчасцю, гаспадар паспеў выбегчы на вуліцу. Прычына пажару – няспраўнасць пячнога ацяплення.

Прочитано 571 раз