Региональные новости: Воложинский район

Понедельник, 20 февраля 2017 11:20  |  Источник  Працоўная слава

Рэгіянальныя навіны ад члена Саюза журналістаў Беларусі Наталлі Штэйнер

У студзені бягучага года адпаведнымі раённымі службамі былі абследаваны ўсе кар’еры, якія знаходзяцца на тэрыторыі нашага раёна.

Дзеючых прамысловых кар’ераў зарэгістравана 8, агульнай плошчай 57,8 гектара. Яны належаць ДРБУ № 167, РУП “Валожынскі жылкамунгас” і РУП “Мінскаўтадарцэнтр”. Яшчэ ў наяўнасці 14 унутрыгаспадарчых кар’ераў, плошча якіх складае 10,1 гектара. Іх маюць практычна ўсе сельгаспрадпрыемствы і выкарыстоўваюць для ўласных патрэб.

У цяпліцы жылкамунгаса ўжо поўным ходам ідзе пасеў насення кветак, пікіроўка ўсходаў, чаранкаванне.

Уласная расада затым будзе выкарыстоўвацца для ўпрыгажэння клумбаў на цэнтральнай плошчы і вуліцах райцэнтра, стварэння ландшафтных кампазіцый. Дакуплена насенне петуніі, тагецісу (аксамітак), вербены, цынерарыі на зусім нязначную суму — 500 рублёў. У асноўным работнікі цяплічнай гаспадаркі выкарыстоўваюць уласнае насенне, якое старанна нарыхтоўвалі мінулай восенню. Дастаткова назапасілі насення бягоніі, бальзаміна, некаторых іншых кветак. Ужо правялі распікіроўванне бягоніі, цынерарыі, газаніі, чаранкаванне пеларгоніі. Плануюць колеравую гаму для ўпрыгажэння райцэнтра і буйных населеных пунктаў.

Сумесны праект распрацавалі “Дэкор-студыя Святланы Бубневіч” і КУП “Валожынскі раённы камбінат бытавога абслугоўвання”: жыхарам раёна прапануюць правесці фотасесіі да Дня закаханых, 23 лютага і 8 Сакавіка.

Для гэтай мэты на другім паверсе Дома быту дэкаратар Святлана Бубневіч абсталявала дзве фотазоны, якія ўмоўна назвалі “Рамантыка” і “Вясна”. Святочны настрой стварае разнастайны інвентар, антураж, за кошт чаго фотаздымкі будуць выгадна адрознівацца ад звычайных. Фотасесія разлічана на 35-40 хвілін. Фатаграфаваць будзе практыкантка, пачынаючы фатограф Юлія Русовіч. Умовы і цэны надзвычай дэмакратычныя. Ёсць скідкі для пар, якія заключылі сёлета з “Дэкор-студыяй” дагаворы на афармленне залы для сваіх урачыстасцей. Першыя кліенты мелі магчымасць правесці фотасесіі на гэтым тыдні. Астатнія ўжо запісваюцца на патрэбныя ім даты.

Рэклама, канешне, рухавік не толькі гандлю, але і шматлікіх паслуг. Аднак аб’явы, развешаныя проста на дзвярах пад’ездаў шматкватэрных дамоў, надаюць ім неахайны выгляд.

Уважлівыя жыльцы заўважылі ўжо на пад’ездах сваіх дамоў спецыяльныя Дошкі для аб’яў. Выраблены дошкі ў сталярным цэху жылкамунгаса. 35 штук размясцілі на дамах №№ 128 і 130 у новым мікрараёне па вуліцы Савецкай, на многіх дамах па вуліцы Партызанскай. На чарзе – мікрараёны Папоўка і Сельгастэхніка.

На другім паверсе раённай бібліятэкі адкрылася выстава вышываных работ “Вясёлка ў хаце” жыхаркі вёскі Брылькі Святланы Асеевай, якая працуе ў мясцовай воінскай часці.

Сярод яе карцін пейзажы, а таксама жанравыя сцэнкі. У студзені тут выстаўляліся работы жыхаркі райцэнтра Наталлі Драгуновай.

У гэтым навучальным годзе асаблівая ўвага надаецца шостаму вучэбнаму дню – субоце. Для таго, каб вучням хацелася ў гэты дзень прыходзіць у школу, шукаюцца новыя формы работы і падыходы.

Работнікам раённага Цэнтра культуры прызначана апекаваць вучняў Яршэвіцкай сярэдняй школы. У мінулую суботу яны правялі там некалькі мерапрыемстваў. 25 школьнікаў прыйшлі на майстар-клас па дэкаратыўна-прыкладным майстэрстве, які праводзілі Кацярына Мядзелка і Ганна Гарбачэўская. З іх дапамогай дзеці выраблялі лялькі-абярэгі. За пэўны час кожны зрабіў па дзве лялькі, якія і панеслі дадому. А малады спецыяліст Вера Лявіцкая ў той дзень праводзіла праслухоўванне і адбор вучняў, што валодаюць вакальнымі данымі. 18 лютага яршэвіцкія школьнікі паедуць у Ракаўскі цэнтр народнай творчасці, дзе таксама даведаюцца шмат новага пра майстэрства пляцення паясоў, абрады і звычаі сваіх продкаў.

Зусім новы і даволі незвычайны від паслуг пачалі аказваць у раёне. У вёсцы Алешчаняты Гародзькаўскага сельсавета адкрыта першая ператрымка сабак.

Мясцовы жыхар Ігар Крэйніс афіцыйна зарэгістраваўся ў падатковай інспекцыі. На ўласнай сядзібе сям’я абсталявала вальеры. Пакуль у асноўным працуюць з бяздомнымі сабакамі, якіх дастаўляюць валанцёры з Мінска. Тут яны знаходзяцца, пакуль дабрачынцы шукаюць для жывёлы новых гаспадароў. Крэйнісы прымаюць сабак усіх парод і памераў на любы тэрмін. Навучаюць сваіх падапечных хадзіць на павадку, знаходзіцца ў “калектыве”, сочаць за іх здароўем. За гэты час у добрыя рукі ўжо аддадзены 10 гадаванцаў, некаторыя знайшлі гаспадароў не без дапамогі саміх Крэйнісаў. Мяркуюць, што ў вясенне-летні перыяд ім стануць дастаўляць на ператрымку і дамашніх гадаванцаў, пакуль гаспадары будуць бавіць час у водпусках.

Прочитано 288 раз

Прямая речь

Исаченко Анатолий Михайлович

Председатель Минского областного исполнительного комитета

«…Ученикам - с радостью идти в школу, учителям – терпения, родителям – понимания…»

01.09.2017
Узда, День знаний