Региональные новости: Воложинский район

Пятница, 03 марта 2017 09:20  |  Источник  Працоўная слава

Рэгіянальныя навіны ад члена Саюза журналістаў Беларусі Наталлі Штэйнер

Па выніках мінулага года наш аддзел адукацыі, спорту і турызму заняў другое месца ў другой падгрупе, куды ўваходзяць 17 раёнаў і горад Жодзіна, у спартакіядзе Мінскай вобласці сярод дзяцей і падлеткаў, якія займаюцца ў групах і секцыях фізкультурна-аздараўленчай і спартыўнай накіраванасці па месцы жыхарства.

Аддзел узнагароджаны Ганаровай граматай адпаведнага ўпраўлення Мінскага аблвыканкама. Самыя высокія дасягненні 2016 года – першае месца сярод дзяўчат на рэспубліканскіх спаборніцтвах па настольным тэнісе і трэцяе – сярод юнакоў па стрытболе.

За шматгадовую плённую працу, высокі прафесіяналізм у рабоце, значны асабісты ўклад у развіццё фізічнай культуры і спорту Мінскай вобласці па выніках 2016 года Ганаровай граматай на абласным узроўні ўзнагароджана дырэктар ДУ “ФАЦ Валожынскага раёна” Ганна Хількевіч. Дарэчы, у яе асабістай скарбонцы другая такая ўзнагарода за апошнія некалькі гадоў.

25 сакавіка ў Мінску адбудзецца IХ з’езд ГА “Саюз палякаў на Беларусі”.

Пасля справаздачна-выбарнай канферэнцыі абласнога аддзялення гэтай арганізацыі, якая прайшла ў Івянцы, стала вядома, што на з’езд абраны 20 дэлегатаў ад Міншчыны. Сярод іх 7 чалавек, якія будуць прадстаўляць Валожынскі раённы аддзел грамадскага аб’яднання.

У гэтыя дні адзначае 100-гадовы юбілей беларуская міліцыя. Да святочнай даты УП “Нацыянальная кінастудыя “Беларусьфільм” падрыхтавала своеасаблівы падарунак органам унутраных спраў – гісторыка-прыгодніцкі дэтэктыў “Сляды на вадзе”, у якім заняты толькі беларускія акцёры.

Мастацкая стужка знята па рамане Мікалая Ільінскага “Чужы сярод сваіх” рэжысёрам Аляксандрам Анісімавым. У кінатэатры “Юнацтва” райцэнтра кінафільм будзе дэманстравацца да 15 сакавіка. Яго пакажуць на кіналекторыі для вучняў старэйшых класаў школ горада, ва ўсіх аграгарадках раёна. Спецыяльны кінасеанс запланаваны для супрацоўнікаў райаддзела.

У лютым Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі праводзіў акцыю “Да абароны Айчыны гатовы!”. Вельмі адказна і творча падышлі да ўдзелу ў акцыі ў івянецкай СШ. Настаўнік дапрызыўнай ваеннай падрыхтоўкі М. І. Лукашык звязаўся з кіраўніцтвам Валожынскай воінскай часці № 30695, і ў школу прыбылі 12 салдат тэрміновай службы.

Гэты дзень стаў запамінальным для старшакласнікаў не толькі своеасаблівым урокам мужнасці, але і спартландыяй, дзе на роўных змагаліся за перамогу школьнікі і армейцы. Для спартландыі былі створаны тры каманды, куды ўвайшлі па некалькі вучняў 9-11 класаў і вайскоўцаў. Каманды прадстаўлялі тры роды войскаў, якія выбралі самі: ваенна-паветраныя сілы, танкістаў і ваенную сувязь. У кожнай была свая форма. Пасля шасці конкурсаў: стральба з пнеўматычнай вінтоўкі, дартс, іншых ішлі плячо ў плячо. Усё расставіла па месцах камбінаваная ваенна-спартыўная эстафета. З мінімальным адрывам у напружанай барацьбе выйграла каманда ВПС, другое занялі танкісты. Школьнікі не на словах адчулі камандны дух. На патрыятычным уроку разбіралі і збіралі аўтамат, надзявалі касцюмы хімабароны, задавалі вайскоўцам пытанні, што цікавілі будучых абаронцаў Айчыны. Ну а ваенна-спартыўны танец у стылі брэйк-данс, які прадэманстравалі госці, пакінуў увогуле незабыўнае ўражанне.

Сёлета рыхтуецца адсвяткаваць 100-годдзе з дня ўтварэння арганізацыя, якая рэгіструе акты грамадзянскага стану – ЗАГС, арганізацыя, дзе хаця б раз у жыцці пабываў кожны з нас.

Святочныя ўрачыстасці запланаваны на канец года, але ўвесь гэты час будуць ладзіцца мерапрыемствы з нагоды юбілею. Уключыліся ў перадсвяточны марафон і работнікі раённага аддзела ЗАГС.

Пачаць вырашылі з фотавыставы, на якой прадставяць фотаздымкі рэгістрацыі шлюбаў у розныя гады. Гэта могуць быць фота з уласных альбомаў і сямейных архіваў жыхароў раёна. Найбольшую цікаўнасць, безумоўна, будуць прадстаўляць фота 20-30-х гадоў мінулага стагоддзя. Работнікаў ЗАГСа цікавяць таксама ўспаміны жыхароў пра ўласныя вяселлі ці рэгістрацыю шлюбаў сваякоў, сяброў, урачыстыя рэгістрацыі, што праводзіліся ў Доме культуры і ў кінатэатры “Юнацтва”. Магчыма, старажылы ўспомняць, у якіх будынках за сто гадоў размяшчаўся ЗАГС. Наступны праект – шлюбнае ўбранства жаніха і нявесты, як яно мянялася за гэтыя гады. Так што, магчыма, вам варта пакапацца не толькі ў старых альбомах, але і ў шафах, на гарышчы. З фатаграфіямі, успамінамі, прапановамі вас чакаюць у аддзеле ЗАГС па адрасе: пл. Свабоды, 21, кабінет № 8.


 

100 гадоў беларускай міліцыі

Напярэдадні свята ветэраны службы сустрэліся ў музеі баявой славы з начальнікам РАУС палкоўнікам Ігарам Уладзіміравічам ШАКУНОМ

4 сакавіка сваё прафесійнае свята беларуская міліцыя адзначыць у соты раз. Векавая гісторыя багатая на слаўныя справы і гераічныя ўчынкі. Супрацоўнікі ўнутраных спраў заўсёды ў эпіцэнтры грамадскага жыцця, там, дзе патрабуецца ўменне хутка рэагаваць, адстойваць законныя інтарэсы, а нярэдка і рызыкаваць уласным жыццём.

Валожынскі РАУС створаны пазней, у 1939 годзе, але і на яго долю выпала нямала выпрабаванняў: складаныя часы станаўлення Савецкай улады, ваеннае ліхалецце, барацьба з бандытызмам, служба ў Афганістане і ліквідацыя наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС.

Дошка, якая размяшчаецца каля ўваходных дзвярэй у будынак РАУС, нагадвае нам імёны тых, хто гераічна загінуў пры выкананні службовых абавязкаў. Гэта 21 супрацоўнік валожынскай міліцыі. Яны пайшлі з жыцця маладымі, з верай, што дабро і справядлівасць абавязкова перамогуць.

У праваахоўнікаў і сёння служба нялёгкая. Людзі звяртаюцца да іх за дапамогай у складаных сітуацыях і вераць у іх прафесіяналізм.

Алена ЗБІРЭНКА, фота аўтара

Прочитано 248 раз