Региональные новости: Воложинский район

Понедельник, 13 марта 2017 12:20  |  Источник  Працоўная слава

Рэгіянальныя навіны ад члена Саюза журналістаў Беларусі Наталлі Штэйнер

Для павелічэння аб’ёмаў продажу фруктаў і гародніны ў некаторых магазінах спажывецкай кааперацыі раёна зрабілі палетную выкладку.

Мяркую, пастаянныя пакупнікі ўжо звярнулі ўвагу на тое, што гэты тавар прапануецца ў своеасаблівых скрынках-палетах, якія ў райспажыўтаварыстве вырабілі сваімі сіламі, і доступ да яго свабодны. Палетная выкладка арганізавана ў магазінах “Гасцінец”, “Ветразь”, “Мінскі край” райцэнтра, у аграгарадках Бабровічы і Пяршаі, ва ўніверсаме “Ракаўскі”. Пакупнікі зрэагавалі на такі маркетынгавы ход – аб’ёмы продажу фруктаў і гародніны ўзраслі ў сярэднім у два разы.

Напрыканцы лютага ў раёне пабывалі трэнеры Мінскай абласной спартыўнай школы алімпійскага рэзерву.

Такі рабочы візіт адбыўся ўпершыню і насіў сваёй мэтай пошук таленавітых вучняў для далейшай вучобы ў школе. Восем трэнераў адбіралі школьнікаў для такіх відаў спорту, як барацьба, бокс, веславанне, фехтаванне, лёгкая атлетыка, шматбор’е. У Івянецкай сярэдняй школе, напрыклад, выдзелілі каля 10 вучняў. Сярод іх – Кірыл Адамовіч і Анастасія Кучынская, якія практычна стапрацэнтна адабраны для заняткаў боксам і барацьбой. Трэнеры пабывалі ў Ракаўскай СШ, дзе ім арганізавалі прагляд не толькі вучняў дадзенай школы, але і даставілі школьнікаў з Яршэвіцкай і Пугачоўскай СШ. У Вішнеўскай СШ таксама пратэсціравалі найбольш спартыўна адораных вучняў з Багданава і Сакаўшчыны. У сакавіку чакаецца чарговы прыезд трэнерскай брыгады і сустрэча з бацькамі будучых “алімпійцаў”. Наступны этап: іх запросяць на зборы ў Мінск, дзе школьнікі пройдуць поўную медыцынскую дыспансерызацыю. Летам тых, хто дасць згоду на працяг далейшай вучобы ў школе алімпійскага рэзерву, чакаюць спартыўныя зборы.

1 сакавіка для папулярызацыі работы паштовага Інтэрнэт-магазіна там прайшла акцыя: бясплатная дастаўка любога тавару.

За дзень у нашым раёне аформлены 86 заказаў. Звычайна такая колькасць назіраецца за месяц. Лідарамі продажу сталі паштовыя аддзяленні Гародзькі, Сівіца, Доры і Подберазь.

20 лютага 1967 года ў Ракаве нарадзіўся будучы артыст тэатра і кіно Анатоль Голуб. Пасля заканчэння Ракаўскай сярэдняй школы Анатоль паступіў у Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут на курс педагога Андрэя Андросіка.

З 2009 года А. Голуб працуе ў трупе Мінскага драматычнага тэатра імя М. Горкага. На яго творчым рахунку разнапланавыя тэатральныя ролі – Чацкі, Яго, Санча Панса, Айбаліт, Карлсан і фрэкен Бок, іншыя. Акцёр з’яўляецца дыпламантам конкурсу “Спяваюць акцёры” імя А. Міронава. У апошнія гады ён вельмі запатрабаваны ў кіно і на тэлебачанні, дзе ў серыялах Анатоль выконвае не толькі эпізадычныя, ролі другога плана, але і галоўныя – “Парфюмерша” (2013 год), “Мой блізкі вораг” (2014), “Бегчы нельга загінуць” (2015), “Зноў замуж” (2016). Толькі ў 2012 годзе акцёр зняўся больш чым у дзесяці серыялах. Апошнія гады А. Голуб вярнуўся жыць на малую радзіму: пабудаваў у Ракаве дом, куды і перавёз сям’ю. Яго дочкі Маша і Ульяша ходзяць у 4 і 2 класы школы, дзе некалі вучыўся іх бацька.

 З нагоды 50-годдзя акцёра-земляка ў Ракаўскім цэнтры народнай творчасці адбыўся знакавы для А. Голуба спектакль “Камедыя”. Гэты антрэпрызны спектакль паставіў для сваіх выпускнікоў педагог А. Андросік, іграюць яго 5 акцёраў ужо 26 гадоў. Цяпер – у памяць пра майстра, настаўніка, якога няма ў жывых. Гледачы з Ракава і Валожына шчыра віталі свайго таленавітага земляка.

Да 20 сакавіка працягваецца штогадовы конкурс РУП “Белпошта” “Лепшая паштовая марка Рэспублікі Беларусь-2016”.

І кожны год сярод удзельнікаў і пераможцаў конкурсу ёсць і жыхары нашага раёна. Напамінаем, што анкеты можна атрымаць у любым паштовым аддзяленні сувязі, а выпушчаныя летась маркі знайсці на сайце Белпошты. Перамагае тая марка, за якую “прагаласуюць” больш удзельнікаў конкурсу.

24 лютага ў 4.26 раніцы ў Ракаве зарэгістравана загаранне аўтамабіля “Рэно-Лагуна” 2001 года выпуску, які знаходзіўся ў гаражы па завулку Свабоды, 11.

У маторным адсеку адбылося замыканне электраправодкі, і ў выніку машына згарэла. Пацярпелі ад пажару столевыя перакрыцці і дах гаража. Галоўнай задачай пажарных-выратавальнікаў было не дапусціць агонь на суседнія пабудовы, у тым ліку на дом, які знаходзіўся літаральна ў пяці метрах ад гаража. З задачай яны справіліся, агонь далей не перакінуўся.

 

Прочитано 630 раз

Прямая речь

Исаченко Анатолий Михайлович

Председатель Минского областного исполнительного комитета

«…Ученикам - с радостью идти в школу, учителям – терпения, родителям – понимания…»

01.09.2017
Узда, День знаний