Региональные новости: Воложинский район

Вторник, 14 марта 2017 10:20  |  Источник  Працоўная слава

Рэгіянальныя навіны ад члена Саюза журналістаў Беларусі Наталлі Штэйнер

На базе Слуцкага медыцынскага каледжа адбыўся фінал абласнога конкурсу прафесіянальнага майстэрства “Беларускі майстар-2017” па спецыяльнасці "медыцынская сястра". У ім бралі ўдзел 7 сярэдніх медыцынскіх работнікаў.

Аперацыйная медсястра хірургічнага аддзялення нашай райбальніцы Кацярына Аляксандраўна Трус заняла ў конкурсе ганаровае другое месца. Акрамя таго, Кацярына ўдастоена тытула “Міс прадпрымальнасць”.

На сходзе Мінскай абласной арганізацыі Таварыства Чырвонага Крыжа, дзе падводзіліся вынікі за мінулы год, некалькі разоў прагучаў наш раён. Адзначалася вельмі добрая работа раённай арганізацыі па актывізацыі валанцёрскай дзейнасці, па зборы членскіх узносаў.

Падзяка за работу была ўручана старшыні пярвічнай арганізацыі Таварыства Чырвонага Крыжа раённай бальніцы Ніне Дзмітрыеўне Чэрнік і кіраўніку валанцёрскага атрада “Прымула” Дорскай сярэдняй школы Таццяне Віктараўне Кулік-Панарад. Жанчыны атрымалі ў падарунак таксама прыгожыя букеты ружаў.

У аддзяленні дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту тэрытарыяльнага цэнтра прайшло святочнае мерапрыемства “Усё лепшае вам, каханыя!”.

Тэматычную канцэртную праграму для сваіх сябровак падрыхтавалі члены клуба ветэранаў працы “Верас” РЦК, якім кіруе Ларыса Дзмітрыеўна Гладчанка. Пасля чаго адбылося сумеснае частаванне і чаяпіцце.

У чарадзе святочных мерапрыемстваў у гонар 100-годдзя беларускай міліцыі людзі ў пагонах не забыліся і пра сваіх загінуўшых у розныя гады паплечнікаў. На ўрачыстасць, што праходзіла ў Лядовым палацы ў Маладзечне, запрасілі іх жонак. Ад нашага раёна – Антаніну Трацэўскую і Таццяну Рэут.

Жанчынам былі ўручаны юбілейныя медалі, якімі пасмяротна ўзнагародзілі іх мужоў. Не забыліся арганізатары і пра кветкі, падарункі. Кіраўніцтва УУС Мінскага аблвыканкама выдзеліла ўдовам і грашовую дапамогу. Пасля ўрачыстай часткі адбыўся канцэрт, які вёў знакаміты Ягор Хрусталёў. На сцэне Маладзечанскага Палаца культуры выступалі арт-група “Беларусы”, удзельнікі мастацкіх калектываў горада.

У раённым этапе рэспубліканскага конкурсу “Супер-важаты” ўдзельнічалі 4 педагогі-арганізатары школ раёна, якія працуюць ад трох гадоў і больш. Такая была ўмова конкурсу.

У намінацыі “Творчасць і майстэрства” перамаглі Яна Ярота з СШ № 1 райцэнтра і Яніна Аляшкевіч з Багданаўскага вучэбна-педагагічнага комплексу дзіцячы сад-сярэдняя школа. 16 сакавіка Яна Ярота будзе прадстаўляць наш раён на занальным этапе конкурсу, які адбудзецца ў Маладзечне.

У верасні 2017 года Івянецкаму музею традыцыйнай культуры споўніцца 60 гадоў. Праўда насіў ён тады другую назву, бо адкрываўся шэсць дзесяцігоддзяў назад у гонар аднаго нашага вядомага земляка — Ф. Э. Дзяржынскага.

Менавіта дзякуючы жалезнаму Феліксу пра Івянец тады ведалі на прасторах усяго Савецкага Саюза. Але сам факт існавання музея ў гарадскім пасёлку застаецца фактам. І цяперашні яго калектыў распрацаваў шэраг мерапрыемстваў да святочнай даты. Жыхароў і гасцей пасёлка чакаюць цікавыя адкрыцці. 18 мая ў Міжнародны дзень музеяў задумалі адкрыць выставу творчых работ людзей, якія нарадзіліся і выраслі ў Івянцы, якія сёння жывуць у гарпасёлку. Усіх, хто займаецца творчасцю, просяць прынесці ў музей свае работы, выкананыя ў любой тэхніцы. Работнікі будуць рады і падказкам пра творчых асоб, якія, магчыма, да гэтага часу нідзе не дэманстравалі свае творы. Мяркую, што гэта будуць не толькі керамічныя вырабы, якімі здаўна славіцца Івянец.

 

Прочитано 73 раз