Региональные новости: Воложинский район

Понедельник, 20 марта 2017 09:45  |  Источник  Працоўная слава

Рэгіянальныя навіны ад члена Беларускага саюза журналістаў Наталлі Штэйнер

У гэтыя дні праходзіць рэарганізацыя райспажыўтаварыства.

З першага красавіка ад яго адгаліноўваецца самастойная юрыдычная асоба – гандлёвае ўнітарнае прадпрыемства “Валожынгандаль”, якое аб’яднае ўсе непрадуктовыя магазіны спажывецкай кааперацыі. На сённяшні дзень у раёне іх засталося ўсяго пяць — Універмаг і “Будаўнік” у райцэнтры, магазіны № 110 і № 112 у Івянцы і № 192 у аграгарадку Пяршаі. Завяршаецца працэдура афармлення. У Міністэрстве юстыцыі Рэспублікі Беларусь ужо ўзгоднена найменне дадзенага прадпрыемства, распрацаваны яго Статут, вызначана арганізацыйная структура і зацверджаны штатны расклад. У прадпрыемства будзе асобны банкаўскі рахунак.

У раёне завяршылася рэспубліканская акцыя – Дзень бяспекі “Увага ўсім!”, якая праходзіла ў два этапы. Яна была прымеркавана да Дня грамадзянскай абароны, які адзначаўся 1 сакавіка.

На першым этапе, з 1 па 6 сакавіка, ва ўсіх навучальных установах праводзілася эвакуацыя вучняў і персаналу. Такія планавыя эвакуацыі адпрацоўваюцца апошнім часам два разы за навучальны год. І трэба адзначыць, што цяпер яны праходзяць арганізавана, хутка, без панікі, што сведчыць пра пэўныя навыкі і веды дзіцячай аўдыторыі. У гэтыя дні таксама ў школах дэманстраваўся відэаролік, які адлюстроўваў правілы паводзін пры эвакуацыі. Другі этап уключаў бацькоўскія сходы, дзе выступалі работнікі раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях. Сходы прайшлі з 9 па 17 сакавіка. Першы быў выязны і адбыўся ў аграгарадку Бабровічы, куды сабралі бацькоў дзяцей, што вучацца ў СШ № 2 райцэнтра.

З пачатку бягучага года 12 спецыялістаў з сярэдняй медыцынскай адукацыяй цэнтральнай раённай бальніцы атрымалі вышэйшую кваліфікацыйную катэгорыю.

А ўсяго ў раёне цяпер працуюць 79 спецыялістаў сярэдняга звяна з вышэйшай катэгорыяй.

Самы галоўны вандроўнік нашай краіны Юрый Жыгамонт не так даўно наведаўся на Валожыншчыну. Адзін з апошніх выпускаў перадачы “Падарожжа дылетанта” быў прысвечаны невялікай вёсцы Забрэззе, якая вядома з ХV стагоддзя.

За гады свайго існавання вёска пабывала ў складзе Вялікага Княства Літоўскага, Расійскай імперыі, панскай Польшчы, а цяпер – у незалежнай Беларусі. Праславіўся гэты населены пункт тым, што вяскоўцы ўратавалі касцельны звон, і праз многія дзесяцігоддзі ён вярнуўся ў адноўлены каталіцкі храм Найсвяцейшай Тройцы. За савецкім часам, калі не толькі закрываліся, але і знішчаліся цэрквы і касцёлы, звон павінны былі здаць на металалом. Такі яму быў наканаваны лёс. Але звон выратавалі мясцовыя жыхары – сям’я Садоўскіх і настаўнік Яблонскі пад покрывам ночы закапалі яго ў зямлю. Вядучы праграмы пазнаёміў тэлегледачоў з гісторыяй вёскі, яе адметнымі месцамі, з сённяшнімі жыхарамі.

У Вілейцы адбыўся абласны этап агляду-конкурсу дзіцячай творчасці “Выратавальнікі вачамі дзяцей”. Выстава работ была размешчана ў мясцовым Палацы культуры.

Работа з гліны “Феерверкі і хлапушкі – небяспечныя цацкі” вучаніцы Сівіцкага вучэбна-педагагічнага комплексу дзіцячы сад-базавая школа Аліны Шыманскай заняла другое месца. Малюнак на тэму папярэджання надзвычайнай сітуацыі яшчэ адной прадстаўніцы нашага раёна Гражыны Амельяновіч з Багданаўскага ВПК дзіцячы сад-сярэдняя школа заняў трэцяе месца. Граматы і падарункі прызёрам конкурсу будуць уручаны на адным з раённых мерапрыемстваў.

Па лініі ДТСААФ прайшло першынство Мінскай вобласці па кулявой стральбе з пнеўматычнай вінтоўкі сярод школьнікаў. У спаборніцтвах удзельнічалі 22 каманды. Прадстаўнікі нашага раёна занялі агульнае 7-е месца.

На гэтых спаборніцтвах вучаніца 11 класа сярэдняй школы № 2 райцэнтра Таццяна Ліштван выканала нарматыў трэцяга дарослага разраду. Такога не здаралася апошнія 25 гадоў. Добра выступіў і дзесяцікласнік гімназіі Арцём Галоўскі, зусім крыху яму не хапіла да выканання нарматыву.

Прочитано 261 раз