Лялечнік - двойчы акцёр

Вторник, 21 марта 2017 12:05  |  Источник  Маладзечанская газета

Многія думаюць, што прафесія лялечніка жаночая. Тым не менш, у гэтай сферы шмат прадстаўнікоў моцнага полу – як у якасці акцёраў, так і рэжысёраў, сцэнарыстаў. У Мінскім абласным тэатры лялек «Батлейка» палова трупы на чале з мастацкім кіраўніком Мікалаем Андрэевым таксама мужчыны. Адметна, што ў творчы калектыў прыходзіць моладзь. Сярод перспектыўных артыстаў Аляксандр Майрын. Публіка яго ўжо ведае па многіх ролях. Яму дораць кветкі і просяць пакінуць аўтограф на білеце на спектакль.

Сцэна вабіла Аляксандра з дзяцінства. 10-гадовым хлопчыкам бабуля прывяла яго ў тэатральны гурток «Казка» цэнтра творчасці дзяцей і моладзі «Маладзік». У аналагічнай студыі займаўся і ў гімназіі №7. Пасля яе заканчэння пытання выбару прафесіі не стаяла. Аляксандр пайшоў у Акадэмію мастацтваў нават нягледзячы на тое, што многія знаёмыя кідалі яму ўслед: «Акцёрства?! Не прэстыжна…». Цяпер яны з задавальненнем ходзяць на спектаклі з удзелам Аляксандра.  

- На мой погляд, прэстыж прафесіі залежыць ад самога чалавека – наколькі ён аддаецца абранай справе. Тэатр для мяне не толькі магчымасць рэалізоўвацца і развівацца. Гэта сапраўдны дом. І ўцячы ад сябе, сысці з дома немагчыма… - філасофствуе субяседнік. 

Па адукацыі Аляксандр акцёр тэатра драмы і кіно. Ён спрабаваў сябе на розных сцэнічных падмостках, але спыніўся на тэатры лялек – адным з самых складаных відаў мастацтва, дзе артыст павінен умець перадаць эмоцыі, пачуцці, удыхнуць жыццё ў нежывыя прадметы. Атрымліваецца, што на працягу спектакля трэба думаць як мінімум за дваіх – за сябе і свайго персанажа (а іх бывае і некалькі). Нездарма кажуць, што лялечнік – гэта двойчы акцёр.

- Лёгкіх шляхоў ніколі не шукаў, - тлумачыць свой выбар Аляксандр. – Тэатр лялек – своеасаблівая магія і чарадзейства, якімі ты кіруеш. Прычым ігра акцёраў павінна быць настолькі натуральнай, каб у дзейства на сцэне паверылі гледачы. А юную публіку, якая найчасцей бывае ў тэатры, падмануць немагчыма.

За восем гадоў у «Балейцы» Аляксандр Майрын сыграў больш за 20 роляў (у тым ліку і галоўных) у спектаклях для дзяцей і для дарослых. Самы любімы персанаж – звычайны хлопчык у «Цудоўнай дудцы». 

- Гэта беларускамоўная работа. Мне наогул больш падабаюцца пастаноўкі на роднай мове. Так у батлейцы было спрадвеку, - заўважае акцёр.

Дарэчы, Аляксандр не згодны з тым, што прафесія артыста тэатра лялек для жанчын. 
- Наадварот, спектакль патрабуе немалых фізічных намаганняў. Іншым разам лялек даводзіцца трымаць на выцягнутых руках на працягу паўгадзіны. А важыць яны могуць і па чатыры кілаграмы. Без заняткаў у спартыўнай зале для ўмацавання мышцаў ніяк! Да таго ж неабходна запамінаць вялікі аб’ём тэксту - у сярэднім гэта адзін «школьны» сшытак да кожнай пастаноўкі. Ролю я ніколі не зазубрываю, проста жыву ёю -- і словы, рухі самі па сабе запамінаюцца. Наогул, як і ў многіх іншых сферах, тут уся справа ў прафесіяналізме, - гаворыць ён. 

Аляксандр штораз хвалюецца перад выхадам на сцэну, і гэта пачуццё дапамагае на сцэне іграць і імправізаваць.

- Часам маленькія гледачы нечакана выбягаюць або прыпаўзаюць на нашы падмосткі. Ад эмоцый яны не могуць усядзець на месцы і хочуць пазнаёміцца, пасябраваць або пашкадаваць ці пасварыцца на персанажа. Такія моманты даводзіцца абыгрываць і акуратна адпраўляць малышоў у глядзельную залу, -- расказвае Аляксандр. 
Дзякуючы рабоце ў тэатры ў акцёра з’явіліся і незвычайныя захапленні. Па-першае, ён калекцыяніруе сувенірных лялек. Па-другое, спрабуе сябе ў якасці суддзі-каментатара на спаборніцтвах па хакеі з удзелам ХК «Дынама-Маладзечна», што праводзяцца ў нашым горадзе. Аляксандр наогул чалавек спорту і можа гаварыць пра яго не бясконца. Але і тут ён застаецца акцёрам.

- Суддзя-каментатар павінен працаваць па строга вызначаных правілах. Інакш – штрафны санкцыі. Інспектары матчаў неаднойчы штрафавалі мяне. Я ж акцёр і без эмоцый не магу! – усміхаецца Аляксандр Майрын.

Ірына Рабушка

Прочитано 267 раз