Зашумела Алея памяцi...

Четверг, 13 апреля 2017 15:15  |  Источник  Працоўная Слава

Мінулы тыдзень завяршыўся маштабнай акцыяй, у якой прынялі ўдзел дэпутацкі корпус раёна, прадстаўнікі грамадскіх аб’яднанняў Валожыншчыны, ветэраны вайны і працы, нераўнадушныя людзі. У пятніцу непадалёк вёскі Кражына была ўрачыста закладзена Алея памяці ахвяр вайны. 40 саджанцаў дрэў пачалі цягнуцца да мірнага неба як сімвал адвечнай перамогі жыцця над смерцю, памяці – над забыццём…

У 1943 годзе больш за 230 мясцовых жыхароў былі забіты і спалены ў вясковым гумне. Мясцовай жыхарцы Марыі Адамаўне Казак было 7 гадоў, калі адбылася гэта страшная трагедыя… Ад людзей стала вядома, што карны атрад эсэсаўцаў бярэ курс на Кражына з мэтай знішчыць вёску. Людзі не маглі паверыць, што такое магчыма. Таму нямногія паспелі схавацца ў лясных акопах… У жывых пасля фашысцкай аблавы засталіся ўсяго толькі сем чалавек, а на месцы гібелі іх родных вырас мемарыяльны комплекс.

“Наша задача ў тым, каб да дробязяў зберагчы такія ўспаміны. Бо атрыманыя горкі вопыт і боль не дадуць паўтарыць памылкі мінулага”, – у гэтым меркаванні былі адзіныя і прысутныя, і выступоўцы: старшыня райсавета дэпутатаў С. Ф. Глінскі, вядучы спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Г. М. Канановіч, першы сакратар райкама ГА “БРСМ” Н. П. Нямкевіч і іншыя. А запрошаны на акцыю настаяцель храма ў вёсцы Дубіна-Юрздыцкая айцец Валерый правёў малебен за светлыя душы заўчасна спачылых на той вайне кражынцаў.

…Пройдзе не адзін год, пакуль маладыя дрэўцы ўвойдуць у сілу. А да гэтага моманту іх будуць даглядаць не толькі актывісты-школьнікі. Глыбока расчуленыя ўвагай грамадскасці да трагічных падзей 43-га, мясцовыя жыхары таксама паклапоцяцца, каб карэньчыкі памяці трывала ўмацаваліся на абшарах, дзе каменнымі пастаментамі навек застыла тужлівае рэха Вялікай Айчыннай…

Прочитано 71 раз