Региональные новости: Воложинский район

Вторник, 18 апреля 2017 09:00  |  Источник  Працоўная слава

Рэгіянальныя навіны ад члена Беларускага саюза журналістаў Наталлі Штэйнер

На 1 студзеня бягучага года ў асабістай падсобнай гаспадарцы жыхароў раёне налічваліся 783 каровы.

Больш за ўсё рагуль утрымліваюць жыхары Вішнеўскага сельсавета – 210. Другую пазіцыю займае Валожынскі сельсавет, дзе ў асабістай падсобнай гаспадарцы налічваюцца 144 каровы, трэцюю – Ракаўскі, жыхары якога ўтрымліваюць 110 кароў.

За першы квартал закуплена ад насельніцтва 319,177 тоны малака. У лідарах таксама Вішнеўскі сельсавет, адкуль на малаказавод паступіла 137,771 тоны малака. Ад пагалоўя кароў у Гародзькаўскім сельсавеце закуплена 47 тон малака, у Івянецкім – 45,944 тоны.

На базе Мінскага дзяржаўнага музычнага каледжа імя М. Глінкі прайшоў абласны адборачны этап Рэспубліканскага прафсаюзнага конкурсу творчасці працоўных калектываў “Новыя імёны Беларусі-2017”.

У рамках яго адбыўся канцэрт салістаў і калектываў аматарскай творчасці. Райкам прафсаюза работнікаў культуры нашага раёна прадставіў на конкурс у намінацыі “вакал” хормайстра РЦК Веру Лявіцкую і ў намінацыі “арыгінальны жанр” народны гурт народнага гумару “Дубінскія фанабэры”.

За першы квартал года прадстаўніцтва Белдзяржстраху па Валожынскім раёне выплаціла фізічным асобам па "Аўтакаска" 17 тысяч 777 рублёў страхавога пакрыцця, па дабравольным страхаванні пабудоў – 17 тысяч 527 рублёў (у тым ліку ў сувязі з пажарамі выплачана 12 тысяч 108 рублёў).

Па абавязковым страхаванні пабудоў выплачана 22 тысячы 918 рублёў, з іх 22 тысячы 725 рублёў – пасля пажараў. Па дабравольным страхаванні маёмасці грамадзян за тры месяцы выплачана 6 тысяч 870 рублёў. Зноў жа значная частка выплат звязана з пажарамі – 5 тысяч 781 рубель.

У рамках праекта “Валожын без бар’ераў: умацаванне магчымасцей для прадастаўлення сацыяльных і рэкрэацыйных паслуг для людзей з інваліднасцю” на базе аграсядзібы “Коні-поні” на працягу двух дзён праводзіўся навучальны трэнінг “Стварэнне ўніверсальных рашэнняў для адаптацыі асяроддзя”.

У трэнінгу прымалі ўдзел зацікаўленыя асобы з прадстаўнікоў райвыканкама і іншых дзяржаўных і недзяржаўных арганізацый, 11 работнікаў тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Трэнінг быў арганізаваны ў выглядзе практычнай работы над бачаннем таго, як, выкарыстоўваючы малабюджэтныя метады і рэсурсы, павысіць эфектыўнасць, канкурэнтаздольнасць паслуг, сэрвісаў і інфраструктуру раёна. Эксперты-трэнеры прапаноўвалі разам паразважаць над паляпшэннем інфраструктуры і якасці рэкрэацыйных паслуг у раёне, што і як зрабіць для таго, каб людзі з інваліднасцю паехалі ў наш раён, як аптымізаваць затраты на забеспячэнне безбар’ернага асяроддзя. Сярод трэнераў былі дацэнт кафедры архітэктуры жылых і грамадскіх будынкаў БНТУ Наталля Лазоўская, дацэнт кафедры эканомікі і кіравання турыстычнай індустрыяй БДЭУ Аляксандр Тарасёнак.

За апошнія два тыдні супрацоўнікі РАНС 12 разоў выязджалі на тушэнне загаранняў травы.

Больш за ўсё загаранняў зафіксавана ў Івянецкім сельсавеце. Выязджалі таксама ў Гародзькаўскі і Пяршайскі сельсаветы. Мінулагодняя трава гарэла на сельгасугоддзях ААТ “Суднікаўскі” і КУП “Сівіца”. 9 красавіка давялося тушыць траву на прыдарожнай паласе на 49-м кіламетры трасы Мінск-Гродна. Такія загаранні ўзнікаюць звычайна ад бяспечнасці людзей – непатушаных акуркаў, запалак, а бяду могуць натварыць вялікую.

У першы дзень красавіка не да жартаў было гаспадарам дома па вуліцы Лугавой, 5 у вёсцы Пугачы. У 18.14 у РАНС паступіла паведамленне, што там гарыць лазня.

Памыцца людзі не паспелі, толькі распалілі печку, як пачаўся пажар. Агонь знішчыў столевае перакрыцце, аддзелку сцен у парыльным аддзяленні. Прычына пажару – парушэнне правіл эксплуатацыі печкі.

 


Курс – на ўстойлівае эканамічнае развіццё

У мінулую пятніцу ў Пухавіцкім раёне прайшла выязная прэс-канферэнцыя старшыні Мінскага абласнога выканаўчага камітэта Сямёна Барысавіча Шапіры для прадстаўнікоў рэспубліканскіх і рэгіянальных сродкаў масавай інфармацыі. Журналісты адрасавалі кіраўніку вобласці шэраг пытанняў на розную тэматыку. З пачутага стала зразумела: Міншчына ўзяла трывалы курс на ўстойлівае эканамічнае развіццё. І перспектывы абнадзейваюць.

Першае зададзенае пытанне тычылася ўмацавання адносін з Кітайскай Народнай Рэспублікай. У прыватнасці, гутарка пайшла пра функцыянаванне кітайска-беларускага індустрыяльнага парку “Вялікі камень”. Па словах Сямёна Барысавіча, сёння туды рыхтуюцца ўвайсці каля 10 новых кампаній-рэзідэнтаў, якія прадстаўляюць КНР. Кіраўнік вобласці заўважыў, што чатыры новыя кампаніі ў бліжэйшы час пачнуць працэдуру рэгістрацыі ў “Вялікім камені”. Сярод іх – вытворцы бытавых асвятляльных прыбораў, крышталя. С. Б. Шапіра ў рамках зададзенага пытання адзначыў, што нядаўна дэлегацыя Мінскай вобласці пад яго кіраўніцтвам наведала адну з кітайскіх правінцый менавіта з мэтай абмеркавання ўсіх фінансавых аспектаў развіцця сумеснага праекта. Дамовіцца па ўсіх нюансах не атрымалася, але для канчатковага вырашэння супярэчнасцей афіцыйны Мінск наведаў адзін з кіраўнікоў кампаніі па развіцці парку. “Разам з ім мы шукаем шляхі, як зрабіць парк больш эканамічна эфектыўным, а кіраванне – больш паспяховым”, – паведаміў старшыня Мінаблвыканкама.

Журналісты пацікавіліся таксама ходам сёлетняй вясновай кампаніі і папрасілі даць ацэнку культуры земляробства на Міншчыне. Сяўбу Сямён Барысавіч ацаніў пазітыўна: у вобласці ўжо пасеяна 85% плошчаў ранніх збожжавых і зернебабовых, а ўся пасяўная плошча перавысіць 550 тысяч гектараў. Вясновая кампанія вядзецца ў аптымальныя тэрміны, і пры ўмове, што ўзятыя тэмпы будуць захаваны, яна завершыцца раней чым запланавана. Сёння ўсе гаспадаркі вядуць палявыя работы, забяспечаны мінеральнымі ўгнаеннямі і палівам у дастатковай колькасці.

Што да культуры земляробства, то старшыня абласнога выканаўчага камітэта заўважыў: Міншчына, без прыхарошванняў, з'яўляецца ў гэтым плане адной з лепшых у краіне. Было надзвычай прыемна пачуць выдатную ацэнку, дадзеную Сямёнам Барысавічам кіраўніку і хлебаробам нашага раёна за добра падрыхтаваныя палеткі. “Узровень апрацоўкі зямель на Валожыншчыне змяніўся рэвалюцыйна: палі ідэальныя. А ў гэтым – залог будучага ўраджаю”, – адзначыў кіраўнік абласной вертыкалі ўлады. Ён таксама расказаў прысутным, што сёлета вобласць плануе сабраць ураджай у аб’ёме не менш за 2,5 мільёна тон. Хоць гэта і складана, але рэальна. Азімыя пасевы збожжавых добра перанеслі асенне-зімовы перыяд. Вялікая стаўка ў бягучым годзе будзе зроблена на кукурузу. Дарэчы, у цэнтральным рэгіёне ўжо абмяркоўваецца, як можна выйсці на паказчык у 3 мільёны тон збожжа.

У адным з зададзеных пытанняў прагучала тэма рамонту дарог. Па словах Сямёна Барысавіча, у бягучым годзе на гэтыя мэты будуць выдзелены дадатковыя сродкі. Работы будуць весціся на ўчастках, якія патрабуюць асаблівай увагі. У прыватнасці, размова пайшла пра шашу ад Слуцка да Салігорска: там упарадкуюць цэментна-бетоннае пакрыццё. Таксама капітальны рамонт запланаваны на ўчастку ад Кургана Славы да Смалявічаў і на трасе ад Заслаўя да Маладзечна.

С. Б. Шапіра выказаўся і наконт фінансавай дапамогі з абласнога бюджэту. Журналісты заявілі, што ў некаторых райцэнтрах замерла будаўніцтва пэўных сацыяльных аб’ектаў, і папрасілі матэрыяльна прастымуляваць працэс. Кіраўнік вобласці параіў шукаць грошы ўнутры раённых бюджэтаў і патлумачыў сваю пазіцыю. Усе сродкі кансалідаванага бюджэту вобласці размеркаваны па колькасці жыхароў у кожным раёне, і яны цяпер знаходзяцца ў раённых фінансавых структурах. “У кожнай мясцовай улады ёсць магчымасць самастойна вырашаць, на якія мэты перш за ўсё неабходна выдзяляць грошы: на аб’язную дарогу або на жыллёва-камунальную гаспадарку, на вёску ці на развіццё аграпрамысловага комплексу старшыням выканкамаў лепш відаць”, – сказаў кіраўнік вобласці.

Падчас прэс-канферэнцыі ўзнімаліся таксама тэмы дзейнасці камісій па працаўладкаванні незанятых у эканоміцы грамадзян, развіцця прадпрымальніцкай ініцыятывы і інш. Дадаткова ў рамках мерапрыемства прадстаўнікі сродкаў масавай інфармацыі наведалі і азнаёміліся з работай самых паспяховых прадпрыемстваў Пухавіцкай зямлі – лідара беларускага рынку марожанага СТАА “Марозпрадукт”, Мінскай ТЭЦ-5, ЗАТ “Август-Бел”, якое займаецца выпускам хімічных сродкаў аховы раслін, ААТ “Завод горнага воску”, дзе наладжана вытворчасць высокаачышчанага парафіну, тэхналагічных маслаў, змазак і прадукцыі для выкарыстання ў харчовай і касметычнай прамысловасці.

Сяргей САДОЎСКІ

 

Прочитано 58 раз