Барысаў прыняў удзел у адукацыйным праекце

Пятница, 21 апреля 2017 08:45  |  Источник  Минский областной институт развития образования

У красавіку-маі 2017 года з мэтай прапаганды беларускай мовы і літаратуры на Міншчыне пройдзе сацыяльна арыентаваны адукацыйны праект «Чытаем па-беларуску з Velcom».

18 красавіка ў беларускамоўнай гімназіі № 2 г. Барысава адбылося ўрачыстае адкрыццё акцыі. Гучалі песні, вершы, госці пазнаёміліся з традыцыямі гімназіі, яе дасягненнямі і славутымі выпускнікамі, выказалі падзяку і надзеі на новыя сустрэчы. Для вучняў 2-3 класаў адбылася сустрэча з беларускім акцёрам і тэлевядучым Юрыем Жыгамонтам. Самыя юныя вучні гімназіі, першакласнікі, прынялі ўдзел у інтэрактыўнай гульні «Смак роднай мовы». Чацвёртакласнікаў гімназічная бібліятэка запрасіла на літаратурна-музычнае свята «Ззяе нам “Вясёлка” 60 гадоў». Пяцікласнікі сталі ўдзельнікамі і гледачамі народнага свята «Саракі», якое адбылося на базе музея народнай культуры. Для вучняў 6-9 класаў і настаўнікаў у фае гімназіі працаваў адкрыты мікрафон «Гучы, роднае слова!», дзе кожны жадаючы чытаў любімыя вершы беларускіх аўтараў. Дзесяцікласнікі гімназіі прынялі ўдзел у конкурсе рытарычнага майстэрства «Мая пазіцыя», а вучні 11 класаў наведалі паэтычную гасцёўню «Агні кахання – вечныя агні».

Урокі для навучэнцаў сярэдняй школы № 7 г. Барысава адбыліся ў прэс-цэнтры Барысаў-Арэны з удзелам Юрыя Жыгамонта і брамніка футбольнай каманды «БАТЭ» Антона Чычкана. На сустрэчы не толькі гучалі вершы вядомых беларускіх песняроў, але і адбыліся цікавыя гульні «Перакладчыкі», віктарына на лепшага знаўцу футбола.

У гімназіі № 1 г. Барысава ўдзельнікаў праекта гасцінна віталі юныя артысты, якія падрыхтавалі тэатралізаваную замалёўку «Спадчына Скарыны», прысвечаную 500-годдзю беларускага кнігадрукавання.

У сярэдняй школе № 2 г. Барысава госці таксама адчулі цёплы прыём педагогаў і навучэнцаў. Пісьменніца Алена Масла не толькі распавядала пра дзіцячых песняроў, але і чытала сваю новую кнігу «Мяне завуць Лахнэска». Добрая і маляўнічая казка пра Лахнэску прыйшлася да спадобы маленькім чытачам. Яны не толькі даведаліся, што гэта за дзіўная істота і чаму яна выправілася ў падарожжа па марах і рэках, але і вучыліся цаніць разнастайнасць свету і сапраўднае, шчырае сяброўства. Кнігу са сваім аўтографам Алена Масла перадала кожнай установе, дзе адбыліся сустрэчы.

Завяршыўся першы дзень праекта ў Цэнтральнай раённай бібліятэцы імя І. Х. Каладзеева. Акрамя ўрокаў Юрыя Жыгамонта і Алены Масла навучэнцы гімназіі № 3 г. Барысава, сярэдняй школы № 10 г. Барысава, вучэбна-педагагічнага комплекса яслі-сад – сярэдняя школа № 24 г. Барысава прымалі ўдзел у тэлемосце, на якім эстафета правядзення праекта была перададзена Слуцкаму раёну.

Падчас акцыі гучалі вершы і ўрыўкі з твораў беларускіх паэтаў і пісьменнікаў у выкананні знакамітых гасцей, настаўнікаў, навучэнцаў. Малодшыя школьнікі зрабілі сэлфі з гасцямі мерапрыемстваў.

А яшчэ фотаздымкі з мерапрыемстваў былі размешчаны ў памятным альбоме, які з любоўю да роднай мовы падрыхтавалі педагогі беларускамоўнай гімназіі № 2 г. Барысава. А падчас тэлемаста сімвалічна перадала эстафету слуцкім калегам Людміла Уладзіміраўна Крагель, начальнік вучэбна-метадычнага аддзела пачатковай адукацыі Мінскага абласнога інстытута развіцця адукацыі.

Прочитано 679 раз

Прямая речь

Исаченко Анатолий Михайлович

Председатель Минского областного исполнительного комитета

«…Хороший хлеб приятно убирать…»

20.08.2017
Рабочая поездка, Минский район