Региональные новости: Воложинский район

Пятница, 12 мая 2017 10:40  |  Источник  Працоўная слава

Рэгіянальныя навіны ад члена Беларускага саюза журналістаў Наталлі Штэйнер

Напярэдадні Дня Перамогі ў 1-м гарадскім аддзяленні раённага вузла паштовай сувязі прайшла акцыя “Адпраў вестку ветэрану”, якую ініцыіравала РУП “Белпошта”.

Супрацоўнікі ў зале актыўна прапаноўвалі кліентам бясплатныя маляўнічыя паштовыя карткі са спецыяльным штампам “Акцыя” і запрашалі павіншаваць знаёмых ветэранаў са святам. У іх, дарэчы, быў спіс з адрасамі ўсіх жывых удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны, якія пражываюць у нашым раёне. На жаль, спіс гэты быў вельмі невялікі. У той дзень адпраўлена была 31 паштоўка. Я таксама з радасцю скарыстала такую магчымасць і падпісала 4 адкрыткі.

Работнікі тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва перад Днём Перамогі асабіста аб’ехалі ўсіх ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны і ўдзельнікаў працоўнага фронту і ўручылі ім памятныя падарункі: курткі і прасы.

Усяго ўручаны 23 падарункі. Сацыяльныя работнікі пабывалі ў Івянцы, вёсках Стайкі, Сакаўшчына, Харытоны, Лаўскі Брод, Ласокіна, Цябуты, Доры і іншых, некаму перадалі падарунак у бальніцы. У Валожыне гэту місію выканала старшыня раённай арганізацыі “Беларускі саюз жанчын”, дырэктар цэнтра Г. Ф. Рай.

З нагоды Дня Перамогі ва ўсіх 15 бібліятэках раёна для чытачоў быў падрыхтаваны прагляд літаратуры “Яны захавалі мір для нашчадкаў”.

У Валожынскай дзіцячай бібліятэцы 7 мая прайшла мультымедыйная прэзентацыя “Ведаць, помніць, думаць”.

З 8 мая па 1 чэрвеня ў раёне праводзіцца месячнік Чырвонага Крыжа.

У рамках месячніка Мінская абласная арганізацыя Беларускага Таварыства Чырвонага Крыжа перадала ў наш раён 205 кілаграмаў вязанага адзення для дзяцей і наборы для нованароджаных. Гэта гуманітарная дапамога паступіла ад Дацкага Чырвонага Крыжа. Сярод рэчаў – пледы, кофты і світары, шапкі, шкарпэткі, шалікі, іншыя вязаныя рэчы. Раённае Таварыства Чырвонага Крыжа будзе размяркоўваць груз паміж мнагадзетнымі сем’ямі.

2 мая завяршыўся двухгадовы праект "Адкрытая пляцоўка “МАМАKIDS”" для маці, якія знаходзяцца ў сацыяльным водпуску па доглядзе за дзіцем, і іх дзяцей. Заключным мерапрыемствам стаў выпускны ранішнік.

Дыпломы аб заканчэнні курсаў ранняга развіцця атрымалі 14 дзяцей. Праект рэалізоўваўся на працягу 2015-2017 гадоў. За два гады ў ім прынялі ўдзел больш за 30 дзяцей і іх маці. Праведзены больш за 100 заняткаў для развіцця дзяцей, цыкл трэнінгаў для маладых матуль “Я – мама”, арганізаваны некалькі сямейных і спартыўных свят. За гэты час многія дзеці пасябравалі адзін з адным, сапраўднымі сяброўкамі сталі іх матулі.

Таварыства роду Плявакаў з Польшчы набыло і перадало ў дарунак Івянецкаму музею традыцыйнай культуры кнігу Мірослава Кшыжанскага “Матэматычная манаграфія” ў двух тамах, выдадзеную ў 1971 годзе ў Варшаве.

Вядомы ў Польшчы матэматык М. Кшыжанскі мае непасрэднае дачыненне да нашага раёна і Івянецкага краю ў прыватнасці: ён з’яўляецца праўнукам В. Дуніна-Марцінкевіча. А ў 1943-1944 гадах ён працаваў у Валожыне, з 1944 па 1945 гады выкладаў матэматыку ў Івянецкай школе.

Пасольства Рэспублікі Польшча ў Беларусі даслала ў дарунак нашай раённай бібліятэцы вучэбны дапаможнік “Польскі для ўсіх”, перавыдадзены ў 2017 годзе ў Мінску.

На 170 старонках выдання размешчаны слоўнік польскай мовы, фатаграфіі старадаўніх замкаў, якія захаваліся ў розных гарадах Польшчы, а таксама размоўнік на розныя бытавыя тэмы.

8 мая ў пасёлку Багданаў адбыўся традыцыйны футбольны турнір, прысвечаны памяці Паўла Падрэза, які загінуў у Афганістане. Праходзіў ён у 29-ы раз.

Першае месца занялі футбалісты з Валожына, другое і трэцяе – каманды Івянца і Багданава. Пераможцам уручаны грашовыя прызы ад аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама.


Велапрабег у гонар Перамогі

6 мая райцэнтр, Бабровічы, Яцкава-Карчомныя, Яцкава-Замосныя, Баркі, Белакорац сталі маршрутам веласіпеднага прабегу, прысвечанага 72-й гадавіне Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне.

Ініцыятыва правядзення спартыўна-патрыятычнага мерапрыемства належыць кіраўніцтву і калектыву УП “Мінскаблгаз”. Старшыня райвыканкама Мікалай Анатольевіч Астрэйка падтрымаў карысную ідэю, якая нарадзілася пасля прыняцця рашэння аб рэстаўрацыйных работах на воінскім захаванні ў Бабровічах. За помнікам замацаваны калектыў мясцовай гаспадаркі. Кіраўніцтва сельгаспрадпрыемства палічыла – проста навесці парадак на тэрыторыі вакол памятнага месца недастаткова. Цэнтральны офіс даў дабро. Сіламі рабочай групы сельгаспрадпрыемства была заменена зорка на стэле. Саму стэлу і яе падножжа пафарбавалі. Прыведзены ў належны выгляд пляцоўка ля помніка і падыход да яго. Кіраўніцтва УП “Мінскаблгаз” адобрыла прапанову аб правядзенні ўрачыстасці ў гонар Дня Перамогі ля адрамантаванага помніка. Аднак было вырашана зрабіць акцыю больш маштабнай.

Велапрабег стартаваў з плошчы Свабоды райцэнтра. 70 веласіпедыстаў са сцягамі, георгіеўскімі лентамі і іншай атрыбутыкай Дня Перамогі накіраваліся па зададзеным маршруце. Усяго ж удзельнікамі мерапрыемства сталі больш за сто чалавек. Свае каманды прадставілі апарат упраўлення УП “Мінскаблгаз” і яго структурныя падраздзяленні з Барысава, Слуцка, Салігорска, Дзяржынска, Маладзечна, Стоўбцаў, Рудзенскай газанапаўняльнай станцыі, Бярэзінскага торфапрадпрыемства, Мінскага рамонтна-вытворчага ўпраўлення, СГУ “Бабровічы”.

Усяго 20 хвілін спатрэбілася спартсменам, каб у суправаджэнні матацыклістаў дабрацца да Бабровічаў. Байкерскі картэж быў арганізаваны Валожынскім таварыствам аматараў мотатранспарту. Ля помніка загінуўшым воінам прайшоў урачысты мітынг, падчас якога прагучалі шчырыя і пранікнёныя словы выступоўцаў – гендырэктара Юрыя Кукліцкага, старшыні прафкама УП “Мінскаблгаз” Сяргея Жардэцкага, а таксама дырэктара СГУ “Бабровічы” Генадзія Бычкоўскага. Прысутныя ўшанавалі памяць герояў і ахвяр Вялікай Айчыннай вайны хвілінай маўчання. Адбылося ўскладанне вянка і кветак.

Праз паўтары гадзіны велапрабег дасягнуў фінальнага пункту – зоны адпачынку “Экалагічная сцежка”. Тут, у адным з самых прыгожых куткоў Налібоцкай пушчы, удзельнікаў акцыі гасцінна сустракалі работнікі СГУ “Бабровічы”. Палявая кухня, што вабіла апетытным пахам стомленых веласіпедыстаў, распачала работу загадзя, таму падсілкавацца было чым. Частавалі салдацкай кашай, шурпой, шашлыком, юшкай, чаем з духмянай выпечкай. Пасля арганізатары запрасілі аматараў актыўнага адпачынку да ўдзелу ў спартыўных спаборніцтвах. Каманды бацькоў і дзяцей, што прынялі ўдзел у сямейнай эстафеце, вітаў сімвал года – певень Пятруша. Менавіта гэты персанаж прыўнёс у спартыўнае свята іскрынкі гумару і непасрэднасці. Вядучая і яе памочнікі былі апрануты ў форму медработнікаў і салдат мінулай вайны. усе выпрабаванні яны таксама вытрымалі ў армейскім стылі. Гледачам весела было назіраць за дарослай і дзіцячай камандамі, якія выконвалі даволі няпростыя заданні. У выніку фартуна ўсміхнулася маладому пакаленню. Яшчэ адной забавай стала магчымасць пакатацца на агрэгаце “Раса”. Незвычайны атракцыён юным спартсменам і іх бацькам падарылі механізатары гаспадаркі.

У эстафеце для дарослых патрабавалася прадэманстраваць уменні бегаць у ластах, забіваць цвікі, трапна кідаць шышкі, скакаць у мяшках, пераадольваць тунэль, лавіць курыцу і транспартаваць дзяўчыну на насілках. Спаборніцтвы выклікалі сапраўдны азарт ва ўдзельнікаў і выбух эмоцый у гледачоў.

Перад святочным канцэртам, што прайшоў пры падтрымцы аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама, адбылося падвядзенне вынікаў спартыўнай часткі мерапрыемства. Кожны веласіпедыст велапрабегу атрымаў пасведчанне з указаннем пераадоленага ім маршруту. Пераможцы – каманды апарату ўпраўлення, вытворчых участкаў з Маладзечна і Стоўбцаў – атрымалі дыпломы за 1-е, 2-е і 3-е месцы, а кожнага з членаў гэтых трыа (у склад каманд уваходзілі двое мужчын і жанчына) у хуткім часе чакаюць грашовыя прэміі. Юныя спартсмены таксама не засталіся без узнагарод – салодкіх падарункаў і памятных сертыфікатаў.

Тэматычныя канцэртныя нумары на адкрытай сцэне экалагічнай сцежкі прадставілі самадзейныя артысты УП “Мінскаблгаз”. Акрамя песень ваеннай тэматыкі ў выкананні Уладзіміра Данчанкі, Людмілы Калечыц, Алены Прыёмкі, Вольгі Круцько, Аляксандра Яцэвіча, былі падрыхтаваны літаратурна-музычныя кампазіцыі “Вставай страна огромная!”, “Жди меня и я вернусь”, “Успаміны вайны”. Актуальнымі былі і нумары на тэмы кахання, вернасці, сяброўства…

У гэты прыгожы веснавы дзень дружны калектыў газавага прадпрыемства Міншчыны змог не толькі аддаць даніну памяці гераічнаму мінуламу беларускага народа, але і з карысцю правесці вольны час. Няхай гэта стане добрым прыкладам для іншых працоўных калектываў.

Валянціна КРАЎНЕВІЧ,

фота аўтара


Урачыста сустрэлі Свята Перамогі

Традыцыйна 9 мая ў раёне прайшлі мерапрыемствы, прысвечаныя 72-й гадавіне перамогі Чырвонай арміі і савецкага народа над фашысцкай Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне. Здавалася б, зусім яшчэ нядаўна гэты велічны дзень на галоўнай плошчы райцэнтра сустракалі шарэнгі франтавікоў. Сёння на ўсёй Валожыншчыне засталося 17 прадстаўнікоў легендарнага пакалення воінаў-вызваліцеляў. І толькі тры з іх знайшлі ў сабе сілы пераадолець гады і хваробы і далучыцца да агульнага святкавання ўрачыстай даты...

"Вайна – адна на ўсіх бяда – парадніла людзей розных нацыянальнасцей і веравызнанняў, абудзіла ў іх патрыятызм, гераізм і стойкасць. І сёння наша памяць звернута да тых, хто набліжаў гэту светлую дату. З асаблівай удзячнасцю ўзгадваем ратныя і працоўныя подзвігі адважных франтавікоў, партызан і падпольшчыкаў, мужных рупліўцаў тылу..." – са шчырымі словамі прызнання, павагі і падзякі звярнуўся да галоўных герояў сёлетняй урачыстасці Аляксея Іванавіча Санталава, Мікалая Рыгоравіча Гарнастая, Маланні Ігнацьеўны Мянцюк і шматлікіх удзельнікаў мітынгу старшыня раённага выканаўчага камітэта Мікалай Анатольевіч Астрэйка. Кіраўнік раённай вертыкалі ўлады назваў імёны жыхароў нашай малой радзімы, што ўнеслі значны ўклад у набліжэнне Вялікай Перамогі. Разам з тым ён нагадаў і пра 67 помнікаў ахвярам вайны на тэрыторыі раёна, якія сведчаць пра сапраўдную цану здабытага міру і спакою...

У час урачыстасці з віншавальнымі словамі да прысутных звярнуўся камандзір 153-й асобнай Кёнігсбергскай ордэна Чырвонай Зоркі радыётэхнічнай брыгады асобага прызначэння Сяргей Вячаслававіч Галіеў. Ад ветэранаў слова трымаў Аляксей Іванавіч Санталаў. Франтавік прыгадаў, з якімі фізічнымі і маральнымі цяжкасцямі даводзілася сутыкацца ў гады ліхалецця. Нездарма са старажытных часоў да нас дайшла прыказка пра тое, што нават самы дрэнны мір куды лепш, чым добрая вайна. Людзі не маюць права забываць гісторыю. Ветэран пажадаў нашчадкам любіць і шанаваць Радзіму. Зразумець яго зусім проста: калі не дапускаць канфліктаў, можна не хвалявацца за мірнае неба над галавой... Салідарнасць моладзі з гэтай думкай выказала і педагог-арганізатар сярэдняй школы № 1 г. Валожына Яна Ярота.

Самым відовішчным, кранальным момантам Дня Перамогі год ад году становіцца ўскладанне кветак да брацкай магілы ў скверы на плошчы Свабоды райцэнтра. У гэтай цырымоніі традыцыйна прымаюць удзел прадстаўнікі ўсіх працоўных калектываў горада. Але сёлета адчувалася нейкая асаблівая пранізлівасць дзеі. Можа таму, што кожны, кладучы барвовыя гваздзікі ў агульны стос, разумеў: гэта не толькі сімвал удзячнасці, але і памяці пра тых, хто назаўсёды пакінуў нас, і што ў наступным годзе кветак стане яшчэ больш...

Апафеозам афіцыйнай часткі мерапрыемства стаў парадны марш вайскоўцаў, да якога далучыліся мажарэткі ў суправаджэнні духавога аркестра Валожынскай дзіцячай школы мастацтваў, члены грамадскіх арганізацый.

Пасля ўсе жадаючыя завіталі на вялікі святочны канцэрт, што падарылі ўдзельнікам мерапрыемства артысты раённага Цэнтра культуры і творчыя калектывы раёна. У гэты ж час на плошчы таксама не сумавалі: хтосьці стаяў у чэргах за харчовай, прамысловай і сувенірнай прадукцыяй у адкрытым продажы, многіх зацікавіла выстава-дэманстрацыя ўзбраення сучаснага беларускага салдата. Самыя маленькія бавілі час у атракцыёнах і чакалі сапраўднай салдацкай кашы, якая, дарэчы, не замарудзіла з'явіцца. У цэнтральнай раённай бібліятэцы праходзіў шашачны турнір для ветэранаў вайны і працы. У час майго візіту за першае месца ўжо змагаліся Міхаіл Іванавіч Шыян і Андрэй Леанідавіч Кашкан. Тройку лідараў замкнуў Вячаслаў Вітальевіч Косік.

Воіны-інтэрнацыяналісты Юрый Андрэевіч КЛІЦОЎ, Рыгор Мікалаевіч РУСАКЕВІЧ і Уладзімір Уладзіміравіч КРУГЛІК (справа) падзялілі радасць моманту з ветэранамі Вялікай Айчыннай вайны Маланняй Ігнацьеўнай МЯНЦЮК, Мікалаем Рыгоравічам ГАРНАСТАЕМ і Аляксеем Іванавічам САНТАЛАВЫМ. Шмат добрых слоў і пажаданняў ім адрасавалі начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Леанід Вікенцьевіч САДОЎСКІ і дырэктар ТЦСАН Галіна Фадзееўна РАЙ (у другім радзе).

Сяргей САДОЎСКІ,

фота аўтара

 

Прочитано 499 раз

Прямая речь

Исаченко Анатолий Михайлович

Председатель Минского областного исполнительного комитета

«…Лён - это особая культура и отношение к ней должно быть особым…»

14.08.2017
Рабочая поездка, Слуцкий район