Региональные новости: Воложинский район

Вторник, 16 мая 2017 08:55  |  Источник  Працоўная слава

Рэгіянальныя навіны ад члена Беларускага саюза журналістаў Наталлі Штэйнер

З 8 мая ў Беларусі традыцыйна праходзіць месячнік Чырвонага Крыжа. Гэта грамадская арганізацыя адна з самых старэйшых і аўтарытэтных у краіне.

У нашым раёне дзейнічаюць 29 пярвічных арганізацый Таварыства Чырвонага Крыжа, якія аб’ядноўваюць у сваіх радах больш за 2700 чалавек. Ёсць рэальны шанц менавіта ў дні месячніка павялічыць іх колькасць, стварыць некалькі новых у арганізацыях і на прадпрыемствах. Будзе пашырацца валанцёрскі рух, а на Валожыншчыне на рахунку валанцёраў шмат добрых і гучных спраў. Раённая арганізацыя таварыства прымае ахвяраванні ад жыхароў раёна, валанцёры будуць збіраць сродкі на рынку ў Валожыне, сярод індывідуальных прадпрымальнікаў, з дабрачыннай місіяй яны наведаюць сацыяльны прытулак, карэкцыйны цэнтр. Усе сабраныя грашовыя сродкі і рэчы будуць размеркаваны сярод тых, хто ў гэтым мае найбольшую патрэбу. Запрашаем жыхароў раёна праявіць неабыякавасць і ўключыцца ў высакародную справу па зборы сродкаў для маламаёмных і адзінокіх, унесці свой асабісты ўклад у скарбонку дабрыні.

Набліжаюцца летнія канікулы. У гэты час вялікая ўвага надаецца аздараўленню школьнікаў у розных кірунках – раённых летніках і за межамі раёна, у санаторыях краіны, а таксама непасрэдна за мяжой.

Напярэдадні канікул у раёне прымалі некалькі дэлегацый прадстаўнікоў Хрысціянскага саюза маладых людзей з Германіі, што на працягу многіх гадоў актыўна супрацоўнічаюць з нашым раёнам па аздараўленні дзяцей, якія пражываюць на тэрыторыі, забруджанай радыенуклідамі. Акрэслена, колькі дзяцей пройдуць аздараўленне ў гэтай краіне за тры летнія месяцы. Нямецкія дабрачынцы наведалі дзіцячы сад № 3 у райцэнтры і дашкольны цэнтр развіцця дзіцяці “Расінка”, пабывалі ў Сакаўшчынскай СШ. Яны таксама сустрэліся з сем’ямі, чые дзеці ўжо адпачывалі ў іх краіне, у дэлегацыі былі некаторыя з “прыёмных бацькоў”.

У раёне распрацаваны экскурсійны маршрут па памятных мясцінах “З гісторыяй, з культурай, з намі”, які арганізавалі работнікі культуры.

Вандроўка стартуе з Валожына, далей – Сакаўшчына-Вішнева-Дзясятнікі-Дубіна. Першымі абкаталі яго прафсаюзныя лідары раёна, пра што наша газета ўжо пісала. 9 мая па гэтым маршруце праехала адна з нямецкіх дэлегацый, на мінулым тыдні “вандравалі” таксама валанцёры медработнікі і прадстаўнікі жылкамунгаса. На завяршальным этапе маршруту гасцей нязменна чакае абед з нацыянальнымі стравамі, ёсць і чыста дубінскія “вынаходніцтвы”. Для аказання платных паслуг даводзіцца шмат папрацаваць, каб госці заставаліся задаволенымі і слава пра валожынскую вандроўку выйшла за межы раёна, каб цікавасць да мясцовай гісторыі, краявідаў толькі прымнажалася.

Змянілася працэдура прыёму заявак на рамонт паштовых скрынак, якую аказвае раённы вузел паштовай сувязі.

Цяпер вам прапануюць асабіста прыйсці ў аддзяленне і напісаць заяву з указаннем таго, што патрэбна зрабіць і адрамантаваць. І адразу ўнесці аплату за рамонт. Найчасцей выходзяць са строю замкі, часта губляюцца ключы ад скрынкі, у некаторых выпадках іх ламаюць хуліганы.

За тры месяцы мінулага года было пададзена 28 заявак на рамонт, у выніку 17 чалавек увогуле не з’явіліся за новымі ключамі і адпаведна не аплацілі паслугу. Сёлета ж за першыя тры месяцы былі пададзены 14 заявак, і ўсе рамонтныя работы своечасова выкананы і аплачаны.

7 мая ў Брылькоўскім філіяле фізкультурна-аздараўленчага цэнтра прайшла адкрытая спартакіяда сярод ветэранаў спорту.

У ёй прынялі ўдзел каманды нашага і Мінскага раёнаў. На адкрыцці спартакіяды прысутнічала старшыня абласной арганізацыі ветэранаў спорту Алена Васільеўна Белавусава. У праграме былі спаборніцтвы ў пяці намінацыях. У рускіх шашках сярод жанчын лепшы вынік паказала Т. Семяняга, сярод мужчын – П. Літвін з Мінскага раёна, за шахматнай дошкай мацнейшым быў М. Шыян. У стральбе з пнеўматычнай вінтоўкі не было роўных сямейнай пары Ларысе і Рыгору Гладчанкам. У настольным тэнісе перамагла прадстаўніца Мінскага раёна А. Волкава, сярод мужчын – А. Лях. У кідках у баскетбольнае кальцо перамаглі таксама прадстаўнікі нашага раёна – Т. Семяняга і В. Ажарэльеў. Відавочна, што і камандную перамогу святкавала каманда ветэранаў спорту нашага раёна.


 

Пра раён будуць ведаць і ў Польшчы

На мінулым тыдні дэлегацыя з 40 прадстаўнікоў кааперацыйных банкаўскіх структур, бізнес-колаў, сельскіх і фермерскіх гаспадарак з Рэспублікі Польшча наведала наш раён з турыстычнымі мэтамі і перспектывай магчымага супрацоўніцтва ў эканамічнай і аграрнай сферах.

У пятніцу ў райвыканкаме адбылася іх афіцыйная сустрэча з кіраўніцтвам раёна, адкрыў якую старшыня райвыканкама Мікалай Анатольевіч Астрэйка. Ад палякаў на мерапрыемстве прысутнічалі віцэ-прэзідэнт кааперацыйнага банка развіцця ў Шэпетава Іяланта Завадска, начальнік тэхнічнага аддзела навукова-даследчага інстытута сельскай гаспадаркі Станіслаў Ян Калінскі, дырэктар кааперацыйнай банкаўскай справы ў Польшчы Бернардэта Зыг, прэзідэнт аднаго з кааперацыйных банкаў Вітольд Марцін Мараўскі, мэр муніцыпальнага кіравання Рава Мазавецка Кшыштаф Старчэўскі і інш.

На сустрэчы прадстаўнікі суседняй краіны даведаліся пра нашу Валожыншчыну, яе прамысловы і эканамічны патэнцыял, а запрошаныя на мерапрыемства кіраўнікі ААТ “Валожынскі льнокамбінат”, ДЛГУ “Валожынскі лясгас”, КСУП “Пяршаі-2014” і СГУ “Бабровічы” УП “Мінскаблгаз” праінфармавалі пра дзейнасць давераных прадпрыемстваў, прадэманстравалі выпускаемую прадукцыю, а таксама падзяліліся вопытам эфектыўнага гаспадарання. Затым дэлегаты адправіліся на экскурсію па запланаваным маршруце. Як расказаў старшыня райсавета дэпутатаў С. Ф. Глінскі, які суправаджаў замежных турыстаў падчас усяго іх знаходжання ў раёне, туды былі ўключаны прамысловая і сельскагаспадарчая зоны Валожына і Івянца, некаторыя аграсядзібы раёна. Асаблівыя ўхвальныя словы ад палякаў прагучалі ў адрас уладальнікаў сядзібы “Налібоцкія васількі” Васіля і Марыі Шакуноў, што гасцінна сустрэлі дэлегатаў у першы ж дзень іх прыезду.

Сяргей САДОЎСКІ,

фота аўтара


 

Эстонцам далі майстар-клас...

У красавіку на Міншчыне для азнаямлення з турыстычным, прыродным і культурным патэнцыялам вобласці пабывала дэлегацыя з Эстоніі. У яе саставе былі 38 прадстаўнікоў мясцовага кіравання і самакіравання, бізнесмены, тураператары.

Людзі самага рознага ўзросту прадстаўлялі паўднёвыя раёны Эстоніі, некаторыя з іх у нашай рэспубліцы былі ўпершыню, а моладзь практычна не разумела рускую мову. У першы дзень дэлегацыя наведала наш раён, далей у праграме былі знаёмства з Мінскам, прыём у Пасольстве Эстоніі, выстава “Турызм-2017”, якая працавала ў тыя дні, наведванне турыстычных аб’ектаў у Нясвіжскім, Стаўбцоўскім і Мядзельскім раёнах.

У нашым раёне прадстаўнікоў Эстоніі сустракалі ў фермерскай гаспадарцы “Экафлора” члены спажывецкага кааператыва па развіцці аграэкатурызму “Валожынскія гасцінцы”. Новы старшыня кааператыва Васіль Грынь расказаў, што ў першую чаргу аб’яднала гаспадароў аграсядзіб, фермерскіх гаспадарак і рамеснікаў, як і чым яны могуць сустрэць турыстаў з балтыйскай краіны, што паказаць, чым зацікавіць, чаму навучыць. Гэта ўнутраны турызм і кааперацыя, гісторыя і этнаграфія, майстар-класы і многае іншае. Затым кожны з членаў кааператыва расказваў пра свае здабыткі, планы, перспектывы супрацоўніцтва.

А прапанаваць аграсядзібы і фермерскія гаспадаркі, што размешчаны на валожынскай зямлі, могуць адпачынак на любы густ для сем’яў і маладзёжных кампаній, аматараў турызму. Тут і кантактны заапарк, як у сядзібе “Коні-поні”, “Падарожжа ў краіну кветак” з некалькімі станцыямі, майстар-класы па пасадцы кветак – “Экафлора”. “Падарожжа на Аляску ў стылі Джэка Лондана” арганізуюць на “Хутары Дудара”. Свой лялечны тэатр “Батлейка”, вяровачны гарадок і многае іншае прапануюць гасцям на сядзібе “Ганка”. А яшчэ тут праводзяць інтэлектуальныя гульні, дзе збіраюцца да 300 удзельнікаў, ладзяць хлебны падворак – выпякаюць хлеб па старадаўніх народных рэцэптах. У фермерскай гаспадарцы “Мядовая каралева” апантаныя мёдам і вырабамі з яго, з воску. У гаспадарцы налічваецца каля 70 пчаліных вулляў. Майстар па шклу Васіль Рубцоў здзіўляе наведвальнікаў сваімі шклянымі і крыштальнымі вырабамі. У аграсядзібе “Налібоцкія васількі” збіраюць экспанаты для адкрыцця музея коннага транспарту. Сядзіба “За масточкам”, размешчаная на беразе Заходняй Бярэзіны, разлічана на актыўны сямейны адпачынак, тут маюцца спартыўныя пляцоўкі, арганізуюць рыбалку, сплавы па рацэ, даюць майстар-класы па падводным плаванні.

Гасцям падарылі мноства даведачнага матэрыялу з рэквізітамі аграсядзіб.

У той дзень яны пабывалі таксама на сядзібе “Свет пчол”. У аздараўленчай базе “Галактыка”, дзе начавалі, быў арганізаваны круглы стол для абмену думкамі, замацавання сувязей. Наш знакаміты калектыў “Гасцінец” даваў гасцям майстар-клас па навучанні старабеларускім танцам.

…Сёння, калі колькасць аграсядзіб у рэспубліцы павялічваецца, рэчаіснасць падказвае, што трэба выходзіць за рамкі проста камфортнага жылля на ўлонні прыроды. Каб госці выбралі менавіта вас, трэба іх нечым зацікавіць, прапанаваць культурную праграму, насыціць іх адпачынак. Члены кааператыва “Валожынскія гасцінцы” працуюць у цеснай кааперацыі адзін з адным. І рэкламуюць сябе рознымі даступнымі метадамі. Пасля дадзенай сустрэчы з асобнымі прадстаўнікамі эстонскай дэлегацыі наладжваюцца стасункі, а значыць, усе старанні былі недарэмныя.

Наталля ШТЭЙНЕР

Прочитано 183 раз

Прямая речь

Исаченко Анатолий Михайлович

Председатель Минского областного исполнительного комитета

«…Лён - это особая культура и отношение к ней должно быть особым…»

14.08.2017
Рабочая поездка, Слуцкий район