Региональные новости: Воложинский район

Пятница, 07 июля 2017 09:45  |  Источник  Працоўная слава

Рэгiянальныя навiны ад члена Беларускага саюза журналістаў Наталлі ШТЭЙНЕР

За актыўны ўдзел у ліквідацыі паследкаў урагану, які адбыўся ў ліпені 2016 года, вялікі асабісты ўклад у распрацоўку ветравальна-бураломных лесасек, узорнае выкананне службовых абавязкаў Ганаровымі граматамі Міністэрства лясной гаспадаркі Рэспублікі Беларусь узнагароджаны ляснік Каменскага лясніцтва Іосіф Равяка, ляснічы Румскага доследна-вытворчага лясніцтва Мікалай Рудовіч, майстар лесу Пяршайскага лясніцтва Радзіслаў Дашко, трактарыст па падрыхтоўцы лесасек, тралёўцы і вывазцы лесу Дзмітрый Пятруцік.

Граматамі Міністэрства адзначаны ляснік Румскага лясніцтва Міхаіл Амілаўскі і вадзіцель аўтамабіля на вывазцы лесу Пётр Наквас, аб’яўлены падзякі начальніку лесапункта Міхаілу Башаркевічу і ляснічаму Пяршайскага лясніцтва Івану Лебядзевічу. Ганаровыя граматы Мінскага вытворчага лесагаспадарчага аб’яднання з гэтай нагоды ўручаны дырэктару лясгаса Уладзіміру Грыневічу, галоўнаму ляснічаму Сяргею Бараноўскаму, галоўнаму інжынеру Алегу Садоўскаму, намесніку ляснічага Ракаўскага лясніцтва Андрэю Стагначову, старшаму майстру майстэрскага ўчастка Анатолю Каравайскаму, вадзіцелю аўтамабіля на вывазцы лесу Міхаілу Саку, машыністу лесанарыхтоўчай машыны Ігару Іоду. Граматы аб’яднання атрымалі майстар лесу Румскага доследна-вытворчага лясніцтва Фёдар Алешка, вадзіцелі аўтамабіляў на вывазцы лесу – Віктар Мышлён, Мікалай Стасяловіч, Сяргей Бацян, Ігар Унучак, Мікалай Белановіч, машыністы лесанарыхтоўчай машыны лесапункта Дзмітрый Паўловіч і Аляксандр Кухараў, трактарысты на падрыхтоўцы лесасек, тралёўцы і вывазцы лесу Уладзімір Рамановіч і Юрый Літвін. Падзякі аб’яўлены леснікам Румскага, Каменскага і Валожынскага лясніцтваў Уладзіміру Бандаровічу, Генрыху Калоску і Уладзіміру Баклінаву, вальшчыку лесу лесапункта лясгаса Дзмітрыю Менцюку і вадзіцелю аўтамабіля на вывазцы лесу Сяргею Крамянецкаму. Усе ўзнагароды падмацаваны грашовымі прэміямі ў памеры ад 2 да 10 базавых велічынь.

У чэрвені ў раёне працавала рэйдавая група Мінскага абласнога аб’яднання прафсаюзаў. Чатыры інспектары праводзілі маніторынг выканання заканадаўства па ахове працы. Яны пабывалі на 8 прадпрыемствах і ва ўстановах: раённым цэнтры культуры, СГУ “Бабровічы” УП “Мінаблгаз”, ААТ “Валожынская райаграпрамтэхніка”, КСУП “Пяршаі-2014”, Валожынскім філіяле ДП “Мінаблпаліва”, аддзеле ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама, дашкольным цэнтры развіцця дзіцяці “Расінка” і СШ № 2 райцэнтра.

Асноўная мэта маніторынгу: выяўленне і папярэджванне парушэнняў, што могуць прывесці да няшчасных выпадкаў на вытворчасці, аказанне метадычнай і кансультацыйнай дапамогі па арганізацыі работы па ахове працы. Станоўчая ацэнка дадзена рабоце ў гэтым накірунку ва ўстановах адукацыі. Разам са станоўчымі момантамі адзначаны і шэраг недахопаў. У асноўным яны тычыліся вядзення дакументацыі, распрацоўкі інструкцый і правядзення інструктажу, забеспячэння працуючых сродкамі індывідуальнай абароны. Дарэчы, большасць парушэнняў для іх выпраўлення не патрабуюць значных фінансавых выдаткаў.

У ноч з 23 на 24 чэрвеня ў гарадскім пасёлку Івянец традыцыйна ладзілася Купалле. Івянчане і госці пасёлка сабраліся на пляцоўцы насупраць Дома культуры, каб паглядзець святочную праграму і прыняць непасрэдны ўдзел у дзеянні, якое завяршылася маладзёжнай дыскатэкай.

Былі адзначаны тры пераможцы ў акцыі “Купальскі вянок”. Дзяўчаты плялі вяночкі пад аўтэнтычныя песні ў выкананні маладога спецыяліста Марыны Дзярнейкі. Была вытрымана ўся атрыбутыка купальскага абраду: распальвалася вогнішча, дзяўчаты кідалі вянкі на ваду, шукалі папараць-кветку. Канцэртная праграма, якую падрыхтавалі работнікі Дома культуры, так і называлася: “Папараць-кветка”. Незапланаванай імправізацыяй, якая ажывіла праграму, стала выступленне цыркавых артыстаў, якія завіталі на свята з другога берага ракі. На працягу тыдня ў Белым касцёле праходзіла мерапрыемства для моладзі, дзе даваліся майстар-класы, і па цыркавому майстэрству, у прыватнасці. У тую незвычайную ноч цыркавое дзейства стала даступна ўсім.

У апошні тыдзень чэрвеня фірменная секцыя “Кладоўка” гандлёвай кампаніі “МінскКрыштальТрэйд” адкрылася ў Івянцы ў магазіне № 115 “Прадукты”.

У Валожыне магазін з аналагічнай назвай гэтай кампаніі працуе ўжо тры месяцы. Ён прапісаўся ў “Гарачым хлебе” непадалёк ад рынку. Там прадстаўлена ў поўным асартыменце прадукцыя 8-і віна-гарэлачных заводаў Беларусі – не толькі моцныя напоі, але і салодкія напіткі, мінеральная вада, кісель. Гандлёвая надбаўка на моцныя напоі складае не 40, а 20 %. За гэты час тавараабарот магазіна павялічыўся з 15-20 тысяч рублёў да 30-35-і тысяч.


Мы – разам!

У рамках свята, прысвечанага Дню Незалежнасці Рэспублікі Беларусь і Дню горада, у райцэнтры адбылася народна-патрыятычная акцыя Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі “Мы – разам!”

Мерапрыемства праходзіць у краіне трэці год. Урачыстасці праведзены больш чым у 70 гарадах краіны. У бягучым годзе запланавана рэкордная колькасць сустрэч – звыш за 50 населеных пунктаў пазначаны ў графіку арганізатараў. У дзень, калі ўся краіна адзначала сваё галоўнае свята, каманда з ліку фіналістаў конкурсу “Новыя імёны Беларусі” і прафесійных артыстаў наведала чатыры населеныя пункты – Беразіно, Іўе, Асіповічы і наш Валожын.

Дыпламанты конкурсу, што ладзіўся пад эгідай федэрацыі, Вольга Новікава, Руслан Рагалевіч, Вольга Любавіна ў суправаджэнні шоў-балета “Феерыя” спявалі для валожынцаў свае лепшыя песні. Маладым вакалістам была дадзена магчымасць падарыць гледачам сімвалы акцыі – сувенірныя буслікі. Артысты ўручылі іх самым актыўным удзельнікам свята – тым, хто разам з прафесіяналамі падымалі настрой землякам і гасцям горада.

У рамках акцыі адбылося ўзнагароджванне жыхароў раёна, якія плённа працуюць на карысць грамадства і ўносяць значны ўклад у развіццё сацыяльнага партнёрства. Падзякі федэрацыі з рук старшыні раённага аб’яднання прафсаюзаў Веранікі Віктараўны Загорскай атрымалі: Пётр Іосіфавіч Бібік – намеснік старшыні райвыканкама, Мікалай Васільевіч Ракавец – былы старшыня раённай арганізацыі прафсаюза работнікаў АПК, Генадзій Вацлававіч Каспяровіч – дырэктар ААТ “Агра-Дубінское”, Міхаіл Ігнацьевіч Радына – дырэктар Валожынскага філіяла прадпрыемства “Мінаблпаліва”.

Адбылося таксама ўшаноўванне працоўных дынастый. Цырымонія “Чалавек слаўны працай” ладзілася ў гонар сем’яў Васілеўскіх, Загорскіх, жыццё якіх цесна звязана з ААТ “Валожынская райаграпрамтэхніка”, дынастыі Матуць (філіял ААТ “Маладзечанскі малочны камбінат”). Агульны працоўны стаж членаў дынастыі Васілеўскіх складае 124 гады. У арганізацыі працуюць муж і жонка – Уладзімір Уладзіміравіч і Ірына Пятроўна, а таксама іх сыны Андрэй і Павел. Дынастыю Загорскіх прадставілі Аляксандр Аляксандравіч, яго жонка Марына Міхайлаўна, дачка Вольга Бітэль з мужам Андрэем. У свой час на прадпрыемстве працаваў і сын Дзмітрый. Заснавальніцай дынастыі Матуць стала Ірына Уладзіміраўна, па прыкладу якой на вытворчасць прыйшоў і муж Эдуард Іосіфавіч, а пазней сын Ягор і яго жонка Наталля.

Падарункамі федэрацыі ў святочны дзень адзначаны і дружныя дуэты “настаўнік-вучань”. На сцэну былі запрошаны Вольга Уладзіміраўна Бітэль – настаўнік фізічнай культуры СШ № 1 г. Валожына і Уладзіслаў Васільевіч Бараноўскі – малады спецыяліст гэтай установы адукацыі; Уладзімір Вадзімавіч Лушчыцкі – урач-тэрапеўт, загадчык тэрапеўтычнага аддзялення УАЗ “Валожынская ЦРБ” і Ілля Алегавіч Дэмбіцкі – загадчык аддзялення хуткай дапамогі; Віктар Фёдаравіч Сівы – машыніст экскаватара ўчастка аўтатранспарту РУП “Валожынскі жылкамунгас” і яго вучань Дзмітрый Генрыхавіч Муравінскі.

Так атрымалася, што сярод тых, каму давялося падняцца на сцэну за заслужанай узнагародай, былі і імяніннікі. Радасць ад святкавання Дня нараджэння падзялілі з усімі, хто сабраўся на плошчы Свабоды, М. В. Ракавец і Г. В. Каспяровіч, а У. У. Васілеўскі ўвогуле адзначаў свой 65-гадовы юбілей.

Сапраўдным падарункам для ўсіх, хто завітаў на акцыю “Мы – разам!”, стала выступленне групы “Бай-сіці”, а таксама Заслужанай артысткі Рэспублікі Беларусь Вікторыі Алешкі і папулярнага спевака Аляксея Хлястова.

Валянціна КРАЎНЕВІЧ


Раздзялілі радасць святкавання

Радасць святкавання Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь і 617-й гадавіны Валожына з жыхарамі і гасцямі райцэнтра сёлета падзялілі і прадстаўнікі іншых дзяржаў.

На ўрачыстасць завіталі 7 дэлегацый з рэгіёнаў краін блізкага замежжа, з большасцю якіх на працягу многіх гадоў падтрымліваюцца цесныя сяброўскія і пабрацімскія сувязі. Перад пачаткам мерапрыемстваў у раённым выканаўчым камітэце з дэлегатамі сустрэліся намеснікі старшыні райвыканкама Аляксандр Мікалаевіч Шыфрын і Пётр Іосіфавіч Бібік, старшыня раённага Савета дэпутатаў Сяргей Францавіч Глінскі, супрацоўнікі адміністрацыйнага апарату Валожыншчыны.

На сустрэчы прысутнічалі прадстаўнікі ўкраінскага горада Макараў, польскай гміны Жгув Конінскага павяту, госці з расійскіх Лобні і Зарайска, а таксама члены адміністрацыі балгарскага горада Попава, шаноўныя госці з Вільнюскага раёна Літоўскай Рэспублікі і воласці Йыгэва, што ў Эстоніі.

Па добрай традыцыі кожная дэлегацыя падзялілася інфармацыяй пра адметнасці сваіх рэгіёнаў, а таксама планамі ў рамках супрацоўніцтва на бліжэйшую будучыню. Пакуль "рассакрэчваць" падрабязнасці не будзем, але пры спрыяльных абставінах рэалізацыя намечаных задум прынясе немалую карысць усім бакам.

Не абышлося на сустрэчы і без прыемных, нечаканых сюрпрызаў. За шматгадовае плённае супрацоўніцтва і ўсебаковае развіццё цесных сяброўскіх адносін старшыня райсавета дэпутатаў С. Ф. Глінскі быў узнагароджаны званнем Ганаровага грамадзяніна воласці Йыгэва. Пасведчанне за нумарам 15 і адпаведны нагрудны знак яму ўручылі старэйшына воласці Эн Кург і старшыня мясцовага Савета дэпутатаў Ційт Ляяне (на здымку).

Сяргей САДОЎСКІ,

фота аўтара

 

Прочитано 216 раз

Прямая речь

Исаченко Анатолий Михайлович

Председатель Минского областного исполнительного комитета

«…Ученикам - с радостью идти в школу, учителям – терпения, родителям – понимания…»

01.09.2017
Узда, День знаний