Моладзь Мінскай вобласці 14-15 ліпеня прыме ўдзел у арганізацыі і правядзенні Дзён моладзі на фестывалі мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску»

Четверг, 13 июля 2017 11:50  |  Источник  БРСМ

Самая актыўная і прагрэсіўная моладзь Мінскай вобласці 14-15 ліпеня 2017 года прыме ўдзел у арганізацыі і правядзенні Дзён моладзі на традыцыйным свяце славянскіх і братэрскіх народаў - фестывалі мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску”.

Вераніцу неардынарных і, галоўнае, адукаваных, прагрэсіўных маладых людзей Мінскай вобласці, якія, нягледзячы на свой узрост, дасягнулі пэўных поспехаў у разнастайных сферах дзейнасці, прадэманструе маладзёжны арт-парад, у якім прымуць удзел звыш 100 прадстаўнікоў самай мабільнай часткі грамадства рэгіёну. Сёлета канцэпцыя маладзёжнага шэсця Міншчыны запланавана ў фармаце “Бульба-шоў”: падкрэсліць унікальнасць цэнтральнага рэгіёну, людзей, якія тут жывуць, асаблівае становішча і адносіны да моладзі як нашай будучыні, прадэманстраваць непарыўную сувязь пакаленняў, гісторыі і сучаснасці, моцы і прыгажосці беларускай душы – усё гэта ўбачаць прысутныя на свяце ў выкананні прадстаўнікоў Мінскай вобласці.

“Запальваць” любоў да прыгожых па і рэверансаў і адначасова змагацца за тытул лепшага танцавальнага калектыву рэспублікі на Днях моладзі ў Віцебску будуць пераможцы абласнога этапу і фіналісты маладзёжнага харэаграфічнага конкурсу “Агонь танцу-2017” у пяці намінацыях: “Шоў-праграма”, “Спартыўная лаціна”, “Усходні танец”, “Стрыт-дэнс”, “Беларускі народны танец”. На галоўнай сцэне маладзёжнага свята ўзорны харэаграфічны калектыў “Гарошынка” з г.Стоўбцы (дыплом I ступені на VI міжнародным фальклорным фестывалі ў Рыміні, Гран-пры VII міжнароднага конкурсу-фестывалю мастацтваў «Зорка Парыжа», лаўрэаты I ступені Міжнароднага фестывалю «Майская фантазія»), танцавальныя калектывы “Рэверанс” (г.Барысаў), “SWAY DANCE” (г.Салігорск), шоў-дуэт “Прэстыж” (Мінскі раён) абяцаюць па-сапраўднаму яркае відовішча, тым больш, што ў мінулым годзе стаўбцоўскія і прысталічныя танцоры здабылі перамогу ажно ў трох намінацыях (“Шоў-праграма”, “Спартыўная лаціна”, “Усходні танец”) і закахалі ў сябе ўсіх прысутных і журы сваім майстэрствам і прафесіяналізмам.

Матываваны на поспех і толькі поспех лепшыя ды-джэі Мінскай вобласці – Сяргей Сямашка (Dj Airo Amis, г.Беразіно) і Віталь Слабко (г.Нясвіж). Тым больш, што Сяргей Сямашка ўдзельнічае ў рэспубліканскім музыкальным конкурсе “Ды-джэй-батл “Беларусь і Я” ўжо чацвёрты год запар, праходзіць у фінал і заўсёды застаецца ў кроку ад перамогі! Сёлета вельмі тэхнічны і таленавіты ды-джэй-самавучка Dj Airo Amis рашуча ўключыўся ў барацьбу за тытул лепшага майстра міксаванай музыкі рэспублікі, сведчаннем таму – кардынальна адноўлены фармат выступлення, змена музычнага іміджу і доўгачаканая пераможная прыступка перад фіналам – першае месца ў праекце “Disco-folk “ВЫШЫВАНКА.BY”, які адбыўся ў рамках маладзёжнага свята “Дзень вышыванкі” 2-га ліпеня 2017 г. у Мінску.

Ствараць святочны настрой і заахвочваць усіх прысутных на свяце моладзі будуць і інтэрактыўныя пляцоўкі з удзелам народных майстроў і прадстаўнікоў творчых аб’яднанняў Мінскай вобласці. Так, трэці год запар цыркавая студыя “Летуценнікі” з Барысава збярэ ўсіх маладых бацькоў і дзяцей на забаўляльную праграму, якая разгорнецца на Цэнтральнай плошчы Віцебска. Традыцыйна госці і жыхары паўночнай сталіцы нашай краіны дэманструюць вялікую цікавасць да фокусаў, акрабатычных выкрунтасаў і конкурсаў барысаўскіх “летуценнікаў”. Для больш дарослых дзяцей і падлеткаў упершыню будзе працаваць тытулаваны цэнтр патрыятычнага выхавання моладзі “Вектар” (г.Жодзіна): асновы даваеннай і медыцынскай падрыхтоўкі, інтэрактыўная гульня “Аўтамабіль бяспекі”, фотазона з магчымасцю апрануцца ў ваенную форму – усё гэта дакладна прыцягне ўвагу маладых хлопцаў і дзяўчат. Спартыўны дух і ахвоту да здаровага ладу жыцця прадэманструюць прадстаўнікі папулярнага сярод сучаснай моладзі напрамку – ВМХ. Хлопцы с радзімы БелАЗаў абяцаюць навучыць усіх зацікаўленых у вела-выкрунтасах маладых людзей.

Гасцей і жыхароў Віцебска ад прадстаўнікоў Міншчыны ў Дні моладзі на фестывалі мастацтваў “Славянскі базар” на інтэрактыўнай пляцоўцы “Беларусь – крыніца натхнення” таксама чакаюць цікавыя народныя гульні ад валанцерскага этнаграфічнага атраду з Вілейкі, шыкоўныя прысмакі і пачастункі нацыянальнымі стравамі ад сям’і Салата з Клецкага раёна – пераможцаў абласнога і прызёраў (2-е месца) фіналу рэспубліканскага сямейнага сельскагаспадарчага праекту “Уладар сяла-2016”, майстар-класы па вырабу лялек-берагінь і ткацтву беларускіх паясоў ад майстроў Мінскага абласнога цэнтра народнай творчасці, гумарэскі і вясёлыя жарты ад прызёраў абласного фестывалю КВЗ – каманды “Валера” (г.Капыль).

Мінская вобласць – самы цэнтральны і сучасны рэгіён Рэспублікі Беларусь. Усё самае новае, цікавае і неабходнае пачынаецца менавіта на Міншчыне: ад прамысловасці і сельскай гаспадаркі да культурных здабыткаў і навуковых дасягненняў. Арганізатары ўдзелу прысталічнага рэгіёну ў святкаванні Дзён моладзі ў Віцебску ўпэўнены, што прадэманструюць славянскай садружнасці лепшыя традыцыі выхавання сучаснай моладзі, пакажуць, як лепшыя прадстаўнікі прысталічнай вобласці – самая прагрэсіўная частка грамадства – заўсёды трымаюць руку на пульсе, шануюць і ўмацоўваюць традыцыі сваіх продкаў,  аб’ядноўваючы тым самым трывалым колам наш народ, культуру і гісторыю роднай Беларусі. 

Прочитано 222 раз

Прямая речь

Исаченко Анатолий Михайлович

Председатель Минского областного исполнительного комитета

«…Ученикам - с радостью идти в школу, учителям – терпения, родителям – понимания…»

01.09.2017
Узда, День знаний