Региональные новости: Воложинский район

Вторник, 08 августа 2017 09:00  |  Источник  Працоўная слава

Праз прызму часу

“Эпідэмія” падарожжаў у далёкае і блізкае замежжа захапіла людзей. А сваё роднае, блізкае застаецца нязведаным, неацэненым…

Кожны куток нашай зямлі мае свае адметнасці, сваю гісторыю. Каб распазнаць іх, трэба пабываць у гэтых мясцінах і прапусціць праз сэрца. Я прысвяціў жыццё вывучэнню роднага краю і прапаную вам вандроўку па маёй любай Пяршайшчыне.

ПЯРШАІ. Ляжыць гэта старажытнае паселішча на скрыжаванні важнейшых рэспубліканскіх дарог з Гродна на Мінск, з Мінска на Вільню, з Вільні на Нясвіж і Слуцк. З глыбокіх стагоддзяў тут сяліліся рамеснікі, гандляры. Першы ўспамін у друку сустракаецца ў 1440 годзе. “Подле Першаю ў Холховской воласці” згадваецца Івашка Судзімонтавіч, які адпісаў сваю маёмасць “Матце Божьей” (г. зн. касцёлу ці царкве). Землі гэтыя потым пераходзілі з рук у рукі, тут гаспадарылі Якуб Ганусавіч, біскуп В. Табар, біскуп Юры Радзівіл. Пасля падзелу Рэчы Паспалітай біскупскія сталовыя землі ў Пяршаях былі прададзены Кацярынай II яе палацаваму лекару Разерсонаву, які ў сваю чаргу прадаў іх графу Велятыцкаму Тышкевічу за 300 тысяч залатых.

Пяршаі – цэнтр Пяршайскай воласці, заснаванай у 1545 годзе, выдзеленай з Холхаўскай воласці. Гэта тэрыторыя сучасных Пяршайскага і Дорскага сельсаветаў.

Аматары акунуцца ў даўніну могуць наведаць краязнаўчы музей у Пяршайскай школе, парк Перамогі, магілу ксяндзоў-мучанікаў, народны тэатр, дом, дзе прайшлі дзіцячыя і школьныя гады першага раманіста і эсэіста Ядвігіна Ш. А кіраўнік мясцовай гаспадаркі Я. Я. Скрундзь абавязкова раскажа аб дасягненнях дня сённяшняга, эканамічных перспектывах.

ЗАМОСНЫЯ, КАРЧОМНЫЯ. Цікавым прыпынкам краязнаўчага маршруту могуць стаць вёскі Карчомныя і Замосныя пад адным найменнем Яцкава. Тут гасцінна сустракае сваіх наведвальнікаў санаторый “Налібоцкая пушча”, тут стаіць помнік загінуўшым партызанам, тут Іслач прымае воды Пяршайкі.

Па дарозе на Вялае размяшчаецца пасёлак лесарубаў Першамайскі. Непадалёку, пры павароце на “Партызанскую дарогу”, стаіць помнік Баранавіцкаму партызанскаму злучэнню. У вайну ва ўрочышчы Цыганы працавала партызанская школа для дзяцей партызан. Школу наведвалі 36 вучняў: 14 хлопчыкаў і 22 дзяўчынкі. Настаўнікамі працавалі Лізавета Іванаўна Біч, Настасся Пятроўна Кулікоўская, Людміла Сільвестраўна Кіпкеева.

ІВЯНЕЦ. Наступным прыпынкам на шляху абярыце гарадскі пасёлак Івянец, які размешчаны ў 31-м кіламетры ад Валожына на беразе ракі Волмы. Паселішча вядома з ХIV стагоддзя, стаіць на землях, якія належалі князю Вітаўту, а пазней – князю Вялікага Княства Літоўскага Андрэю Уладзіміравічу Салагубу.

Выдатнасцямі Івянца з’яўляюцца Белы і Чырвоны касцёлы, музей, дом Пупко, старажытнае капішча.

МІШАНЫ. Вёска размешчана на дарозе Пяршаі-Люцінка. Аб паходжанні назвы ёсць два меркаванні. Першае грунтуецца на тым, што тут калісьці існаваў жаночы манастыр, таму першапачаткова вёска называлася Мнішаны (манашкі, мнішкі). Кандрат Кандратавіч Крапіва пісаў: “Я працую ў Мнішанскай школе…” Школа тая, на жаль, не захавалася.

Другі варыянт паходжання проста сугучны імені Міша.

ЛАПІЦЫ. У паўтара кіламетра ад Леснікоў знаходзілася сядзіба шляхціцаў Цымерманаў. Летам 1943 года карнікі спалілі разам з пабудовамі больш за 60 жыхароў з вёсак Шараі, Дубоўцы, Задарожжа, Мішаны. Зараз тут стаіць помнік.

ТУПАЛЬШЧЫНА. Тут жылі шляхцічы Жаброўскія, сябры В. І. Дуніна-Марцінкевіча. На мясцовыя могілкі з усёй ваколіцы прывозілі на вечны спачын шляхту.

У 1952 годзе ў Пяршайскай СШ была арганізавана група энтузіястаў для пошуку магілы Дуніна-Марцінкевіча. Групу ўзначаліў выкладчык беларускай мовы і літаратуры Мікалай Іванавіч Ламака. У склад групы ўвайшлі Мікалай Мікалаевіч Ганчарык, Уладзімір Іосіфавіч Маліцкі, Станіслаў Іванавіч Бобрык. Быў знойдзены ўросшы ў зямлю крыж з таблічкай, на якой значылася прозвішча аўтара “Пінскай шляхты”.

ЛЕСНІКІ. Зямлі ў ваколіцах вёскі многа, але яна не ўрадлівая. Магчыма, таму яе аддалі ў вечнае карыстанне збяднелым шляхціцам – Цымерманам, Сапоцькам, Крэйчманам. Яны былі і леснікамі, і земляробамі. Ганарыліся сваім шляхецкім паходжаннем, нават судзіліся, калі іх называлі “мужыкамі”.

ВЯЛАЕ. Былая летняя рэзідэнцыя графоў Тышкевічаў. Сёння тут засталіся руіны палацаў, гаспадарчых будынкаў, векавыя дубы.

За якіх 2-3 кіламетры, дзе ўпадае рэчка Люцінка, у Сутоках, стаяў калісьці двухпавярховы дом для паляўнічых. Тут прайшло дзяцінства беларускай паэткі Канстанцыі Антонаўны Калечыц (Буйло), аўтаркі добра вядомай песні “Люблю”.

Каля Вялага Іслач блізка падыходзіць да старажытнага шляху Валожын-Мір. У 1812 годзе моцнае злучэнне рускай арміі пад кіраўніцтвам генерала Дорахава некаторы час утрымлівала горад Валожын і мястэчка Івянец, каб войскі маршала Даву не змаглі ўдарыць з фланга адступаючай Другой арміі Баграціёна. Менавіта тут рускія войскі пераходзілі Іслач, едучы з Валожына на Койданава.

ДОРЫ. Старажытнае сяло. Назва яго азначае новая, развораная, паднятая цаліна (ад слоў “драць”, “дзёран”). Першы ўспамін аб паселішчы сустракаецца ў прававой грамаце Кірылава манастыра за 1490 год.

За сваю гісторыю існавання Доры шмат разоў мянялі гаспадароў: ад графоў Тышкевічаў да пяршайскага селяніна Івана Кушаля, які выкупіў тутэйшыя землі. У 1943 годзе вёска была спалена разам з жыхарамі. На месцы трагедыі ўзведзены мемарыял.

ЛЮЦІНКА. Вёска размешчана на высокім пагорку над аднайменнай рэчкай. Назва паходзіць ад жаночага імя Люцына. Кажуць, быццам бы ў збяднелага шляхцюка Далівы быў сын Уладзіслаў, а ў магната, які жыў па суседстве, – дачка Люцынка.

У красавіку 1840 года В. І. Дунін-Марцінкевіч набыў маёнтак у Люцінцы ў межавага суддзі Алозія Сялявы. Маёнтак быў у страшным запусценні. Драматургу давялося займацца аднаўленнем гаспадаркі, а паралельна і вывучаць гісторыю паселішча. З сабраных легендаў Дунін-Марцінкевіч прыйшоў да высновы, што і сапраўды жыла нейкая Люцынка, якая вельмі чула адносілася да людзей. Да яе ішлі і з радасцю, і з горам, ад яе чакалі добрай парады.

У Люцінцы В. І. Дунін-Марцінкевіч пражыў больш за сорак гадоў, напісаў самыя вядомыя свае творы.

Мікалай ГАНЧАРЫК, жыхар вёскі Пяршаі

Прочитано 512 раз